Даследчыца Наталля Гардзіенка падзялілася ў фэйсбуку успамінам пра Алега Шнэка

7 лютага споўнілася б 90 гадоў мельбурнскаму беларусу, грамадскаму дзеячу Алегу Шнэку, малодшаму брату пісьменніка Уладзіміра Шнэка-Случанскага. Я вельмі радая, што спаткалася з ім у 2003-м, і потым ліставалася да самага ягонага раптоўнага сыходу ўлетку 2005-га. Спадар Алег быў цікавы суразмоўца і вельмі дзейная асоба.


02-84923937_2861975187192178_8214208950275407872_o.jpg


Алег Шнэк нарадзіўся ў Ленінградзе 7 лютага 1930 года ў сям’і вайскоўца Сцяпана Шнэка, які на той час вучыўся ў Вайсковай акадэміі. Пасля разам з бацькамі некаторы час жыў у Чыце, а ў 1939 г. прыехаў у Слуцак. У часе вайны быў дружыновым СБМ. Пазней разам з сям’ёй апынуўся ў Нямеччыне. У беларускім лагеры DP у Ватэнштэце быў удзельнікам Першага сцягу беларускіх скаўтаў і Беларускага спартовага аб’яднання пры YMCA. У 1950 г. прыбыў у Аўстралію. У Мельбурне далучыўся да беларускага скаўцкага звязу “Усяслаў Чарадзей”. Удзельнічаў у арганізацыі футбольнай, а пазней валейбольнай дружыны, быў сакратаром Спартовага клуба Беларускага вызвольнага руху “Зубр”. Актыўны сябра розных беларускіх грамадскіх арганізацый Мельбурна, у тым ліку Беларускага вызвольнага руху (потым Фронту), у якім ад 1992 г. быў начальнікам Краёвага штаба, а ад 1993 г. і ўсяго БВФ. Сябра Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, старшынём якога абраны ў 2003 г. Сябра парафіі БАПЦ ў Мельбурне, удзельнік Беларускага сацыяльнага клуба. Доўгагадовы ўдзельнік Выканаўчага камітэта Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі, дэлегатам ад якой быў на Першым з’ездзе беларусаў свету ў Менску ў 1993 г.

Алег Шнэк памёр ад сардэчнага прыступу 16 жніўня 2005 года. Добра памятаю дзень, калі атрымала гэтую вестку. Я была ў Лондане і ніяк не магла паверыць, бо толькі нядаўна адпісвала на ягоны ліст. Пахаваны Алег Шнэк у адной магіле з бацькам на беларускай частцы Fawkner Cemetery у Мельбурне.

https://www.facebook.com/natalla.hardziyenka