«Дабіраліся ў Сібір на падводах, з доўгімі прыпынкамі падчас разліву рэк...»

Ніколі не ведаеш, якімі пакручастымі сцежкамі правядзе даследчыка мінуўшчына, асабліва калі гаворка ідзе пра аддаленыя ад нас у часе падзеі. Вось і праца па вывучэнні лёсаў прадстаўнікоў шляхты, высланых з засценка Суцін за ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, нечакана прывяла даследчыцу да раскрыцця таямніц некалькіх дзясяткаў сем’яў.

Выданне «Ігуменская шляхта ў Сібіры. Ссыльныя за ўдзел у паўстанні 1863 года» стала вынікам шматгадовай пошукавай працы ў архівах Беларусі і замежжа. Аб’ём кнігі — больш як 700 старонак, гэта даследаванне лёсаў амаль сямісот асоб, што сягае ў глыбіню гісторыі на два стагоддзі. Яго аўтарка Алена Кароўчанка працуе рэдактарам на тэлебачанні, аднак пошукавую працу ў архівах і генеалагічныя даследаванні лічыць значнай часткай свайго жыцця. Пра лёсы прадстаўнікоў шляхты з засценка Суцін Ігуменскага павета, што былі высланыя ў Сібір, нечаканыя знаходкі і тэмы, якія не адпускаюць, — наша гутарка з Аленай Валер’еўнай.


02-3f66734896479dc5e518ed9c086cbfab.jpg


Алена Кароўчанка



— Кожнае вялікае падарожжа (а даследаванне лёсаў шляхты ваколіцы Суцін Ігуменскага павета — менавіта вялікая вандроўка ў часе і па людскіх лёсах) пачынаецца з першага кроку. Можаце згадаць, што стала штуршком да канчатковага рашэння скласці цэласную кнігу?

— Вельмі добра памятаю гэты момант. Пачаўшы вывучаць метрычныя кнігі касцёла ў Томску, планавала выпісаць імёны ўсіх прадстаўнікоў роду Вернікоўскіх, для кнігі пра іх. І літаральна з першых старонак метрычных кніг на мяне «пасыпаліся» Гарэцкія, Скіндэры, Пятроўскія, Акаловы, Татуры, Вернікоўскія. Яны былі запісаныя як «дворяне Минской губернии», «дворяне Игуменского уезда» ці як «политические переселенцы». Спіс высланых за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. з засценка Суцін на той час у мяне ўжо быў (знайшла на сайце talka.info), інфармацыя з нашых архіваў і гербоўнікаў таксама. Але ўсе гэтыя галінкі абрываліся на высылцы ў Сібір. Тут я атрымала магчымасць даведацца, як склаліся лёсы высланых сем’яў, што стала з іх нашчадкамі, прадоўжыць даследаванні да нашага часу. Ужо падчас работы над кнігай даведалася, што раней у Сібір прыязджала група літоўскіх навукоўцаў. Але яны выпісвалі «свае» прозвішчы, пазней апублікавалі атрыманыя звесткі. Цяпер я вельмі радая, што не стала чакаць, пакуль нехта зробіць такое даследаванне «нашых» родаў.


03-e7e982f4cc643b66f2d9294fb3acd4a0.jpg

Суцін, восень 2019 года. Фота – Алены Кароўчанка


— Наколькі важная ў гэтым даследаванні менавіта ваша сямейная гісторыя?

— Паўтара года таму, калі кніга пабачыла свет, падавалася, што мяне асабіста гэтая тэма ніяк не тычыцца. Але месяц таму ў Бабруйску я знайшла далёкіх сваякоў, ад якіх даведалася легенду, што наш продак — удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Не ведаю, куды гэтым разам прывядуць пошукі, але гэтую інфармацыю цяпер правяраю.

— Ці можна ў агульных рысах апісаць, што чакала высланых з Суціна шляхціцаў у Сібіры? Як складваўся іх лёс там?

— Першапачаткова ўсе былі дастаўленыя ў Томскую губерню. Дабіраліся доўга, на падводах, з доўгімі прыпынкамі падчас разліву рэк. Ехалі цэлымі сем’ямі, з маленькімі дзецьмі і старымі бацькамі. Выдавалася грашовая дапамога, але толькі тым, хто мае неабходную колькасць работнікаў. Ёсць дакументы, якія расказваюць пра цяжкае жыццё падчас высылкі. Доўгі час там існавала забарона на перапіску на польскай мове, забарона працаваць. З мясцовымі жыхарамі таксама не заўсёды проста было выбудаваць прыязныя адносіны. Але пасля амністыі 1871 года ўмовы сталі лягчэйшыя, сачыць за высланымі было складана, таму многія пачалі самавольна пакідаць месцы высылкі. Некаторыя сем’і прынялі рашэнне вярнуцца на радзіму. Вось такое прашэнне пададзенае Вернікоўскім Ігнаціем Казіміравічам. Тэкст хачу прывесці цалкам.

Прошение

1864 года я, Игнатий Верниковский сослан из Минской губернии Игуменского уезда в Сибирь по политическим делам с лишением некоторых прав на временное жительство: с женою Изабелею и тремя сыновьями малолетними Владиславом, Адольфом, Флорияном, без лишения прав, но только административным порядком. И мы все слабого здоровья, находимся в климате холодном и невыносимом, самом жалком, бедном и критическом положении без пособия и малейшего приюта. Итак: претерпев 9 лет изгнания без ропота и християнскою покорностью теперь во Имя Правотворного Монарха и вследствие трёх всемилостивейших манифестов, в 1866, 1867 и 1871 годах обнародованных, осмеливаемся прибегнуть к блаженным стопам Государя и просить со слезами о высочайшем помиловании и дозволении переместиться по бедности на казенный счет в южную Россию, там, куда Монаршая воля повелевает. А Вашего Сиятельства доброжелательная сердце предназначит.

Ваше Сиятельство! Повлияет на отцовское сердце Государя. Услышит стон несчастных страдальцев! Не оставит нашей покорнейшей просьбы тщетным отголоском на пустыне! Да услышит Бог и Царь всю нижайшую просьбу и рабскую молитву о монаршеем долголетии и Вашего Сиятельства дрогоценное здоровие. И да исполнится воля Высочайшего Повелителя в пользу несчастных изгнанников. Дворянин Игнатий Верниковский, жена Изабеля, сыновья Владислав, Адольф и Флориян. 1872 года 8 декабря, местожительства Томской губернии уездный город Мариинск.

Нарэшце ў 1873 годзе сям’я атрымала дазвол на выезд і ў 1874 годзе скіравалася на радзіму. Але ў дарозе 60-гадовы Ігнацій Вернікоўскі памёр ад «старэчага знясілення» і быў пахаваны на гарадскіх могілках г. Сарапул. Яго сыны вярнуліся ў засценак Cуцін у 1875 годзе, а ў 1880-м хадайнічалі аб вяртанні канфіскаванай маёмасці.


04-612285c01f99421f957ee5944825b047.jpg

Паштоўка з краявідам горада Сарапул (Удмурція), дзе пахаваны Ігнацій Вернікоўскі


— Ці сапраўды яны былі вінаватыя ў актыўнай падтрымцы паўстанцаў і ў вачах імператарскай улады заслугоўвалі высылкі?

— Ёсць вельмі добры біяграфічны даведнік Дзмітрыя Матвейчыка «Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў». Раю яго хаця б пагартаць. Так стане зразумелы ўвесь маштаб рэпрэсій. Прыводзяцца выпадкі, калі чалавек ішоў па вуліцы, яго злавілі «з белай анучкай у кішэні» і асудзілі за тое, што насіў ежу паўстанцам.

— Гэта адзінкавы выпадак, што па выніках паўстання было высланае цэлае мястэчка, бо ўсе яго насельнікі па сутнасці з’яўляліся сваякамі? Або гэта агульная практыка палітыкі Мураўёва?

— Магу сказаць толькі пра Ігуменскі павет. Тут людзей масава пазбаўлялі правоў саслоўя, канфіскоўвалі маёмасць і высылалі ў Сібір. З Гайдуковай Слабады — за тое, што непадалёк пераначавала групка паўстанцаў; з Рэпішча, Сёмкавай Слабодкі і Снусціка — за тое, што паўстанцы часта з’яўляліся непадалёк; з Французскай Грэблі, Падкосся і Ганутава да паўстанцаў далучыліся, адпаведна, трое, двое і адзін чалавек, таму было загадана выслаць адсюль тры, дзве і адну сям’ю — адпаведна колькасці тых, хто падтрымаў Каліноўскага.

— Лёсы многіх з апісаных вамі асоб раней былі легендамі ў іх сем’ях, а цяпер сталі цалкам рэальнымі постацямі. Часта атрымліваеце такія лісты ад нашчадкаў?

— Чым больш даведваюцца пра маю кнігу, тым больш лістоў атрымліваю. Дзякуюць за тое, што цяпер могуць удакладніць дату і месца нараджэння продкаў, ясней акрэсліць геаграфію іх жыцця і працы. Бывае, дапамагаю выправіць «памылкі часу», калі ў розных крыніцах указваліся розныя звесткі аб нараджэнні. Такія лісты прыносяць многа станоўчых эмоцый, матывуюць на новыя пошукі, даюць маральную падтрымку, даказваючы, што я недарэмна патраціла свой час, сілы і грошы на працу ў архівах і выданне кнігі.


05-e089ca883e9be8ecde1dcfc4ba308428.jpg

Суцін, восень 2019 года. Фота – Алены Кароўчанка


— Напэўна, даследаванне пасля выхаду кнігі не адпускае яшчэ доўгі час? Магчыма, знайшліся новыя звесткі? Ці праца цалкам прыпынілася?

— Сапраўды не адпускае, і праца ні на дзень не спыняецца. Здараюцца і сапраўдныя адкрыцці. Так мне ўдалося натрапіць на след баксёра Вернікоўскага, які, ратуючыся ад рэпрэсій 1930-х, выехаў спачатку ў Аўстрыю, а потым — у ЗША. І літаральна праз некалькі дзён пасля майго допісу пра неверагодныя прыгоды Рамуальда Вернікоўскага і яго сястры Яніны гэтую старонку ў Facebook знайшоў унук Рамуальда. Геаграфія вандровак іх сям’і сапраўды ўражвае: спачатку яны былі высланыя ў Томскую губерню, потым пераехалі ва Уфу, затым трапілі ў Каканд Ферганскай вобласці, пазней — у Аўстрыю і ЗША.

А яшчэ падчас працы над кнігай я задавалася пытаннем: якім чынам Іосіф Антонавіч Вернікоўскі аказаўся ў Сібіры яшчэ да паўстання? Калі ўся яго сям’я была высланая з Суціна, ён ужо дзесяцігоддзе кіраваў рознымі маёнткамі, быў сапраўдным мясцовым жыхаром і нават лічыўся шляхціцам Уфімскай губерні. Літаральна тыдзень таму я гэтую загадку разгадала. Аказалася, што яшчэ ў 1854 годзе па пратэкцыі свайго дзядзькі Яна, вядомага мовазнаўцы, перакладчыка, дырэктара Сімбірскай гімназіі, Іосіф стаў пісарам гэтай навучальнай установы. Сувязі дазволілі яму паклапаціцца пра лепшую долю для сваіх высланых сваякоў: так ва Уфу пераехалі Вернікоўскія, Умінскія, Татуры.


06-66ea520496d317903df92ffd9a809468.jpg

Рамуальд Юліянавіч Вернікоўскі


— Дарэчы, як сустрэлі кнігу ў Сібіры? Думаю, што выбар рускай мовы для выдання быў абумоўлены менавіта рашэннем даць магчымасць і расійскім чытачам пазнаёміцца з даследаваннем?

— Так, усё правільна. Кнігу я выдавала за свае сродкі, і яна адрасавалася ў першую чаргу нашчадкам высланых шляхціцаў, яны цяпер жывуць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Новасібірску, Уфе, Краснаярску, Ішыме, Томску, а таксама ў розных мясцінах Польшчы, Літвы, Бельгіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі і, безумоўна, Беларусі. Не так даўно кніга «паляцела» ў Екацярынбург, Кемерава, Гродна, горад Шумерля Чувашскай Рэспублікі. Выданнем зацікавіліся польскія гісторыкі, магчыма, з іх дапамогай даследаванне пабачыць свет па-польску. А ў Сібіры кнігу сустрэлі вельмі цёпла, там ужо выдадзеная энцыклапедыя «Палякі ў Сібіры», напісаныя кандыдацкія дысертацыі пра ўзнікненне і развіццё польскай абшчыны, але работы падобнага кшталту не было.

— У каментарах да старонкі кнігі ў Facebook вам часта задаюць пытанне: як вы знаходзіце нечаканыя факты, сведчанні, якім чынам трапляеце на іх у нечаканых месцах. І сапраўды, як? Ці гэта сакрэт даследчыцкай працы, калі на лаўца і звер бяжыць?

— Прывяду такі прыклад. Некалькі гадоў таму мяне папрасілі ўдакладніць для энцыклапедыі дату хрышчэння Клімента — епіскапа Рускай праваслаўнай царквы (свецкае імя — Аляксандр Вернікоўскі). Заказала справу, знайшла дату ў метрычнай кнізе Ігуменскага павета. І ўжо збіралася здаваць дакументы архівісту, але вырашыла праглядзець яшчэ колькі лістоў. Здарыўся цуд: знайшла запіс аб шлюбе свайго прамога продка, які адбыўся прыкладна за 50 к. ад яго асноўнага месца жыхарства ў Слуцкім павеце. Натуральна, існуе вельмі добра распрацаваная стратэгія пошукаў, але інтуіцыі ніхто не адмяняў. Часам нават думаю: гэта я іх знайшла ці яны мяне?

— Цягам апошніх некалькіх гадоў пабачыла свет некалькі кніг, прысвечаных менавіта постацям мінуўшчыны з пункту гледжання іх генеалогіі. Гэта нейкая агульная тэндэнцыя ў даследчыцкім асяроддзі ці проста зоркі сышліся, і навукоўцы амаль адначасова прадставілі публіцы вынікі сваёй працы?


07-f37bfa2be30102b809607fd8c73c4bcb.jpg


Суцін, восень 2019 года. Фота – Алены Кароўчанка



— Добрую кнігу па генеалогіі немагчыма напісаць за год-два, гэтай справай трэба жыць, збіраць матэрыял, працаваць у архівах. І гэта толькі падрыхтоўчы этап, бо затым трэба ўсё апрацаваць, дадаць здымкі, успаміны, зрабіць тэкст чытэльным. У мяне толькі на гэтую працу пайшло два гады, яшчэ паўгода — на вёрстку і рэдактуру. Цяпер выдаюць кнігі людзі, што прыйшлі ў архівы ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х. Менавіта на той час назіралася актыўная цікавасць да генеалогіі ў Беларусі. І гэтая хваля не знікла, думаю, такіх выданняў будзе ўсё больш.

Адзначу, што сама не з’яўляюся навуковым супрацоўнікам, а працую рэдактарам на тэлебачанні. Але генеалагічныя даследаванні — гэта важная частка майго жыцця.

— Ці будзе працяг кнігі? Магчыма, варта было б прадставіць вынікі ў форме, больш даступнай масаваму чытачу, напрыклад, напісаць раман, п’есу? Думаю, што герояў і перыпетый іх лёсаў для гэтага будзе цалкам дастаткова.

— Цяпер я пішу кнігу пра Вернікоўскіх, гэта гісторыя роду, дзесяці яго пакаленняў, каля дзвюх тысяч персон, мноства цікавых дакументаў з архіваў розных краін, унікальныя фотаздымкі. У кнігу ўвойдуць гісторыі высланых за ўдзел у паўстанні 1863–1964 гг, рэпрэсаваных у 1930-я, тых, хто загінуў падчас сусветных войнаў і эміграваў за мяжу ў розныя часы.

Амаль гатовы сцэнарый кароткаметражнага фільма пра Вялікую Айчынную вайну «Слава і Вера». Назва сімвалічна адлюстроўвае сутнасць усіх войнаў, але гэта імёны маіх дарагіх дзядулі і бабулі Вернікоўскіх.

Марына Весялуха, budzma.by