Да 2,5 тысяч высокакваліфікаваных беларускіх спецыялістаў могуць пераехаць у Літву

З пачатку пратэстаў у Беларусі Літва атрымала заяўкі 3700 грамадзян нашай краіны на выдачу часовага віду на жыхарства. Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы, сярод іх — усяго 23 спецыялісты вышэйшага класа. Аднак кампанія «Інвестуй у Літве» паведамляе, што ў Літву плануюць перавесці ад 500 да 2500 высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі.

Цяпер праходзяць перамовы з прадстаўнікамі 100 беларускіх кампаній.

Цікавасць беларускіх кампаній, якія працуюць у сферы IT, да Літвы па ранейшаму ёсць, цяпер кампанія «Інвестуй у Літве» працуе з сотняй кампаній. Раней кіраўнік арганізацыі Мантас Кацінас казаў Delfi, што пра такую магчымасць думаюць 80 беларускіх кампаній, паведамляе FINANCE.TUT.BY.

— Частка з іх яшчэ толькі аналізуе сітуацыю і магчымасці, частка знаходзіцца на этапе прыняцця рашэння або ўзгадняе тэхнічныя нюансы. Некалькі кампаній пакуль вырашылі застацца ў Беларусі і сачыць за сітуацыяй, — сказала прадстаўніца «Інвестуй у Літве» Рута Нямунітэ.

Па яе словах, гэта комплексныя праекты рэлакацыі, паколькі ахопліваюць не толькі працэс стварэння кампаніі, але і перасялення работнікаў і іх сем’яў.

— Па нашых дадзеных, у Літву плануюць перавесці ад 500 да 2500 работнікаў — гэта, не лічачы членаў іх сем’яў. Цалкам ажыццёўленым праектам мы лічым працаўладкаванне высокакваліфікаваных беларусаў у заснаванай у Літве кампаніі, таму гэты праект можа заняць некалькі месяцаў, асабліва калі гаворка ідзе пра кампаніі з некалькімі дзесяткамі работнікаў — заўважыла спецыяліст.

У Дэпартаменце міграцыі паведамляюць, што з 8 жніўня да 27 кастрычніка паступіла 3778 заявак ад грамадзян Беларусі на выдачу (1826) або змяненне (1952) часовага віду на жыхарства ў Літве. Сярод іх — заяўкі ад 23 высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі. 5 з іх працуюць у сферы IT.

Часцей за ўсё беларусы прыязджаюць у Літву, каб працаваць кіроўцамі вялікагрузных машын. Таксама туды едуць спецыялісты тых прафесій, якіх у Літве не хапае: бетоншчыкі, электрыкі, зваршчыкі.

Таксама беларускія спецыялісты едуць у Польшчу. Туды ўжо перабраліся каля 800 спецыялістаў у сферы ІТ. Польскае агенцтва кансультуе 22 кампаніі, якія хочуць пераехаць туды з Беларусі.

Яшчэ больш спецыялістаў з ІТ пераехала ва Украіну — каля 2000 чалавек.

— Галоўныя канкурэнты: Польшча, Латвія і Украіна. Апошняя прапануе больш нізкія выдаткі, але там ёсць нямала праблем з бізнесам. У Польшчы і Латвіі ўмовы падобныя на нашыя, таму, хутчэй за ўсё, вырашальныя «мяккія» фактары: зручнасць гарадоў, беспраблемны працэс міграцыі і інтэграцыі, дзейнасць агенцтваў па прыцягненні інвестыцый, — сказаў Delfi Катынас.

На мінулым тыдні была інфармацыя, што ў Літве адкрые свой офіс EPAM Systems, Inc. з беларускага Парку высокіх тэхналогій. У найбліжэйшыя 5 гадоў яна плануе стварыць каманду з 600 высокакваліфікаваных інжынераў ІТ. Аднак няма інфармацыі, што кампанія выводзіць свой бізнэс з Беларусі.

novychas.by