Чарнобыльская трагедыя: аповед ад першай асобы

Больш за 30 гадоў прайшло з таго дня, калі ў ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года на атамнай электрастанцыі недалёка ад невялікага ўкраінскага горада Прыпяць, адбылася найбуйнейшая за ўсю гісторыю чалавецтва радыяцыйная тэхнагенная катастрофа. Ядзерная энергія выйшла з-пад кантролю. І „ўся Еўропа крыла матам наш савецкі мірны атам!“ Цэлы свет гудзеў пра нашу трагедыю і з вялізным страхам перад радыяцыяй сачыў за трывожнымі навінамі з Чарнобыльскай АЭС у СССР. Адзін з маіх прыяцеляў роўна праз два тыдні пасля аварыі ў складзе невялікай групы ленінградскіх турыстаў прыляцеў у Афіны. Савецкіх турыстаў проста пазнаць, і грэкі, згледзеўшы іх, з жахам разбягаліся ў розныя бакі з крыкамі: „Шэрнопыль! Шэрнопыль!“.


01.jpg

Так выглядаў 4 блок ЧАЭС пасля выбуху


Насельніцтва ж Савецкага Саюза было недасведчаным, гэтую трагедыю і яе маштабы замоўчвалі. Праз бяздзейнасць мільёны чалавек атрымалі неймаверныя дозы апраменьвання, якія многіх прывялі да хвароб і смерці.

Сёння вельмі шмат гавораць пра містычныя супадзенні, пра наканаванне лёсу. Страшная падзея 1986 года прымушае задумацца і паверыць у неверагоднае, у прадказанне Бібліі аб чарнобыльскай катастрофе: „Трэйці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі. Адкрыццё 8:10-11“.

Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, верагодна, была прадказаная шмат стагоддзяў таму. У Адкрыцці Іаана гаворыцца пра зорку на імя „Палын“. Адзін з відаў палыну называецца „чарнобыльнік“. Занадта блізкае супадзенне, а можа і зусім не супадзенне, а рэчаіснасць.

Бяда прыйшла страшная. Дружны, шматнацыянальны савецкі народ і на той час наша вялікая дзяржава прыступілі да ліквідацыю наступстваў аварыі.

Будучы афіцэрам і камуністам, патрыётам сваёй краіны, я з распараджэння кіраўніцтва быў камандзіраваны ў Чарнобыль.

Сям’я праводзіла мяне са слязамі, сам я ехаў з вялікім хваляваннем, бо экстрэмальную сітуацыю знаходжання ў зоне падвышанай радыяцыі і радыеактыўнага заражэння мясцовасці па сваім псіхічным ўздзеяння на чалавека можна параўнаць з актыўнымі баявымі дзеяннямі. Што праўда, радыяцыя вораг падступны і нябачны.

Цягніком я даехаў да Днепрапятроўска, а затым да Днепрадзяржынска, Цецярава, і спадарожным транспартам – да Чарнобыля.

На ўсім шляху я сустракаў устрывожаныя і няшчасныя твары людзей. Па дарозе на Чарнобыль мая трывога працягвала расці, калі я бачыў закінутыя пасёлкі, вёскі, піянерскія лагеры і плакаты: „На ўзбочыну ня заяжджаць!“, „У лес не ўяжджаць!“, „Небяспечна! Радыяцыя!“.

Вельмі шакаваў адзін эпізод, які давялося назіраць за колькі метраў да ўезду ў 30-кіламетровую зону ЧАЭС (якія атрымала самы высокі ўзровень радыеактыўнага заражэння). Ва ўкраінскім, практычна пустым сяле, каля зацягнутай поліэтыленам студні з забруджанай радыяцыяй вадой, на ўзбочыне, сярод радыеактыўнага пылу, у пясочку з лапатачкай ў ручцы важджаўся сімпатычны белабрысы хлопчык гадоў 5-6, прыкладна такога ж узросту, як мая дачушка. А ў прамой бачнасці ад гэтага хлопчыка, на КПП 30-кіламетровай зоны, стаялі дарослыя дзядзькі ў спецвопратцы, процівагазах. Я нават заплакаў ад безвыходнасці і гэтай карціны.

Далажыў аб прыбыцці камандзіру часці, якая месцілася ў былой Чарнобыльскай школе-інтэрнаце. Размясцілі мяне ў штабе, у былым класе хіміі. Пастрыгся практычна дашчэнту, памыўся, пераапрануўся. Дазіметраў на ўсіх не хапала, замест іх нам выдавалі спецыяльныя прылады-„таблеткі“ – назапашвальнікі дозы апраменьвання, запячатаныя ў поліэтыленавыя пакуначкі. Гэтыя назапашвальнікі раз на месяц „адстрэльвалі“ ў адмысловых прыборах, дзе высвечвалася атрыманая за месяц доза радыяцыі. Што праўда, дазіметрысты, згодна са сваімі сакрэтным інструкцыям, атрыманымі зверху, подла хітрылі: то, на іх думку, „таблетка“ трапіла пад дождж або вільгаць і нічога не паказвае, то яшчэ неяк пашкодзілася... Яны прыдумлялі розныя глупствы, каб схаваць сапраўднае становішча з атрыманым апраменьваннем. Таму па заканчэнні тэрміну знаходжання ў чарнобыльскай камандзіроўцы ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі выдавалі даведкі аб атрыманай дозе не паводле фактычнага назапашвання радыяцыі, а згодна з інструкцыяй з цэнтра (спачатку абмяжоўваліся лічбай у 20, а пазней – у 10 рентген). Вось такі злачынны „жарт“ кабінетных нягоднікаў.


05.jpg

Я ў свой першы дзень у Чернобыле на фоне лозунга „Уся краіна з табой, Чарнобыль!“. На кішэні курткі вісіць „таблетка“ – назапашвальнік дозы радыяцыі. Адлік пачаўся.


Так у жыцці атрымліваецца, што чалавек да ўсяго прызвычайваецца, і да страху, і да цяжкасцяў. Гэта адбылося і з маімі суседзямі па пакоі. Яны прыехалі раней за мяне і пачалі губляць пільнасць у стаўленні да радыяцыі. Я запрасіў у наш пакой дазіметрыстаў для праверкі ўзроўню забруджвання. Прыборы паказалі большую за гранічную дозу радыяцыі ў бялізне, а сеткі на вокнах „фанілі“ проста па-вар’яцку.

Падагналі самазвал, усё павыкідалі. Не зважаючы на званні, усе падкасалі рукавы, усё адмылі, прывялі да ладу. Гэтую самую працу парабілі ў службовым кабінеце.


06.jpg

З таварышамі па службе (я ў верхнім шэрагу другі справа) .


Пачаліся трывожныя працоўныя будні. Першы працоўны дзень на станцыі прайшоў як у немарасным сне, я нібы стаў удзельнікам здымак жахлівага фантастычнага фільма. Побач са станцыяй спалены радыяцыяй „руды лес“, адселеныя пустыя вёскі. Кінутыя хатнія жывёлы і птушкі, якія прызвычаіліся жыць побач з чалавекам і без людзей здзічэлі, са здзіўленнем, як быццам перажываючы і плачучы па-свойму, з папрокам і надзеяй пазіралі на нас. Увесь горад Прыпяць, які знаходзіцца за 3 км ад ЧАЭС, абнесены калючым дротам, мёртвы, у наўпростым сэнсе слова.

Многія краіны свету працягнулі руку дапамогі. Былі пастаўлены высотныя краны Demag’і, японскія робаты (што праўда, яны адразу выйшлі са строю, а вось наш робат „Вовачка“ працаваў без адмоваў).


07.jpg

Ззаду мёртвы горад Прыпяць (я крайні злева ў белай форме) .


Акрамя саркафага – вялізнага жалезабетоннага збудавання, якое закрыла асноўную крыніцу радыяцыі (рэактарную залю), вялікая праца была праведзена па замене даху I, II, III блокаў, будынка СВПА і іншых збудаванняў. Кошт гэтай працы вельмі вялікі: дзясяткі загінулых падчас аварыі і тушэнні пажару, сотні тысяч шахцёраў, ваенных, рабочых, міліцыянтаў, служачых атрымалі апраменьванне.

Падчас аператыўнага дзяжурства на ЧАЭС даводзілася праходзіць з будынка СВПА па паветраным пераходзе ў III блок станцыі, які аддзелены ад аварыйнага IV бетоннай сцяной. У ёй была пакінутая ніша з тоўстым шклом, праз якое можна было з жахам паглядзець на руіны ўнутры саркафага. Каля гэтага акенца заўжды стаяла вазачка з кветкамі ў гонар тых, хто назаўжды застаўся пахаваны пад заваламі. На некаторых аб’ектах з-за падвышанай радыяцыі працоўны дзень вымяраўся ў хвілінах, затым у санпрапускнік – адмывацца, пераапранацца. Асабліва доўга даводзілася мыць валасы: мыеш, мыеш, а яны ўсё „звіняць“, калі паднесці прыборы дазіметрыстаў.

Мы памяркоўна ставіліся да ўсіх цяжкасцяў: піць, мыцца і чысціць зубы вадой з-пад крана нельга, для гэтага выкарыстоўвалі мінералку з бутэлек; паўсюль перасоўваліся з масками-„пялёсткамі“ ЛП-200 на твары. Праз 3 дні знаходжання ў радыеактыўным пекле з’яўляўся стан пачатку нейкай хваробы: цела калоціць, галава баліць, вочы слязяцца, вушы, рот – свярбяць, нос „цячэ“. Галоўным лекавым сродкам быў сон: выспаўся – і самаадчуванне лепшае.

Многія ліквідатары праз тыдзень знаходжання ў 30-кіламетровай зоне не заўжды своечасова прымалі душ і пераапраналіся, палілі, нягледзячы на ​​вялікія штрафы, здымалі маскі ЛП-200, гадзінамі стаялі ў радыеактыўным чароце на беразе ракі Прыпяць і лавілі радыеактыўную рыбу, елі мясцовую садавіну з забруджаных радыяцыяй садоў... Здароўя і даўгалецця ім гэта не дадало.

Нягледзячы на ​​адсутнасць вялікага вопыту дзеянняў у падобных ўмовах (хіба што ліквідацыя аварыяў на радыеізатопным заводзе „Маяк“ у Чэлябінскай вобласці ў 1948 і 1957 гадах), пастаўленая тады задача ўзвядзення саркафага над IV блокам была выкананая. І гэта было зроблена дзякуючы высокаму ўзроўню арганізацыі ўсіх работ, патрыятызму і адказнасці ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.


08.jpg

Радыеактыўны „монстр“ – аварыйны рэактар IV блока ЧАЭС у „клетцы“ саркафага стварае падманнае ўражанне надзейнасці. Что і як адбываецца ўнутры саркафага і пад ім, які смяротны „радыеактыўны суп“ варыцца? Гарантыя на эксперыментальны саркафаг – 30 гадоў. Сёння ўжо збудаваны новы купал над саркафагам, але гэта не змяняе сітуацыю пад аварыйным блокам і на велізарнай пррылеглай тэрыторыі .


На тое, каб у зону адчужэння вярнулася жыццё, спатрэбяцца стагоддзі, а для поўнага распаду ўсіх радыеактыўных рэчываў – тысячы гадоў. Катастрофа на ЧАЭС у 1986 годзе – гэта бяда, якая пабурыла лёсы, жыцці, здароўе.

Пабываўшы ў радыеактыўным пекле, каб выканаць заданне ўраду Савецкага Саюза, сёння я з жахам назіраю за тым, як нейкія безадказныя прайдзісветы-камерсанты арганізоўваюць экскурсійныя туры з шпацырамі ў 30-кіламетровую зону, вакол IV аварыйнага блока ЧАЭС... Задумайцеся! Акрамя атрыманай дозы апраменьвання цікаўныя экскурсанты пасля такой ідыёцкай вандроўкі з адзеннем і абуткам прывозяць у чыстую зону сабе і свайму атачэнню пастаянна фанячыя „радыеактыўныя падарункі“, якія хвіліна за хвілінай будуць весці да страшных наступстваў. Мы ж сучасныя, пісьменныя людзі, навошта спакушацца на такія бяздумныя падарожжы са страшным зыходам? Гэта на світанку ўзнікнення атамнай зброі, праз няведанне небяспекі, багатыя амерыканцы плацілі вялікія грошы, з’язджаліся на ўскраіну Лас-Вегаса і з цікаўнасцю назіралі за „грыбам“ і „прыгожым“ святлом падчас выбуху невялікай атамнай бомбы. Прыкладна такія самыя, але больш магутныя „карцінкі“ атамнага выбуху з цікаўнасцю і „бясплатна“ разглядалі жыхары Сяміпалацінска, Кустаная і іх наваколляў. Наступствы вельмі дорага абышліся для здароўя.

Ад чарнобыльскай аварыі пацярпелі мільёны чалавек, больш за пяць тысяч населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Украіны. На тэрыторыі 17 еўрапейскіх краін выпалі радыеактыўныя ападкі.

Большасць гэтых радыеактыўных ападкаў асела на 23% тэрыторыі Беларусі – з гарадамі, вёскамі, прамысловасцю, гаспадаркамі, прыроднымі багаццямі, дзе пражывала каля 25% насельніцтва. У Расіі былі забруджаны радыяцыяй 1,5% тэрыторыі, а ва Украіне - 7%.

Захворванне на рак шчытападобнай залозы сярод дзяцей узрасла амаль у 40 разоў, сярод дарослых - у 2,5–7 разоў. Аварыя мела таксама складаны сацыяльна-псіхалагічны эфект: з-за перасялення і пагаршэння здароўя многія пацярпелыя былі вымушаныя памяняць звыклы лад жыцця і змяніць працу. Адаптацыя да новых умоў жыцця праходзіла для іх хваравіта.

Тады, спалохаўшыся, чалавецтва нейкі час недаверліва адносілася да АЭС. Час прытупіў пільнасць, МАГАТЭ пераўтварылася ў звычайную пратакольную арганізацыю. Дробныя „непаразуменьні“ на АЭС заставаліся без асаблівай увагі. Але мір і дабрабыт вельмі далікатныя. У пачатку сакавіка 2011 года чалавецтва скаланулася. Стыхія ў Японіі забрала тысячы жыццяў і прывяла да аварыі на АЭС Фукусіма. Нават у дысцыплінаванай Японіі спрацаваў безадказны варыянт праектавання і будаўніцтва атамнага монстра.

Павінны прыйсці найноўшыя, альтэрнатыўныя тэхналогіі атрымання электраэнергіі, найстражэйшыя патрабаванні да бяспекі пры праектаванні і будаўніцтве сучасных атамных электрастанцый.

Прагнасць, карупцыя, бяздушнасць і безадказнасць могуць ператварыць Зямлю ў „могільнік“. 

Дай Бог, каб радыёактыўная бяда не паўтарылася.


10.jpg

Алег Кандыба, прэзідэнт Маскоўскага клуба беларусаў, сябра Савета па справах нацыянальнасцяў пры Урадзе горада Масквы, сябра прэзідыюму Камітэта Дружбы Народаў, старшыня Грамадскага савета Бутырскага раёна ПУАА Масквы, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, сябра Саюза пісьменнікаў Расіі, галоўны рэдактар газеты „Сябры“, старшыня Савета РГА „Добрые соседи“.