Паводле ліста Хведара Нюнькі ад 22 кастрычніка 2017 года, сумнавядомы цыкл судовых пасяджэнняў, у якія выліўся канфлікт групы сяброў Таварыства беларускай культуры (ТБК) з былым старшынём суполкі Хведарам Нюнькам, канчаткова завяршыўся. Апошні судовы разгляд, гэтаксама як і папярэднія, вынес прысуд на карысць спадара Хведара.
У адпаведнасці з рашэннем Віленскага апеляцыйнага акруговага суду, які адбыўся 17 кастрычніка 2017 года, рашэнне Віленскага акруговага суду ад 7 снежня 2016 года, якое апраўдвае Хведара Нюньку, мусіць быць пакінутае без зменаў, а на заяўніка – Таварыства беларускай культуры ў Літве, якое цяпер узначальвае А. Адамковіч, – ускладаецца абавязак аплаціць усе выдаткі адказчыка (1824 еўра).
Хведар Нюнька – сябра Вялікай Рады і адзін з заснавальнікаў ЗБС “Бацькаўшчына”. Стаяў ля вытокаў Таварыства беларускай культуры ў Літве і ад самага стварэння на працягу чвэрці стагодзя яго ўзначальваў. Дзякуючы дзейнасці ТБК і асабістым намаганням спадара Хведара Нюнькі ў Вільні працуе беларуская гімназія, імёнамі знакавых для Беларусі асобаў названыя некалькі вуліц, усталяваныя помнікі на магілах беларускіх дзеячаў і дзясяткі мемарыяльных дошак, а таксама захаванае месца забойства Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы. ТБК за часамі старшыньства спадара Хведара правяло пяць канферэнцый беларусаў Балтыі. Выдаткі, звязаныя з утрыманнем сядзібы ТБК, Хведар Нюнька доўгі час аплочваў са сваёй пенсіі.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”