BYPOL працягвае распавядаць пра сілавікоў, якія сышлі са службы ў Беларусі, каб не ісці супраць сумлення і не выконваць злачынныя загады. На гэты раз ініцыятыва апублікавала гісторыю экс-оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС Уладзіміра Жыгара, які цяпер з'яўляецца прадстаўніком BYPOL. А да гэтага — удзельнічаў у перадвыбарных мерапрыемствах Святланы Ціханоўскай і нават адбыў суткі ў жодзінскай турме.
У сваім інтэрв'ю Уладзімір распавёў аб бягучых справах ініцыятывы, чыстках ў МУС і асабістым вопыце працы ў сілавых структурах Беларусі, перадае «Куку».
«Я сам неаднаразова ўдзельнічаў у сустрэчах з Лукашэнкам. Нас усіх, нягледзячы на пасады і званні, падымалі ноччу і везлі на месца збору. Там мы стаялі з 6-7 раніцы, хоць сам Лукашэнка прылятаў толькі ў 9 вечара. Проста суткі на марозе або спякоце, у дождж або снег, ахоўвалі пятачок тры на тры метры, каб якая-небудзь сабака не прабегла перад картэжам. І за гэта ніхто дадаткова не плаціў. Цікава, што ў момант праезду гэтай калоны, неабходна аддаваць воінскае прывітанне. І часцей за ўсё супрацоўнікі хаваюцца куды заўгодна, абы гэтага не рабіць, не трапляць яму на вочы. Ніхто не хоча вітаць Лукашэнку».
«У органах яшчэ засталіся тыя, хто сімпатызуе беларускаму народу. Нават таму, што поўная чыстка ў МУС яшчэ не пачалася. Выразаць 30-40% супрацоўнікаў у цэнтральным апараце за адзін раз — гэта велізарная страта. Іх проста няма кім замяніць. Гэта рэальная колькасць людзей, якія падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. І на месцах дакладна такая ж сітуацыя.
Яны б і рады былі ўсіх звольніць, а пакінуць толькі правераных, але такая малая колькасць супрацоўнікаў, пры тых цяперашніх некамплектах, не змогуць выконваць задачы кіраўніцтва.
Бо акрамя барацьбы з грамадзянскай супольнасцю ёсць і паўсядзённая праца, а за яе пытаюцца спаўна. За невыканання пэўных нормаў даводзіцца адказваць. Караюць строгімі вымовамі — тлумачэнні пра барацьбу з «апазіцыянерамі не працуюць».
«Многія супрацоўнікі імкнуцца любымі спосабамі сабатаваць працу: не выходзяць на працу па прычыне хваробы і гэтак далей. Як можна ставіцца да таго, калі твой таварыш, седзячы ў адным кабінеце, фальсіфікуе адміністрацыйныя або крымінальныя матэрыялы? Многія ўжо гатовыя займацца абы чым, толькі б не звязвацца з палітыкай.
Жонкі папярэджваюць, што калі іх мужы апынуцца датычным да пасадак людзей — пададуць на развод.
А разводы ў супрацоўнікаў міліцыі гэта звычайная практыка, адбіваецца ненармаваны працоўны дзень, ды і плацяць не такія вялікія грошы».
«Сілавікі ведаюць, што вясной нешта будзе, таму цяпер прэвентыўна затрымліваюць, фальсіфікуюць адміністрацыйныя матэрыялы. Але пры гэтым усведамляюць, што нічога не зменіцца і людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцы. Толькі дзеючыя супрацоўнікі МУС павінны зразумець, што няма розніцы, хто будзе ва ўладзе — міліцыя патрэбна заўсёды. Але калі Лукашэнка застанецца, то праблем для краіны стане нашмат больш. А пасля яго сыходу не будзе пагалоўнай люстрацыі, суд прыме законнае рашэнне толькі ў тым выпадку, калі ты вінаваты».
«Лукашэнка баіцца свайго народу. Ён і яго «прыкарытнікі» выдатна разумеюць, што толькі сілавым метадам можна стрымаць людзей і застацца ва ўладзе. Іншых інструментаў для ўздзеяння ў іх няма».