Былы сілавік: «Не бачыў чалавека, які б сказаў: шкадую, што звольніўся з міліцыі»

Капітан Ягор Емяльянаў звольніўся з Наваполацкага аддзела Дэпартамента аховы МУС адным з першых — 11 жніўня 2020 года. Ён распавёў «Салідарнасці», што з таго часу перажыла яго сям'я.


egor1_09.jpg


Затрыманні, арышты, ператрус, ад'езд з краіны і ўсе складанасці эміграцыі… Сёння, азірнуўшыся на гэты драматычны адрэзак свайго жыцця, Ягор задумваецца над адказам на пытанне, ці шкадуе ён аб чым-небудзь. Прызнаецца, што раней прафесію сваю паважаў і лічыў ганаровай.

— Раней, абараняючы гонар мундзіра, у органах увесь час выяўлялі правапарушэнні, каралі за перавышэнне паўнамоцтваў. Але, здаецца, не цяпер. Сітуацыя, калі чалавек разумее, што ён можа перайсці нейкую грань і яму нічога не будзе, расхалоджвае. У выніку атрымліваем зусім нічым не вытлумачальнае забойства напярэдадні Новага года, — разважае суразмоўца «Салiдарнасцi» аб падзеях апошніх тыдняў.

Самому яму для прыняцця рашэння аб звальненні спатрэбілася двое сутак.

— З 9 на 10 жніўня і ў наступную ноч я быў у рэзерве, сам у горадзе не знаходзіўся. Але тая інфармацыя, якая да мяне даходзіла, насцярожвала. Нам сказалі, вось на плошчу прыехала ПДВ з Віцебску, яны са зброяй. Я быў у шоку: вы што, хлопцы, што вы збіраецеся тварыць!? Знаёмы патэлефанаваў, расказаў, што яму ў галаву адскочыў асколак «нечага» і што ў яго рассечана брыво. Потым паказалі відэа нейкіх выбухаў. І гэта ў маім горадзе!

А потым і нас пачалі адпраўляць на гэтую плошчу і сталі выдаваць зброю, якую, магчыма, «давядзецца прымяняць». Але супраць каго прымяняць?

Я сказаў намесніку свайго падраздзялення, што зброю браць не буду. Ён спытаў: "Ты сябе дрэнна адчуваеш?". Я адказаў, што, відаць, так. Ён папрасіў перадаць маю амуніцыю калегу і дазволіў застацца ў аддзеле. У тую ноч нас у змене было крыху больш за 20 чалавек. Акрамя мяне, больш ніхто не адмовіўся, — успамінае Ягор.

Пасля з усяго аддзела, а гэта сто з лішнім чалавек, разам з ім звольнілася каля дзесяці.

— Яшчэ да канца змены 11 жніўня я ўжо разумеў, што больш не буду там працаваць. Змяніўся, прыехаў дадому, жонка збіралася на працу, і я ёй сказаў аб сваім рашэнні. Яна адразу мяне падтрымала.

Я не гатовы быў парушаць закон. Але было зразумела, што тое, да чаго ўсё ішло, будзе незаконна. І для мяне не існавала прычын, якія маглі б пераканаць выконваць такія загады, — упэўнены суразмоўца «Салiдарнасцi».

Тыя самыя выплаты па кантракце, на якія спасылаліся многія сілавікі, як на хамут, які іх утрымлівае, Ягор не палічыў пераканаўчым аргументам.

— У мяне таксама быў пяцігадовы кантракт, і я атрымліваў гэтую выплату. У маім выпадку гэта было прыкладна 1800 долараў. Іх даюць пры заключэнні кантракта, і калі ты адпрацуеш пяць гадоў, то сума спісваецца. Але калі не адпрацуеш хоць адзін дзень — абавязаны вярнуць усе грошы.

Для мяне з заробкам каля 400 долараў гэта сапраўды была немаленькая сума. Але не жыццевызначальная. Няма такіх грошай, за якія б я пагадзіўся пайсці на тое, што мне прапаноўвалі, — па-ранейшаму перакананы Ягор.

На сямейнай радзе на карысць абавязку вырашана было ахвяраваць морам.

— Мы збіралі грошы на адпачынак. Там крыху не хапала, і мы гатовыя былі пазычыць, узяць крэдыт — усё, што заўгодна. Але пакуль я сядзеў у ІЧУ, куды мяне забралі адразу пасля звальнення, людзі сабралі нам адсутную суму. Тады я ўпершыню даведаўся, што такое салідарнасць, — кажа экс-сілавік.

Ніхто не стаў тлумачыць, чаму яго адразу пасля падпісання дакументаў аб звальненні адправілі ў ІЧУ. Нават суд не ўгледзеў у дзеяннях Емяльянава якога-небудзь правапарушэння.

— Звальненне ўзгаднялі з Віцебскам, і там забаранілі мяне звальняць па дамове бакоў, калі не адпрацую да канца кантракту. На гэта я сказаў, што ўсё роўна на працу больш не выйду і здаў пасведчанне.

Развітваліся са мной калегі, паціскаючы руку, некаторыя казалі: "Ты мужык, змог!". А на вуліцы мяне сустрэлі супрацоўнікі аддзела ўласнай бяспекі і прапанавалі праехаць з імі.

Мяне прывезлі ў ГУУС і пасадзілі ў ЦІП. Там ужо было дастаткова шмат людзей, усе аднадумцы. Умовы былі нармальныя, камера не перапоўненая, ніякага гвалту да мяне не прымянялі. Наваполацк — гэта не Мінск, там усе адзін аднаго ведаюць. Дапусцім, з начальнікам ЦІПа я знаёмы ўсе 17 гадоў службы.

Праз два дні суд увогуле мяне апраўдаў! Вінавацілі мяне па тады яшчэ мала вядомым артыкуле 23.34, нібыта я сваёй фатаграфіяй у сацсетках, пад якой напісаў, што звальняюся, правёў мітынг ці пікетаванне.

Суддзя вельмі здзівіўся такой фармулёўцы, нават спытаўся ў мяне, як можна правесці мітынг фатаграфіяй. Я сапраўды сказаў, што не ведаю. І суд са мной пагадзіўся, апраўдаўшы, — апісвае Ягор сітуацыю, якая сапраўды гучыць сёння фантастычна.

Новую працу былому сілавіку прапанавалі адразу.

— Яшчэ падчас службы я вучыўся ў навучальным цэнтры фітнес-адукацыі ў Мінску. Яны і паклікалі мяне да сябе. Гэта была праца мары, і заробак быў мінімум у два разы большы, чым у міліцыі. У Мінску ў мяне ўсё было добра.

Я не збіраўся хаваць сваю пазіцыю і адкрыта расказваў аб тым, што са мной адбылося. Пасля аднаго з інтэрв'ю мяне забралі ўжо на Акрэсціна. З 40 сутак я адбыў там 33. Ніхто не патлумачыў, чаму выпусцілі датэрмінова. Для такіх, як я, на Акрэсціна прадугледжаны «адмысловыя ўмовы ўтрымання».

Першыя 20 сутак я сядзеў у карцары. Нас тамака было 5 чалавек. Акрамя мяне — усе астатнія бамжы, алкашы, якія перыядычна ўпадалі ў «белую гарачку». Але цярпець тое, што ты спіш на бетоне, што ў цябе нічога няма, што не выключаецца святло, усё ж магчыма. Я дастаткова цягавіты чалавек, вайсковец, займаўся спортам. Самае цяжкае — гэта жыць у няведанні аб тым, што з тваёй сям'ёй. Ніякай сувязі не было, ні лістоў, ні перадач, — успамінае Ягор.

Пасля Акрэсціна ён перавёз жонку з дзецьмі з Наваполацка ў Мінск, знайшлі дзіцячы садок і школу і зноў спрабавалі ўладкаваць сваё жыццё.

— Быццам бы зноў усё наладзілася: я працаваў, жонка таксама знайшла працу. Але 26 жніўня 2021-га ў 6.30 раніцы да нас на здымную кватэру ў дзверы стаў ламіцца АМАП і супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі. Яны далі мне падпісаць паперу аб тым, што я падазраваны па ч.2 арт. 425 «Наўмыснае насуперак інтарэсам службы невыкананне службовай асобай з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці службовых абавязкаў».

Мне спрабавалі давесці, што я адмовіўся выконваць загад з карыслівых меркаванняў, таму што мне нібыта нехта заплаціў. У нас зрабілі ператрус і ўручылі позву. На наступны дзень я павінен быў з'явіцца ва ўпраўленне ўласнай бяспекі ў Віцебск на допыт. Я разумеў, што пасля гэтага допыту на волю не выйду, — кажа Ягор.

У той жа дзень сям'я Емяльянавых пакінула краіну.

— Мяжу я пераходзіў пешшу праз лес, жонка з дзецьмі — праз пагранпераход. Нейкі час мы жылі ва Украіне, я нават паспеў там папрацаваць у рэстаране ахоўнікам. Кіеў — выдатны горад, але я не быў упэўнены ў бяспецы ў гэтай краіне, таму месяц таму мы прыляцелі ў Германію. Мне заўсёды вельмі падабалася гэтая краіна. Вялікую дапамогу ў пераездзе нам аказала аб'яднанне "Разам".

Цяпер мы жывем у інтэрнаце, але гэты інтэрнат не ў тым разуменні, як у Беларусі. Гэта домік на дзве сям'і. У планах у нас вывучыць мову і неяк уладкоўвацца. Надоўга пакуль не загадваем.

— Усё ж не шкадуеце аб тым, што прынялі тады рашэнне звольніцца, пасля якога прыйшлося столькі перажыць?

— Калі і шкадую, то толькі аб тым, што не зрабіў гэтага раней. Я яшчэ не бачыў ніводнага чалавека, які б сказаў: шкадую, што звольніўся з нашай міліцыі.

novychas.info