БХД звярнулася да ўкраінскіх уладаў, каб палепшыць становішча палітуцекачоў з Беларусі

Беларуская хрысціянская дэмакратыя прыняла зварот да да Вярхоўнай Рады і Кабінета Міністраў Украіны, а таксама да ўкраінскіх партнёраў БХД з нагоды становішча беларусаў, якія былі вымушаныя выехаць ва Украіну па прычыне палітычнага пераследу ў Беларусі.

Адной з краін, куды былі вымушаныя выехаць грамадзяне Беларусі, якім пагражалі рэпрэсіі, сталася Украіна. З пачатку гэтага масавага зыходу ўкраінская грамадскасць і, у прыватнасці, праваабарончыя арганізацыі неаднаразова звярталіся да дзяржаўных уладаў Украіны з прапановамі палепшыць становішча беларусаў ва Украіне. Дзяржаўныя ўлады Украіны зрабілі важныя крокі, каб аблегчыць знаходжанне там грамадзян Беларусі. Так, быў прыняты шэраг рашэнняў, якія спрыялі пераезду ва Украіну высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў. Таксама ў канцы 2020 года максімальны тэрмін аднаразовага знаходжання ва Украіне без атрымання дадатковага прававога статусу быў зменены з з 90 дзён на працягу 180 да 180 дзён на працягу 360дзён. Хоць агульная колькасць дзён перабывання на год не павялічвалася, гэта дало некаторым беларусам дадатковы час на вывучэнне шляхоў легалізацыі ва Украіне і збор неабходных дакументаў.

Пры гэтым 31 снежня 2020 года заканчваюцца тэрміны дзеяння пастаноў Кабінета міністраў 1302 і 1303, якімі былі ўнесены такія змены. Тыя, хто не можа бяспечна вярнуцца ў Беларусь і жадае застацца і працягваць сваю дзейнасць ва Украіне, мусяць шукаць спосабы атрымання віду на жыхарства (часовага або пастаяннага) у даволі жорсткіх рамках украінскага міграцыйнага заканадаўства. Такі попыт стымулюе ценевы рынак прапаноў камерцыялізацыі на камерцыйнай аснове.

Для большасці тых, хто атрымаў дазвол на часовае пражыванне, праблема легальнага працаўладкавання ва Украіне застаецца нявырашанай, у прыватнасці, з-за таго, што ўкраінскае заканадаўства вызначае бясспрэчна высокі мінімальны памер заработнай платы для замежных работнікаў (больш за 2000 еўра ў месяц).

Узмацненне рэпрэсіўных мер у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі і проста актыўных грамадзян Рэспублікі Беларусь прывяло да павелічэння колькасці людзей, якія вымушаныя перасякаць мяжу па-за пунктамі пропуску. Украінскае заканадаўства прадугледжвае вызваленне ад адказнасці за такія дзеянні асоб, якія звярнуліся аб атрыманні статусу бежанца або дадатковай абароны. У такіх выпадках чалавек абавязаны як мага хутчэй звярнуцца ў органы Дзяржаўнай міграцыйнай службы. Вялікая колькасць такіх асоб, якія шукаюць прытулку, і працэсуальныя ўмовы ўжо прывялі да таго, што міграцыйныя органы ўстанавілі тэрмін падачы дакументаў праз 1-2 месяцы пасля падачы заявы. Пры разглядзе заявы асоб, якія шукаюць прытулку, такія асобы застаюцца без пашпарта, а адпаведна — без фактычнай магчымасці працаўладкавання, адкрыцця рахункаў, грамадзянскіх аперацый, атрымання адміністрацыйных і медыцынскіх паслуг на тэрмін разгляду заявы, які можа перавышаць 1 — 2 гады.

Вельмі вялікай і таксама актуальнай бачыцца праблема наяўнасці шырокіх практык супрацоўніцтва паміж украінскімі праваахоўнымі органамі, (у прыватнасці — СБУ, МУС і офісам Генеральнага пракурора Украіны, і беларускімі сілавымі структурамі). У сітуацыі, калі частка палітычных пераследаў у цяперашняй Беларусі маскіруецца пад пераслед паводле іншых крымінальных артыкулаў, існуе вялікая імавернасць выдачы беларускім сілавым структурам палітычных уцекачоў, альбо прадастаўленне інфармацыі аб беларускіх уцекачах, каторая спрыяе палітычнаму пераследу.

Такім чынам, забюракратызаванасць, прававая недасяжнасць і цяжкадаступнасць міграцыйных працэдур, звязаных з атрыманнем магчымасці легальна жыць і працаваць ва Украіне, і асцярогі за ўласную бяспеку з'яўляюцца важнай перашкодай для рэалізацыі правоў беларускіх грамадзян, якія хаваюцца ад пераследу ў сябе на радзіме, і прыдбанні надзейнага прытулку ва Украіне.

У сваім звароце БХД прапануе:

- павялічыць тэрмін законнага знаходжання грамадзян Рэспублікі Беларусь ва Украіне без дадатковых адміністрацыйных нагрузак да 360 дзён на працягу каляндарнага года. Захаванне ВНЖ па валанцёрстве, магчымасць атрымання ВНЖ на падставе адкрыцця ФЛП \ ТАА і працаўладкавання, пры лібералізацыі заканадаўства для беларусаў (зніжэнне сумы ў 60 000 з. п. для наймальніка).

- зняць банкаўскія абмежаванні на абслугоўванне для беларусаў ва ўкраінскіх банках (па ўзору практык, прынятых у Польшчы, Літве, Грузіі). Пры атрыманні легалізацыі і прадастаўленні бізнес планаў — стварыць умовы атрымання крэдытных рэсурсаў на роўных умовах з рэзідэнтамі.

- дазволіць украінскім страхавым кампаніям афармляць беларусам  афіцыйную «зялёную карту» страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў для выезду за мяжу.

- лібералізаваць правілы працаўладкавання замежнікаў ва Украіне для грамадзян Беларусі. Знізіць мінімальную заработную плату, спрасціць працэдуру атрымання дазволу на працу або цалкам выключыць неабходнасць атрымання дазволу на працу ва Украіне да часу правядзення ў Беларусі выбараў, адпаведных міжнародным нормам і прызнаных Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

- увесці спецыяльны спрошчаны парадак працаўладкавання прадстаўнікоў асобных важных для ўкраінскага грамадства спецыяльнасцяў: медыцынскіх работнікаў, журналістаў, тэхнічных спецыялістаў і г.д.

- пры ўзаемадзеянні з дыяспарай і праваабаронцамі не дапускаць экстрадыцыі ў Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю гараджан і бежанцаў. Прыняць меры па часовым прыпыненні супрацоўніцтва паміж украінскімі праваахоўнымі органамі, у тым ліку — СБУ, МУС і офісам Генеральнага пракурора Украіны, і беларускімі сілавымі структурамі ў частцы супрацоўніцтва ў крымінальных справах, абмену інфармацыяй аб ажыццяўленні мер крымінальна-працэсуальнага характару і ў частцы, якая тычыцца пытанняў выдачы грамадзян Беларусі дзеючым беларускім уладам і экстрадыцыі згодна, у тым ліку, з Дамовай паміж Рэспублікай Белаурсь і Украінай аб перадачы асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, для далейшага адбыцця пакарання (заключаны у Кіеве 12 чэрвеня 2009 года).

- прадаставіць магчымасць атрымаць статус часовай абароны, прадугледжаны Законам Украіны «Аб бежанцах і асобах, якія маюць патрэбу ў дадатковай або часовай абароне»;

БХД прапануе таксама адмовіцца ад намеру прыняць нарматыўныя акты (законапраект 3387), якія прадугледжваюць абавязковае перасяленне ў месцы ўтрымання грамадзян Беларусі, якія шукаюць міжнароднай абароны, якія былі вымушаныя ўехаць ва Украіну, перасякаючы мяжу па-за пунктамі пропуску, і адмовіцца ад намеру прыняць змены ў парадак прыцягнення замежных валанцёраў няўрадавымі арганізацыямі (законапраект 4521), якія ўскладняюць, зацягваюць і ствараюць дадатковыя рызыкі для замежных валанцёраў. У цяперашні час атрыманне дазволу на часовае пражыванне ў якасці валанцёраў — адзін з найбольш запатрабаваных легальных варыянтаў знаходжання ва Украіне для грамадзян Беларусі.

«Прыняцце вышэйпералічаных захадаў паспрыяе істотнаму паляпшэнню міграцыйнай палітыкі для грамадзян Беларусі, якія церпяць ад сістэматычнага гвалту з боку беларускага рэжыму, дапаможа ўмацаваць патэцыял беларускіх грамадскіх арганізацый, каторыя ва ўмовах рэпрэсій вымушаныя працаваць з тэрыторыі Украіны», — гаворыцца ў заяве БХД.

novychas.info