Згуртаванне беларусаў Швецыі — арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы беларускай дыяспары ў Швецыі. Заснаваная ў 2009 годзе. Ініцыятарамі яе стварэння былі Юры Кажура, Юля Канавалава, Андрэй Катлярчук, Зміцер Плакс, Міхаіл Сэндэр і інш. Аляксей Мельнікаў, Юры Кажура ў розныя гады ўзначальвалі згуртаванне. З сакавіка 2017 года старшынёй арганізацыі з’яўляецца Ірына Азаранка.
Ірына Азаранка
Ірына Азаранка прыехала ў Стакгольм два гады таму як валанцёрка Föreningen Framtidståget — вучыцца менеджменту некамерцыйных праектаў. Праца гэтай НДА базуецца на дзвюх частках. Адну частку складаюць сацыяльныя работнікі, якія займаюцца сямейнай, моладзевай тэрапіяй, а таксама кансультаваннем прыёмных сямей, працуюць па дамовах дзяржаўных сацыяльных службаў. Другая ж уяўляе з сябе аддзел, які займаецца моладзевымі праектамі: абменамі, валанцёрствам, канферэнцыямі. Задача Ірыны палягала ў вывучэнні працы НДА для стварэння ўласных праектаў. Дзяўчына прыехала са сваім багажом, маркетынгавым і рэкламным — Ірына па адукацыі маркетолаг-эканаміст, — са сваімі ідэямі, і гэта ўсё вельмі арганічна спалучылася. Цяпер яна працуе маркетолагам у той самай арганізацыі.
— Распавядзі, калі ласка, пра склад арганізацыі “Згуртаванне беларусаў Швецыі”.
— Калі я прыехала ў Стакгольм, у мяне тут быў адзін кантакт — знаёмая беларуска. Праз яе я і выйшла на “Згуртаванне беларусаў Швецыі”, яны якраз тэатр ладзілі аматарскі, і я неяк адразу ўлілася. Усяго ў склад арганізацыі ўваходзіць каля дваццаць чалавек. Рада складаецца з сямі чалавек. На падзеі згуртавання менавіта беларусаў прыходзіць чалавек трыццаць, столькі ж рэгулярна падтрымліваюць кантакты з намі і паміж сабой.
Раней узроставы склад быў старэйшы: ад 30-ці да 60-ці з плюсам, цяпер больш малады — ад 20 да недзе 45. Мы нават задаёмся пытаннямі, гэта натуральны працэс змены пакаленняў ці наш недагляд, бо факусуемся на моладзі і ладзім цікавыя для іх мерапрыемствы. Але склад больш малады дзякуючы і актыву, бо моладзь гатовая ўкладаць свой час.
Цэнтр згуртавання месціцца ў Стакгольме, але я ведаю, што ёсць беларусы і ў іншых гарадах. Але там вельмі мала тых, да якіх мы дасягаем і якія да нас — 2-3 чалавекі. Калі я год таму рабіла “Мова Нанова — Стакгольм”, было анлайн-уключэнне з аднаго са шведскіх гарадоў. Але пакуль не атрымліваецца прыцягнуць да нас шмат людзей. Плюс НДА поўнасцю трымаецца на валанцёрах. У нас усе працуюць ці вучацца, а ў вольны час займаюцца згуртаваннем. Здараецца, атрымліваем невялічкую фінансавую падтрымку — афармляем нашыя падзеі як гурткі, у Швецыі так можна рабіць. Напрыклад, на паўгода за гурток — каля 200 еўра. Гэта няшмат. Часам нам пішуць: “Я праездам у туры па Еўропе, набудзьце мне квіткі, ну што вам там”. На самай справе ўсё не так проста.
У фб у нашай групе “Беларусы Швецыі” крышачку больш за 300 чалавек. Сярод іх непасрэдна беларусы выкарыстоўваюць рэсурс для камунікацыі. Прыкладам, чалавек прыехаў вучыцца, знаходзіць суполку і звяртаецца: “Падкажыце, дзе тут таннае жытло” або “Ці едзе хто ў Стакгольм, трэба перадачку падвезці”. Акрамя беларусаў тут нашыя сябры, знаёмыя з іншых краінаў, тыя, каму цікава так ці інакш сачыць за нашымі падзеямі.
Па маіх адчуваннях беларусаў у Швецыі нашмат болей, канечне. Тысяча будзе, а мо і больш. Але яны разбаўленыя ў іншых суполках. Даволі шмат проста ашведзілася. Калі Святлана Алексіевіч бярэ Нобелеўскую прэмію ці калі на Еўрабачанні нашыя трапляюць у фінал — рэзка ўсе ўспамінаюць свае беларускія карані, а потым заціхаюць. У фб таксама шмат рускамоўных тэматычных кшталту “Русскоговорящие мамы (или жены) Швеции” раскідана па сеціве. А мы яшчэ ж такія — адрозніваемся ад іншых суполак, бо выкарыстоўваем бел-чырвона-белы сцяг. Мы спакойна сябе адчуваем, у нас шмат праваабарончых і ЛГБТ-актывістаў, якія ў Беларусі шмат працавалі, кантактавалі з праваабарончымі арганізацыямі. Яны ведаюць усю гэтую грамадскую супольнасць, бо шмат гадоў у ёй варыліся, таму, у прынцыпе, актыў згуртавання ліберальны і вельмі дэмакратычны. Я калі была ў некаторых іншых краінах, спрабавала знаёміцца з мясцовымі згуртаваннямі беларусаў. Яны былі розныя — больш універсальныя ці тыя, хто стараецца падтрымліваць афіцыйны курс краіны, кшталту “мы не лезем у палітыку і таму ад пэўнай часткі адмяжоўваемся наогул”.
— А вашае згуртаванне адмяжоўваецца ад афіцыйных структур?
— Мы не адмяжоўваемся ад афіцыйнай станоўчай часткі: калі нейкі спартовы івэнт ці нешта такое падтрымліваем. Былі нядаўна на футбольным матчы “Беларусь — Швецыя”. Стакгольм збіраў шведаў як толькі мог, а тут мы такія нашым згуртаваннем ідзём. І яшчэ цэлы аўтобус з Беларусі прыехаў. На стадыёне былі беларускія плямачкі. Сцягі былі розныя — і афіцыйны, і бел-чырвона-белы, але ўсё адно нам было прыемна, бо беларускія.
— Якога кшталту мерапрыемствы ладзіць Згуртаванне беларусаў Швецыі?
— Мы стараемся кожны год ладзіць што-небудзь на Каляды, кшталту міні-фэсту. Пры згуртаванні дзейнічае аматарскі тэатр.
На Дзень Волі абавязкова збіраемся: ці проста на пікнік-фэст, ці разам ідзём на Дні Беларусі, якія грамадская суполка Östgruppen ладзіць прыкладна ў гэты ж час разам з некаторымі іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці шведскай, напрыклад, ForumSYD.
У нас ёсць травеньскі пікнік. У гэтым годзе ён прайшоў цішэй, але калі Андрэй Катлярчук быў яго арганізатарам, ён запрашаў каго-небудзь з нашых музыкаў. Шмат гадоў запар выступаў Зміцер Вайцюшкевіч. У мінулым годзе — Лявон Вольскі, ён акурат прыязджаў на ўручэнне прэміі Freemuse Award 2016, яшчэ і Еўрабачанне ў гэты час было.
Апошнія тры гады святкуем Купалле. Пасля, прыблізна праз месяц, удзельнічаем у стакгольмскім прайдзе. Два гады Беларусь і Швецыя афіцыйна ішла ў складзе прайд-калоны, якая рухаецца некалькі кіламетраў праз цэнтральныя вуліцы Стакгольма. Гэта так прышпільна і прыемна — далучаюцца нашыя сябры міжнародныя, якія ў гэты час прыязджаюць з Эстоніі, Фінляндыі, нават некаторыя шведскія сябры ідуць менавіта з бела-чырвона-белай калоннай.
Прайд-2016, аўтар — Stevan Malajmare
У лістападзе, на Дзяды, з ініцыятывы Андрэя Катлерчука наведваем магілу Васіля Лукашыка, заснавальніка “Беларускай Грамады” ў Скандынавіі.
Дзяды, 2015 год
А яшчэ ў нас адна з вялікіх справаў ад самага пачатку дзейнасці згуртавання — гэта дабіцца ўжывання афіцыйна назвы Belarus замест Vitryssland (“белая Расія”), бо Vitryssland і Ryssland гучаць занадта падобна, і многія ўспрымаюць нас як частку Расіі. У нас ёсць свая маленькая суполка ў сеціве для стварэння руху. Актывісты пішуць лісты ў Språkrådet і Svenska Akademien, якія адказныя за моўную палітыку і афіцыйныя правілы выкарыстання шведскай мовы, у тым ліку публікацыю тлумачальнага слоўніка сучаснай шведскай мовы Svensk Ordbok. Але розніца вялікая паміж Беларуссю і Швецыяй у тым, што тут, каб змяніць сістэму, трэба ўплываць не на вярхушку, а ствараць рух. Нам трэба было паказаць, што людзі добраахвотна аддаюць перавагу слову Belarus замест Vitryssland. Мы пачалі пісаць артыкулы ў розныя медыя. Тут вялікая заслуга і Дзмітрыя Плакса — ён рабіў радыёперадачы для Шведскага радыё. Некаторыя медыя, напрыклад, Dagens Nyheter, афіцыйна перайшлі на назву Belarus у сваіх публікацыях. У выніку, паводле апошніх зменаў у шведскім тлумачальным слоўніку Svensk Ordbok (на прасоўванне якіх спатрэбілася каля 7 гадоў), перавага ўсё яшчэ аддаецца слову Vitryssland, але ўжо можна і афіцыйна правільна ужываць абедзве назвы.
— А як вы вырашаеце пытанні з памяшканнямі?
— Выкручваемся як можам. Калі рабілі гурткі — маглі збірацца ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, бо там працуе Андрэй Катлярчук. Калі вяла “Мова Нанова — Стакгольм”, збіраліся ў офісе арганізацыі, дзе я валанцёрыла. Калі магчыма — сустракаемся на вольным паветры. Паседжанне Рады — у мяне дома. А можам проста ў кавярні сабрацца. Таксама ў Аляксея Мельнікава ёсць права на так званую лакаль. У Швецыі для жыхароў пэўнай колькасці дамоў-суседзяў прадугледжанае спецыяльнае месца, дзе ёсць магчымасць тусіць ці бескаштоўна, ці за невялікую плату. Памяшканне трэба загадзя браніраваць. Калі ў нас якія падзеі, больш-менш масавыя, Аляксей браніруе нам месца.
— Ці толькі выхадцы з Беларусі ходзяць на вашыя мерапрыемствы?
— Тут як сказаць. Купалле заходзіць шведам добра, да ўсяго, шведскае Midsommar зусім побач. А ў гэтым годзе 50% удзельнікаў — гэта былі не толькі беларусы і ўкраінцы (Купалле ладзілася сумесна арганізацыямі “Згуртаванне беларусаў Швецыі” і “Згуртаванне маладых украінцаў Швецыі”), але і іншыя народы, прадстаўнікі якіх да нас завіталі. На святкаванне Калядаў прыходзяць больш беларусы, бо мерапрыемства вельмі тэматычнае. На тэатр таксама. На Днях Беларусі шмат беларусаў і шведаў, бо шведы сярод арганізатараў.
— Як увогуле грамадзяне Швецыі ставяцца да беларусаў?
— Вельмі ўсё залежыць ад таго, якія беларусы. Калі беларусы як грамадзянская супольнасць ліберальныя, дэмакратычныя — вельмі добра. Амаль на ўзроўні пачуццяў — цеплыня, нешта роднае адчуваюць, дапамагаюць, ім падабаецца беларуская мова. Калі Дні Беларусі праходзяць — заўважаю колькі шведаў, якія па-беларуску размаўляюць. Але апрача беларускіх грамадзянскіх супольнасцяў ёсць “русскоязычное население”. Да яго ставяцца з асцярогай, бо баяцца агрэсіі з боку Расіі. На жаль, некаторыя рускамоўныя пачуваюцца ў грамадскіх месцах беспакарана, гэта ўплывае негатыўна, складваецца ўражанне, што усе рускамоўныя — ірацыянальныя людзі, якія нясуць хаос. Але тут яшчэ вельмі шмат арабаў, і да іх больш негатыўна ставяцца, больш стэрэатыпаў. ІГІЛ робіць дрэнную прамоцыю. Але затрыманы шведскай паліцыяй мужчына, які з’яўляецца галоўным падазраваным па тэракце ў Стакгольме, — з Узбекістана. Тут ужо “прамоўшн” СНД”.
Але самыя вялікія сутычкі адбываюцца паміж эмігрантамі, славянамі і арабамі, ці паміж сабой. Беларусы — не выключэнне. Але часам трэба проста пастаяць за сябе і дапамагчы — разам сабрацца і даць адпор. Хаця б на словах. Была сітуацыя, калі рускамоўныя пачалі чапляцца да Сяргея Андросенкі і яго хлопца, пачалася бойка. Пасля нашыя хлопцы іх здалі ў паліцыю, яны прайшлі па артыкуле “Дыскрымінацыя па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі”, і ім скасавалі від на жыхарства.
Але ўсе людзі розныя. У мяне вось на працы шмат арабаў, з імі вельмі проста, у нас нават супольныя жарты ёсць, пра Беларускае і Мараканскае каралеўствы, толькі ў нашым выпадку яно неафіцыйнае.
— Ты ў пачатку нашай размовы казала пра карані. А што для цябе асабіста значыць гэты тэрмін?
— У мяне тры малыя радзімы. У Баранавічах я нарадзілася, але прабыла толькі пару дзён. У пашпарце стаіць Смаргонь, бо тата там працаваў, я пабыла там пару месяцаў. Вырасла ў Бярозе. Ні адно з гэтых месцаў я б не магла назваць сапраўднымі каранямі на 100 адсоткаў. Таму ўспрымаю ўсю Беларусь як корань. Ці, можа, вёску ля Бярозы, дзе шмат часу бавіла, калі была маленькая. І вось менавіта з ёй асацыююцца адчуванні абсалютнай бяспекі, камфорту і ўнутранага шчасця. Для мяне гэтыя мясціны нанесліся на мапу маіх сноў, сталі базай, месцам сілы, перанесліся са мной. Як я адчула, што хачу менавіта тут, у Швецыі, застацца? Я пачала абсалютна ў рандомных месцах адчуваць тое, што ў дзяцінстве. Вось гэта тое месца, адкуль я прыйшла — гэта Беларусь, яна мяне вось такой зрабіла, але прывяла мяне на сённяшні момант сюды. Часам у мяне бывае жаданне вярнуцца, але я разумею, што толькі каб сінхранізавацца і зноў паехаць далей. За два гады, пакуль я ў Швецыі, мне давялося вяртацца на чатыры месяцы — чакала працоўны від на жыхарства. У лістападзе я вярнулася назад. На жаль, у Беларусь падарожжа каштуе 300 еўра, плюс яно вельмі цяжка арганізуецца проста на выходныя, таму я часцей выбіраю іншую краіну.
— А якое для цябе значэнне маюць “карані”, калі ты пра іх кажаш як старшыня дыяспарнай арганізацыі?
— Я жыла год у Пецярбургу і беларускай мовай і тэматыкай зацікавілася менавіта там. Калі пасля на восем месяцаў вярнулася дадому, адчула патрэбу што-небудзь зрабіць для Беларусі, дапамагчы яе развіццю. Тады пачала па-беларуску размаўляць. Я ўпэўненая на 99%: мова — база для нацыянальнай ідэнтычнасці. Я пачала нешта рабіць, і гэта прывяло мяне ў Швецыю. На радзіме ўсё, што ні спрабавала, атрымлівалася дробненька, безвынікова. Тут жа я пачала адчуваць сябе ў краіне, у якой чалавек здольны змяняць сістэму, дапамагаць ёй развівацца. І я адчуваю, што праз Згуртаванне беларусаў Швецыі дапамагаю Беларусі: людзі пачынаюць разумець, што такое Беларусь, што ў ёй добрае, што адрознівае яе ад іншых краін. Пачынаюць звяртаць увагу: гэта беларускае мерапрыемства, вось гэта беларусы арганізавалі. Пачынае будавацца вобраз, не звязаны з дзяржаўнай структурай, які больш пра культуру. Мы штосьці робім, і для чалавека, які нічога не ведаў пра Беларусь, акрамя “чэмпіянат свету” і “ ўсё дрэнна з правамі чалавека”, яна стала нечым большым. Ён паедзе ў Беларусь і будзе шукаць іншыя рэчы, яму ўжо знаёмыя. Кшталту “а ў вас там, мы ведаем, стрыт-арт класны”. Нядаўна ў Стакгольме бразільскія графіцісты зрабілі першы ў горадзе афіцыйны мурал з 1970-х гадоў. Нашыя знаёмыя сталі казаць: “Вось як выдатна — нарэшце і ў Стакгольме з’явіўся такі прыгожы стрыт-арт, як у Мінску”.
А яшчэ, будучы валанцёркай, я вучылася пісаць Erasmus+ праекты. Вось трошкі кансультавала беларускую каманду “Фаланстар” па гэтых пытаннях. Мне іх ідэя спалучаць беларускую мову і вельмі сучасныя штукі кшталту Вікіпедыі вельмі падабаюцца. Вікіфікацыя Беларусі важная, бо гэта менавіта тое, праз што можна развіваць мову.
— Ці часта чуваць у Стакгольме беларуская мова?
— Тут беларускай мовы вельмі мала. Калі я сустракаюся з беларусамі і ведаю, што мяне зразумеюць, нават калі па-руску адказваюць, я пераходжу на беларускую заўсёды. Мае суразмоўцы — час ад часу. Але калі менавіта паміж сабой зносяцца — збольшага, на жаль, руская мова. Беларуская мова ў быце — трэба, каб была сям’я ці вельмі блізкія сябры. Таму мова неяк захоўваецца, але не вельмі пашыраецца. Курсы “Мова Нанова — Стакгольм” далі сумны вынік, таму я і прыняла рашэнне іх закрыць. Яе наведвалі тыя, хто ведае мову хоць трошачкі. Хто не ведае — той і не цікавіцца. Пабылі раз, пасля “ой, тут беларуская мова” — і ўсё. Самы моцны ўплыў, якія зрабілі курсы, — рускамоўны партнёр Алекса Мельнікава з Масквы хадзіў да нас, каб разумець Алекса лепей. Але беларуская можа пашырацца хаця б праз разуменне ці адчуванне яе як часткі супольнасці. Увогуле, раней беларускую спрабавалі зразумець праз рускую, а цяпер яе паступова пачынаюць параўноўваць з польскай, чэшскай, славацкай мовамі.
“Мова Нанова — Стакгольм”, аўтарка фота Ірына Азаранка
— Ці будзеш ладзіць новыя моўныя курсы ў будучыні?
— Не ведаю. На курсы вельмі шмат энергіі ідзе. Думаю, у іншым фармаце зрабіць — не буду ставіць мову ў цэнтр, але яна будзе сродкам. Хочам зрабіць гурток восенню па аптымізацыі працы рады некамерцыйнай арганізацыі. У ідэале праз гэта хачу паспрабаваць павучыць мову, павялічыць актыў, пашырыць успрыманне беларускай мовы праз выкарыстанне яе як сродак інтэграцыі ў шведскае асяроддзе.
— Скажы, з якімі складанасцямі ты сутыкаешся як старшыня арганізацыі?
— Вельмі цяжка перавыхоўваць беларускіх арганізатараў на дэмакратычны лад жыцця, прыбраць трыманне на лідары. У нас на Купаллі гэта вельмі адчувалася: было каля дзесяці арганізатараў: украінцы і беларусы. Украінцы тры месяцы размаўлялі, рыхтаваліся, было ўземакіраванне, узаемаманіторынг. У нас, калі я паехала на праект і была вельмі занятая працоўнымі справамі, усе сядзелі і чакалі мяне. І гэта паказвае, што можна вывезці чалавека з дыктатуры, а дыктатуру з чалавека — складаней. Ты можаш быць лідарам, але гэта няправільна, такое кіраванне не развівае арганізацыю як сістэму, робіць працэсы аднабокімі. Мне б хацелася больш дэмакратыі, больш лідараў, зрабіць арганізацыю, якая будзе працаваць добра як платформа супольніцтва беларусаў у Швецыі.
А яшчэ асабіста мне не хапае больш шчыльных кантактаў паміж рознымі згуртаваннямі беларусаў замежжа. Калі іх наладзіць — будзе адчуванне глабальнай Беларусі. Мне распавядала дзяўчына з украінскай арганізацыі: у самыя цяжкія часы, гістарычна так склалася, калі краіна была ў заняпадзе ці канфліктах, менавіта дыяспара яе выцягвала. Людзі, якія жывуць у краінах з больш высокім даходам, большымі магчымасцямі, сувязямі афіцыйных узроўняў, аказвалі гуманітарную, фінансавую і інфармацыйную дапамогу. Дыяспара важная. Таму вельмі хочацца, каб паміж беларускімі дыяспарамі была сувязь, каб адчувалася, што мы — беларусы свету. Трэба факусавацца на тым, што нас аб’ядноўвае.
— Плануеш вяртацца ў Беларусь?
— Не ведаю. На сённяшні момант мне падабаецца ў Швецыі. Я, якая цяпер перад табой сядзіць, хацела б перацягнуць сюды бацькоў ці хаця б паказаць ім месца, якое адпавядае іх марам пра Еўропу. Мама стала настаўніцай ангельскай мовы, каб калі-небудзь у Лондан трапіць, тата мае справу з еўрапейскай тэматыкай. Вядома, было б цікава зрэдку ездзіць у Беларусь. У мяне быў перыяд: туды паехала, пасля сюды, а вось у Беларусі — дом маіх бацькоў. А свой дом мне хацелася б мець у Швецыі. Але ніколі не ведаеш, што будзе: палітычная сітуацыя, эмацыйныя інтарэсы могуць змяніцца. Мне амаль трыццаць, і я тут у сваім узросце. Прыедзь я трошкі раней — не ацаніла б. І я таксама зразумела, што Швецыя не ўсім пасуе. Шмат хто вяртаецца, бо не падабаецца пэўны індывідуалізм, хаця ён вельмі падобны да беларускага. Але калі ты тут жывеш, то адчуваеш, што бярэш адказнасць за тое, як працуе краіна, ты — частка кіраўніцтва. Адказваеш за тое, як плацяць падаткі, як упарадкаваныя дарогі, як уся інфраструктура працуе. І ты можаш змяняць сістэму. Але каб проста быць грамадзянінам, трэба вельмі разбірацца ў тым, як сістэма працуе. А гэта не ўсім падыходзіць — шмат людзей любіць, калі рашэнне прымаецца за іх.
Аляксандра Дварэцкая, “Будзьма беларусамі!”