Беларусы Самарскай вобласці 18–21 лютага правялі марафон мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.
Прэзідэнт Самарскай абласной арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Міхайлаўна Глуская перакананая, што Дзень роднай мовы – асаблівая дата для кожнага народа, асабліва для іх прадстаўнікоў, якія знаходзяцца далёка ад сваёй гістарычнай радзімы: “Родная мова, якую чалавек чуе з моманту нараджэння, накладае на асобу адбітак, надзяляе пэўным бачаннем свету. Нездарма ў моманты асаблівага напружання, у экстрэмальных сітуацыях практычна ўсе пачынаюць думаць менавіта на роднай мове, нават калі ў штодзённым жыцці яе практычна не выкарыстоўваюць. Я нарадзілася і вырасла на тэрыторыі Расіі, але мову беларускую люблю і ведаю ў дастатковай ступені. Для ўдасканалення сваіх асабістых навыкаў валодання мовай летам 2017 года нават прайшла спецыяльны курс на базе РІВШ у Мінску“.
Офіс беларусаў Самарскай вобласці гатовы да прыёму гасцей
Штогод беларусы Самарскай вобласці праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, не стаў выключэннем і гэты год. У часе падрыхтоўкі святочных мерапрыемстваў моладзевае аддзяленне «Руска-Беларускага Братэрства 2000» яшчэ на пачатку года правяло пасяджэнне, на якім падвялі вынікі за мінулы год і зацвердзілі план далейшай працы моладзевага аддзялення па адраджэнні і развіцці культуры і мовы беларускага народа, захаванню яго самабытнасці, традыцый і абрадаў у Самарскай вобласці.
– Нам вельмі прыемна, што ў Самарскай вобласці вельмі цёпла ставяцца да Беларусі і беларускага народу. Гэта стала магчымым дзякуючы нястомнай дзейнасці паважанай Ірыны Міхайлаўны Глускай, прэзідэнта САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000», якая ў кожнае мерапрыемства самарскіх беларусаў укладае часцінку сваёй душы і сэрца, – з непадробнай шчырасцю кажа Юлія Аляксандраўна Цяплянская, кіраўнік моладзевага аддзялення абласной арганізацыі беларусаў.
Яна Стрынакова вельмі эмацыйна прачытала верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы «Спадчына»
У ходзе Тыдня роднай мовы, прымеркаванага да гэтай даты, беларусы Самарскай вобласці гасцінна сустракалі сваіх партнёраў – навучэнцаў гарадской акругі Самара.
Для вучняў муніцыпальнай бюджэтнай адукацыйнай установы “Гімназія №2” яе дырэктар Сяргей Мікалаевіч Калеснікаў, ганаровы работнік агульнай адукацыі Расійскай Федэрацыі, арганізаваў экскурсію па Доме дружбы народаў Самарскай вобласці, у ходзе якой яны пазнаёміліся з традыцыямі і звычаямі народаў, якія пражываюць у Самарскай вобласці.Гімназісты паўдзельнічалі ў квэст-гульні, якая дазволіла ім паазнаёміцца з беларускім алфавітам.
Дырэктар Дома дружбы Народаў Ігар Віктаравіч Бураў уручыў удзельнікам мерапрыемства Дыпломы і Падзячныя лісты
Навучэнцам гімназіі спадабалася выстава твораў класікаў беларускай літаратуры і “адкрыты” урок, на якім яны вывучылі такія словы як “мама”, “тата”, “дружба”, “перамога”, а таксама вітанні і пажаданні на беларускай мове.
А непасрэдна ў Дзень роднай мовы самарскія беларусы ўзялі ўдзел у шматнацыянальнай канцэртнай праграме, у межах якой актывістка моладзевага аддзялення «Руска-Беларускага Братэрства 2000» Яна Стрынакова эмацыйна прачытала верш Янкі Купалы «Спадчына». Затым яна разам з Уладзімірам Глухавым у офісе самарскіх беларусаў развучвалі з навучэнцамі школы №124 гарадской акругі Самара беларускія прыказкі і прымаўкі, знаёмілі іх з творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Гэтая навучальная ўстанова таксама з'яўляецца даўнім і надзейным партнёрам абласной арганізацыі беларусаў. Вучні гэтай школы – пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія ладзяць беларусы Самарскай вобласці.
Удзельнікі мерапрыемства, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы - фота на памяць
Па дадзеных Усерасійскага перапісу 2010 года ў Расіі пражывае больш за 500 тыс. беларусаў і выхадцаў з Беларусі, пры гэтым толькі 173 тысячы 980 чалавек пазначылі сябе, як носбітаў беларускай мовы.
Пра што кажуць гэтыя лічбы? Пра тое, што менш за палову нашых суайчыннікаў у Расіі, беларускую мову назвалі роднай. Усерасійскі перапіс насельніцтва, які будзе праходзіць з 1 па 31 кастрычніка 2020 года, унясе пэўныя карэктывы... Якімі яны будуць, залежыць ад усіх нас, дарагія мае суайчыннікі.
Мікалай Бойка, “Руска-Беларускае Братэрства 2000”