Беларусы Пецярбурга дапамагаюць пацярпелым аплочваць штрафы і адвакатаў з дапамогай «гаражсэйлаў»

Беларусы Санкт-Пецярбургу ўжо трэці раз ладзяць «гаражныя распродажы». Людзі прыносяць на «гаражсэйл» непатрэбныя кнігі, вопратку, біжутэрыю, якія добра раскупляюцца.

«Калі ў вас ёсць рэчы ў добрым стане — будзем рады іх прыняць», — звяртаюцца беларусы да ўсіх ахвотных на сваім Тэлеграм-канале. Аднак рэчаў прыносяць так шмат, што часам не хапае месца, адзначае «Свабода».

Грошы, заробленыя такім чынам, ужо пайшлі на аплату штрафаў беларусам Санкт-Пецярбургу, а таксама на адваката 16-гадоваму палітвязьню Мікіту Залатарову, якому ў Беларусі далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі», а цяпер распачалі яшчэ адну крымінальную справу за нібыта напад на канваіра.

Прадстаўнікі беларускага зямляцтва ў Санкт-Петербургу выходзяць на вулічныя акцыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі больш як 200 дзён, штораз у новым месцы, заўсёды з бчб-сцягамі. Пікетаваць беларускую амбасаду ім забаранілі — нібыта праз каронавірус. Пецярбурскія суды пачалі даваць за несанкцыянаваныя акцыі штрафы і суткі. Прычынай нядаўняга арышту чатырох актывістаў з беларускага зямляцтва стаў запіс відэароліка, дзе яны спяваюць у падтрымку пратэстаў у Беларусі, а адзін з удзельнікаў усклікае «Свабоду Навальнаму!»

Санкт-пецярбурскія беларусы падтрымліваюць таксама перадачамі сябра страйкаму «Беларуськалія» Андрэя Прылуцкага, які сядзіць у пецярбурскай турме «Кресты». Ён з'ехаў у Расію, дзе збіраўся папрасіць палітычнага прытулку, але яму адмовілі, арыштавалі, і ён за кратамі чакае экстрадыцыі ў Беларусь.

novychas.by