14 красавіка ў Беларускім цэнтры пры Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя першага нумара пэрыядычнага выданьня па фатаграфіі – “Зянон Пазьняк: Беларуска-Амэрыканская фатаграфія”.
Першы нумар выданьня складаецца з дзвюх частак. У першай частцы прадстаўленая падборка фотаздымкаў Зянона Пазьняка “Тыпажы Нью-Ёрка”. Другая палова выданьня – гэта падборка фотаздымкаў спадара Джона Кунстадтэра, у мінулым – амэрыканскага дыплямата, сёньня – прафэсыйнага фатографа, які падчас дыпляматычнай працы ў Беларусі палюбіў беларускую вёску, простых людзей, якія там жывуць, і штогод прыязджае ў Беларусь здымаць простых беларусаў, іх культуру і побыт.
Зянон Пазьняк падчас прэзентацыі прызнаўся, што фатаграфія заўсёды была адным з накірункаў яго творчай дзейнасьці, і за час жыцця ў Амэрыцы ў яго назьбіралася шмат фотаздымкаў, якія можна рассартаваць прыкладна на дзевяноста тэмаў.
Пры канцы прэзэнтацыі аўтар падзяліўся планамі: у бліжэйшых нумарах альманаху зьявяцца фатаграфіі Уладзімера Кармілкіна, Яўгена Шатохіна, Алеся Крыштаповіча і ды іншых мастакоў.
Натальля Федарэнка,
фота Віктара Дударава