Беларусы ў Канадзе: жыццё з Бацькаўшчынай у сэрцы


Актывіст Згуртавання беларусаў Канады Алесь Кот даў вялікае інтэрв’ю пружанскай раённай газэце “Раённыя будні”.

— Дык чаму з’ехалі, спадар Аляксандр? Не было даху над галавой, хлеба на стале? Ці нешта іншае?

— Пытанне не ў брыво, а ў вока. Неаднойчы даводзілася чуць ад іншых: «Таксама ўцёк бы куды вочы глядзяць, абы толькі змяніць нешта ў жыцці». У нашым выпадку ўсё было крыху інакш. Пасля сканчэння БДУ я амаль усё жыццё працаваў на прадпрыемстве «Інтэграл» — на той час, напэўна, самым высокатэхналагічным у Беларусі. Узяў шлюб з добрай дзяўчынай, нарадзілі дзяцей, абжыліся. Усё быццам бы добра. Але, працуючы кіраўніком дэпартамента новай тэхнікі, яшчэ ў пачатку 90-х стаў падазраваць, што ў гіганта савецкай электроннай прамысловасці, які дастаўся Беларусі ў спадчыну ад былога СССР, наперадзе ніякіх перспектыў. На рынках постсавецкай прасторы з’явілася аналагічная нашай прадукцыя «азіяцкіх тыграў» (Паўднёвай Карэі, Сінгапура, Ганконга, Тайваня). Тая прадукцыя была ў сучасным дызайне і значна таннейшая за нашу. Гэтая акалічнасць наганяла сум і думкі: «А што ж далей?» Каб быў год на дзесяць старэйшы, то, безумоўна, нікуды не імкнуўся б. Але ў той час мне было толькі 42. Адчуваў пэўны асабісты патэнцыял. І разумеў, што трэба нешта рабіць, бо не рабіць нічога — найгоршы варыянт.

— Фактычна Вы здзейснілі «экскурсію» на другі бок зямлі. Як хутка прыспела рашэнне спыніцца на заходнім вектары? Чаму менавіта Таронта?

— Тое, што раскажу, будзе выглядаць, як байка, але ж… Неяк аднойчы вярнуўся з працы дахаты. Настрой ніякі. Разгарнуў «Беларускую дзелавую газету», прабег вачыма па дыяганалі і… спыніў позірк на адной інфармацыі. На чорным фоне белымі літарамі было надрукавана: «Эміграцыя ў Канаду». Дагэтуль нават і думкі не было, што Канада — месца, куды магчыма было паехаць. Гэтая краіна ўспрымалася як таямнічы міраж. Патэлефанаваў. Прадстаўнік эміграцыйнага агенцтва размаўляў са мной цэлых 45 хвілін і, прызнацца, моцна зацікавіў. Пасля размовы вагаўся ажно год. Сітуацыя на прадпрыемстве яшчэ пагоршылася. І ўвосень 1996 года прыняў канчатковае рашэнне.

— Вы і зараз пацвярджаеце, што пачынаць новае жыццё ў 43 гады яшчэ не позна?

— Абсалютна так. На маё рашэнне паўплывала і тое, што за 28 гадоў жыцця ў сталіцы шмат у якіх аспектах пераўтварыўся ў касмапаліта. І, безумоўна, прыкладам сталі сваякі, што паехалі ў Новы Свет з надзеяй пачаць новае жыццё. У іх гэта атрымалася. А мы што, горшыя?

— А як жа бацькі? Напэўна, цяжка было з імі расставацца?

— Нават зараз цяжка згадваць момант расставання. Тады як быццам унутры нешта абарвалася. У той красавіцкі дзень 1998 года мы ўсе прыехалі ў Жадзены. У роднай хаце сабралася ўся наша сям’я… Калі пакідалі вёску, матуля, плачучы, перахрысціла нас на дарогу. Тата мужна трымаўся. Ніхто не ведаў, што нас чакае: усё заўсёды гладка толькі на паперы, а ў жыцці — у кожнага свой лёс. Але мы з жонкай спадзяваліся не толькі на тое, што знойдзем сабе справу і ўтрымаемся самі, але і створым трывалы падмурак для будучыні дзяцей.

— У нас часта кажуць, што добра там, дзе нас няма. Ці пацвярджае гэта Ваш асабісты вопыт?

— Скажу так: «Добра там, дзе добра». Відавочна, акрамя нас, у свой час так палічылі мільёны англічан, французаў, ірландцаў, немцаў, украінцаў, прадстаўнікоў іншых народаў, якія пераехалі жыць у Канаду. Сярод эмігрантаў Канады пачэснае месца займаюць таксама і беларусы, што на працягу стагоддзяў на роўных з іншымі будавалі Новы Свет.

— А як Канада прыняла беларуса?

— Мы ведалі, што ў Канадзе ніхто не будзе спецыяльна пад нас падладжвацца. Там нікога не хвалявала, хто мы такія і што нам патрэбна. Мы — гэта я, жонка і двое нашых дзяцей 18 і 16 гадоў. Займеўшы напачатку грошы на бягучыя выдаткі, пачалі рыхтавацца да ўладкавання па-сур’ёзнаму. Адразу зазначу, што мой «інтэгралаўскі» вопыт аказаўся недастатковым. Патрэбна было пацвердзіць дыплом альбо перакваліфікавацца. Усё гэта патрабавала шмат часу. А на якія сродкі жыць? Прааналізаваўшы розныя варыянты, я пайшоў працаваць кіроўцам. З цягам часу набыў свой аўтамабіль і з той пары перавожу грузы з Канады ў ЗША і наадварот. Як бачыце, электроніка і высокія тэхналогіі засталіся ў мінулым…
Дачка працуе менеджарам у адной з кампаній, сын заняты ў ІТ-сферы. Так з цягам часу ўсё ўладкавалася. Атрымалі крэдыт, дастатковы для будаўніцтва дома, пабудаваліся, у тым доме жывём і зараз.

— Падаецца, што нічога з неба ні ў Амерыцы, ні ў Еўропе не падае.

— Так і ёсць. Кожны цэнт трэба зарабіць. Хто не варушыцца, не напружваецца, той і жыве ў абыякой арандаванай кватэры і скардзіцца на дзяржаву Канаду, што не дае прэферэнцый. Менавіта тут, у Новым Свеце, зразумеў вядомае выказванне «Грошы даюць значна больш свабоды». Без грошай чалавек шмат у чым абмежаваны. Без іх і на Бацькаўшчыну не прыедзеш, каб пабачыцца з роднымі, не адпачнеш па-сапраўднаму, нават добрую кнігу не дазволіш сабе набыць.

— А каго Вы наведваеце, калі прыязджаеце ў Беларусь? Хто застаўся тут з родных?

— На жаль, ужо пяць год, як няма нашага таты. У Беларусі засталіся двое братоў і матуля, якой 1 студзеня споўніцца 90 гадоў. Якое шчасце, што ёсць да каго ехаць у Беларусь. «Напампоўваюся» родным паветрам, а праз год ізноў вяртаюся да жа-дзенскіх вязаў набрацца энергіі, павітацца на могілках з татам, дакрануцца да роднай хаты. Тое, што губляем, павышаецца ў кошце неймаверна… І так разрываюся паміж чужынай і Бацькаўшчынай.

— Пасля такога прызнання і пытанні знікаюць… Давайце, спадар Аляксандр, вернемся ў Канаду. Вы шмат сяброў там маеце?

— Мае сябры — гэта члены Згуртавання беларусаў Канады, якое ў год нашага прыезду адзначала сваё 50-годдзе. Менавіта яны дапамаглі прызвычаіцца да канадскай рэчаіснасці. Памятаю, калі мы першы раз сустрэліся з імі ў Таронта, усе яны, як адзін, размаўлялі па-беларуску. Тады гэта вельмі ўразіла, было нязвыклым. Але з цягам часу і мы пачалі размаўляць на роднай мове. Мы не вучылі мову з нуля, а выцягвалі моўныя веды са сваіх падсвядомых запасаў. Родная мова — першае, чаму навучыла мяне матуля. І натуральна, што да школы іншай мовы я і не ведаў. У дадатак да гэтага добрыя ўсходы далі і тыя рэдкія гадзіны беларускай мовы і літаратуры, што выкладаліся ў школе. «Канадскія» беларусы па-добраму з нас пасмейваліся: «Размаўляйце і навучыцеся. Асіліць шлях той, хто ідзе». Так і выйшла: адолелі і англійскую, і, тым больш, родную беларускую мову. На ёй і размаўляем паміж сабой.

— Акрамя мовы, якімі яшчэ скарбамі падзялілася з Вамі Згуртаванне беларусаў Канады? Наколькі я ведаю, у лістападзе беларуская суполка будзе адзначаць свой юбілей.

— Так, хутка мы будзем адзначаць 70-годдзе суполкі і ўшануем беларусаў, якія заклалі падмурак таго грамадскага жыцця, у якім сёння прымаюць удзел беларусы ў Канадзе. Мне пашчасціла застацца на чужыне беларусам. Мы ў Канадзе моцна трымаемся за нашу культурную і моўную спадчыну. Адзін з дыяментаў грамадскай дзейнасці канадскіх беларусаў — музычны гурт «Яваровы людзі», кіраўніком якога з‘яўляецца Віялета Кавалёва.

За 16 гадоў праз гэтую школу культурнага выхавання прайшло больш за сто чалавек (сам гурт складаецца з 8-12 чалавек). Якасць і спеўнасць хору настолькі высокая, што ён можа смела ехаць з гастролямі ў Еўропу і, у прыватнасці, у Беларусь. Наш хор запрашаюць на ўсе Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, што адбываюцца кожныя два гады ў розных гарадах Канады альбо ЗША. Паспяваеш на сваёй мове альбо паслухаеш іншых — лягчэй на душы! Гэта тое, што нам трэба на чужыне… У Канадзе добра ведаюць пра нашу суполку.

Калі ў мінулым годзе мы прымалі ўдзел у Парадзе нацый, прымеркаваным да 150-годдзя Канады, наша беларуская калона з 90 чалавек вылучалася сярод іншых. Змайстраваны 11-метровы бусел — сімвал Беларусі — ледзь змяшчаўся на вуліцах Таронта.

— Дарэчы, падзяліцеся ўражаннямі ад убачанага ў Беларусі.

— Я не магу без Беларусі, таму штогод прыязджаю сюды. І кожны раз бачу змены. Пружаны — прыгожы і ўтульны гарадок з пэўнымі рысамі еўрапейскасці. Цешуся, што на вуліцах нашых гарадоў дзе-нідзе ўсё ж чуваць родную мову. Вельмі спадзяюся, што ўсё ж беларуская мова запануе ў краіне гэтак жа, як шведская — у Швецыі, польская — у Польшчы… Хацелася б, каб жыхары родных Пружан таксама не забываліся пра сваіх знакамітых землякоў. Калі прыязджаў у горад, быў ля хаты на вул. Горка, з якой выйшлі вядомыя ў свеце беларускі Валянціна Пашкевіч і Раіса Жук-Грышкевіч. Яны ўжо пайшлі з жыцця. І адзінае, што мы сёння можам для іх зрабіць, — гэта ўшанаваць іх памяць, каб імёны гэтых жанчын былі ўвекавечаны на роднай зямлі, адкуль яны разам з іншымі пружанцамі былі прымусова вывезены на работы ў Германію. Лёс вадзіў іх па Еўропе і закінуў за акіян. Аднак яны і на чужыне засталіся беларускамі. Працавалі, а ўвесь вольны час выдаткавалі на грамадскія справы: пісалі беларускія кнігі, складалі беларускія падручнікі, слоўнікі, арганізоўвалі беларускія фэсты, святы. Жылі з Радзімай у сэрцы.

Алена Зялевіч,
фота Сяргея Талашкевіча і з асабістага архіва А.Ката