7 снежня Згуртаванне Беларусаў Канады зарганізавала ў Таронта, Канада, пікет супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Нягледзячы на сапраўднае зімовае снежнае надвор'е беларускія актывісты прыйшлі да Беларускага Цэнтру, які стаіць на зямлі, што належыць Парафіі Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта (БАПЦ).
Сімвалічна, што падчас пікетавання над удзельнікамі лунаў вялізны бел-чырвона-белы сцяг, што стаўся пранесеным беларусамі Канады па вуліцах Вільні 22 і 23 лістапада падчас ўрачыстасцяў па пахаванню Герояў вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. У пікеце прынялі ўдзел Старшыня Галоўнай Управы ЗБК доктар Алена Лявончанка, Старшыня Канадыйскага Сектару Рады БНР Алесь Кот, актывісты Згуртавання. Падчас пікетавання Алесь Кот меў кароткую прамову.
Усе удзельнікі пікету атрымалі ў падарунак па два вялікіх значкі, што сталіся прэзентаванымі спецыяльна беларусам Канады — удзельнікам ўрачыстага пахавання Герояў-Каліноўцаў — прадстаўнікамі Беларускага Грамадскага Камітэту ў Вільні 22 лістапада.