Беларусы Канады зладзілі традыцйную вандроўку да Беларускага Памятнага Крыжа ў Мідландзе

1 чэрвеня канадыйскія беларусы здзейсьнілі традыцыйнае падарожжа ў мясцовасць Мідланд канадыйскай правінцыі Антарыё, дзе знаходзіцца Нацыянальная Прошча паўночнаамэрыканскіх пакутнікаў. Сьвятыню, збудаваную у 1926 г., і якая з таго часу знаходзіцца пад апякунствам Ордэна Езуітаў Каталіцкае царквы, штогод наведваюць звыш за 100 000 прадстаўнікоў больш чым 35 розных этнічных і культурных групаў Канады. За 93 гады існаваньня Прошчы пакутнікаў высілкамі шматлікіх нацыянальных грамадзкіх і рэлігійных інстытуцыяў, якія дзейнічаюць у краіне, на 34 гектарах, што яна займае, пабудавана больш за паўсотні крыжоў, алтароў і знакаў памяці важных падзеяў у гісторыі народаў, прадстаўнікі якіх склалі канадыйскую нацыю. Тут стаіць і Беларускі Памятны Крыж, узведзены у 1988 г. у гонар 1000-годдзя хрысьціянства ў Беларусі.


20190601_125728.jpg


Дзея ля Беларускага Памятнага Крыжа пачалася з традыцыйнай службы з удзелам Першаярарха БАПЦ архіяпіскапа Сьвятаслава, Айца Аўгена і прыбыўшага з Беларусі на практыкаваньне ў Царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта сьвятара БАПЦ ярэя Вячаслава. Падчас багаслужбы архіяпіскап Сьвятаслаў неаднаразова зьвяртаўся да тэмы Курапатаў, узгадваючы варварскае зьнішчэньне многіх дзясяткаў крыжоў, а таксама выказаў скрайнюю занепакоенасьць дзеяньнямі беларускіх уладаў у дачыненьні да сьвятарства БАПЦ у Менску.

Сакратар Парафіяльнай Рады царквы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта Вольга Манькоўская распавядала пра пераемнасьць традыцыяў у духоўным жыцьці канадыйскіх беларусаў, адной з формаў якогй і ёсьць штогадовае паломніцтва да Беларускага Памятнага Крыжа, сьвятыні нашых суродзічаў на Чужыне. Захаваньне традыцыяў, закладзеных папярэднімі пакаленьнямі беларусаў, дапамагае духоўна выжыць сучаснай беларускай эміграцыі ў Канадзе.

Алесь Кот параўнаў дзве сыстэмныя формы палітыкі ўладаў у дачыненьні да рэлігійных установаў, што маюць месца ў Канадзе і ў Беларусі. У краіне кляновага ліста беларускае сьвятарства і вернікі самі вырашаюць дзе і якім чынам адпраўляць свае рэлігійныя патрэбы, пад якімі сымбалямі праводзіць багаслужбы і якія словы укладаць у малітвы. Рыхтуючыся да вандроўкі да Крыжа мы не зьвярталіся да канадыйскіх уладаў па дазвол, не выдаткавалі грошаў на аплату паліцэйскай аховы, не баяліся трымаць у руках незарэгістраваныя ў Канадзе бел-чырвона-белыя сьцягі і Пагоню. Адно што пацікавіліся раскладам наведвання прошчы, апублікаваным у бюлетэні мясцовага касьцёлу. З другога боку, падазронасьць уладаў у дачыненьні да ўсіх несыстэмных грамадзкіх і рэлігійных аб’яднаньняў, што мае месца ў Беларусі, нацыянальныя сімвалы, аднесеныя ўладаю да разраду варожых, панаваньне структураў расейскае царквы ў рэлігійнай сфэры жыцьця беларусаў метраполіі і забарона Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, рэпрэсіі супраць сьвятароў - усё гэта праявы адсутнасьці свабоды слова, сходаў і веравызнаньня. Параўноўваючы “там” і “тут”, Алесь Кот канстатаваў, што за дзесяцігоддзі жыцьця ў вольным сьвеце мы на ўласным досьведзе ўпэўніліся, што ў любых умовах і пры любым раскладзе свабода заўсёды лепш несвабоды.

Айцец Вячаслаў распавёў пра парафію Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай БАПЦ у Менску. Праз адсутнасьць свайго храму і дзяржаўнай рэгістрацыі дзейнасьць парафіі носіць вандровачны паўлегальны характар. Сьвятары БАПЦ у Беларусі разязджаюць па краіне, адпраўляючы службы і задавольваючы рэлігійныя патрэбы вернікаў у часова прыстасавых памяшканьнях. Але як сьвятарства, так і вернікаў на Бацькаўшчыне натхняе дзейнасьць БАПЦ на чужыне, дзе Царква мае храмы, а культурныя цэнтры беларусаў замежжа вядуць паўнавартаснае, годнае вольнага чалавека духоўнае жыцьцё.

Пасьля сканчэньня дзеі ля Крыжа грамада няблага падсілкавалася за багата накрытым агульным сталом пад зялёным парасонам дрэваў Прошчы.

Паводле Алеся Ката