16 чэрвеня ў сыботу беларусы Канады здзейсьнілі традыцыйную пілігрымку да Беларускага памятнага Крыжа, што ў Прошчы Пакутнікаў у Мідлядзе ля возера Гурон. Сабралася блізу 40 чалавек з бел-чырвона-белымі сьцягамі, белымі і чырвонымі кветкамі. Некаторыя прыбылі сем’ямі, разам з дзецьмі. Вядомая канадыйская дызайнерка Ірына Варабей прывезла вышытую Пагоню.
На пачатку Першаярарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна Амэрыканскі Сьвятаслаў прачытаў малітву за Беларусь.
Затым слова меў Алесь Кот. Ён узгадаў пра адзін сваеасаблівы юбілей ў найноўшае гісторыі БАПЦ наагул і ў жыцьці і ахвярніцкай дзейнасьці Ўладыкі Сьвятаслава – дзесяць гадоў таму ў Катэдральным Саборы БАПЦ у Брукліне адбылося ягонае высьвячэньне ў сан япіскапа. У тым самым 2008 г. на Саборы БАПЦ Япіскап Сьвятаслаў стаўся абраным на пасаду Першаярарха Царквы і ўжо на працягу 10 год узначальвае адзіную, незалежную ні ад якіх іншых рэлігійных цэнтараў, па літары й духу сапраўды Беларускую праваслаўную Царкву.
Таксама Алесь Кот распавёў пра гісторыю Беларускага Крыжа. Ідэя ўзьняцьця мемарыялу ў Прошчы Пакутнікаў зьявілася ў Раісы Жук-Грышкевіч і Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Яны заклікалі беларусаў замежжа адзначыць 1000-годдзе хрысьціянства ў Беларусі (1988 г.) фінансава спрычыніўшыся да пабудовы і ўзняцця Беларускага Крыжа ў сьвятым мейсцы Паўночна-Амэрыканскіх Мучанікаў, што завецца Мартырс Шрайн, Прошча Пакутнікаў. Знаходзіцца гэтая прошча ў мясцовасьці Мідлянд, у 80 мілях на поўнач ад гораду Таронта, над возерам Гурон на маляўнічым лясістым узгорку. На самай гары стаіць касьцёл, а вакол яго, у парку, на некалькіх гектарах плошчы, разьмешчаныя крыжы альбо алтары розных нацыянальнасьцяў: італьянцаў, партугальцаў, славакаў, харватаў, палякаў, летувісаў, славенцаў, філіпінцаў. Штотыдня там адбываюцца паломніцтвы, Прошчу Пакутнікаў наведваюць тысячы людзей. У студзені 1988 г. быў атрыманы дазвол таксама на ўсталяванне і высьвячэньне беларускага крыжа, якое адбылося ў тым самым годзе падчас 18-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі, на сьвята Лэйбар Дэй. З таго часу канадыйскія беларусы штогод арганізоўваюць туды пілігрымкі.
Сёлета Крыж адзначае свой 30-гадовы юбілей, а месца, дзе ён узвышаецца, набыло за гэты час статус сакральнага для беларусаў Канады.
Дызайнерка Ірына Варабей распавяла пра гісторыю Прошчы. У XVII ст. гэтыя мясьціны толькі пачалі засяляцца эўрапейцамі. Першымі сюды прыйшлі езуіцкія місіянеры. Вакол затокі, да якое прымыкае прошча, тады жылі плямёны гуронаў, а на ўсход знаходзілася тэрыторыя, на якой пражывала вялікае яднанае племя іракезаў. Іракезы былі больш развітымі: у іх ужо была сельская гаспадарка, яны жылі аседла, вёскамі, але ў той самы час яны былі ваяўнічымі. Іхнай метай было далучыць да сябе суседнія плямёны, і адзіным дзейсным сродкам для дасягненьня гэтай мэты яны бачылі вайну. Гуроны ж наадварот, былі качэўнікамі. Калі сюды прыйшлі еўрапейцы, спакойныя, лагодныя гуроны прынялі іх, дзяліліся свамі досьведам выжываньня ў гэтай краіне. Місіянеры-хрысьціяне вывучылі іхную мову і навучалі мясцовыя плямёны веры ў Хрыста. Гуроны цэлымі вёскамі пераходзілі ў новую веру, хрысьціянства. Непадалёк была заснаваная хрысьціянская вёска, у якой жылі разам і сьвятары-місіянеры, і простыя французкія пасяленцы, і хрысьціяне-гуроны. У 1649 г. тут адбылася страшэнная трагедыя. На гэтую вёску і на іншыя пасяленні гуронаў напалі ваяўнічыя іракезы і парэзалі ўсіх жыхароў – менавіта за тое, што яны адышлі ад свае веры і прынялі хрысьціянскую. Людзі стагодзьдзямі памяталі пра гэтую трагедыю, пра гэтю зямлю, палітую крывёю індзейцаў і еўрапейцаў, і таму менавіта тут, на гэтым месцы, канадзкія езуіты пазьней, у 1925 г. збудавалі касцёл, які служыць і сховішчам для парэшткаў трох закатаваных місіянераў, і мейсцам для пакланеньня і малітваў, а зямля вакол яго ўважаецца сьвятой.
Пасля яе выступу слова зноў узяў Алесь Кот і распавёў яшчэ пра адзін мемарыяльны крыж, што побач з Беларускім памятным Крыжам. Ён быў усталяваны ў 1995 г. беларусамі Канады на сёмыя ўгодкі адкрыцьця сьвету праўды пра Курапаты. На гранітным пастаменце – шасьціканцовы крыж, а на камяні ўсталявана мемарыяльная шыльда з надпісам на ангельскай, беларускай лацінцы і францускай мовах: “Памяці ахвяраў камуністычнага тэрору. Сотні тысяч нявінных ахвяраў, растраляных у Курапатах, сотні тысяч беларускіх навукоўцаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, паэтаў, сялян, работнікаў, замучаных у савецкіх вастрогах, ссыльных лагерох Варкуты, Калымы й Салоўкаў – мы вас не забудзем! «Курапаты – Дарога Сьмерці» – сталіся сымбалем генацыду беларускага народу, учыненага над ім палітыкай савецкага рэжыму”.
Алесь Кот зазначыў, што тады, больш за дваццаць гадоў таму, ня ведалі шмат якой праўды і пра чалавечыя страты ў Беларусі падчас панаваньня сталіншчыны, і пра рэальныя страты падчас шасьцігадовай Другой сусветнай вайны – статыстыку закатаваных, растраляных нкусаўцамі перапампоўвалі ў статыстыку ахвяраў вайны, каб схаваць маштабы злачынстваў савецкага рэжыму, сьпіхнуўшы бальшыню рэпрэсаваных на гітлерцаў.
Згуртаванне Беларусаў Канады