Беларусы Канады ўшанавалі памяць Герояў Случчыны

Сёлета ўсе галоўныя грамадзка-палітычныя мерапрыемствы, што ладзіць Згуртаваньне Беларусаў Канады, праходзяць па знакам 100-годдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Таму й урачысты сход беларускае грамадзкасьці Канады з нагоды 98-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну, праведзены 25 лістапада ў Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтары Таронта стаўся працягам галоўнага сьвята беларускага народу.

Распачынаючы сьвяточную імпрэзу, старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Алёна Лявончанка зазначыла, што здзейсьненае беларусамі Случчыны ёсьць прыкладам адданасьці Бацькаўшчыне, гатоўнасьці ахвяраваць самым каштоўным – сваім жыцьцём – дзеля абароны роднае зямлі і сваёй свабоды ад чужынскае навалы.


01-20181125_133431.jpg

Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Алёна Лявончанка



Сябра Рады Парахвіі Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ Ірына Аксёнава зачытала сьвяточнае прывітаньне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла. У ім у прыватнасьці адзначалася, што сёлетні год – юбілейны для беларускай дзяржаўнасьці. Але бачна, як на фоне суседніх з намі краінаў, што таксама сьвяткуюць стагодзьдзе сваёй незалежнасьці, улады Беларусі фактычна праігнаравалі гэтую найважнейшую дату. У сваім лісце Спадарыня івонка Сурвілла папрасіла  кожнага з Суродзічаў прыпомніць сёньня гераізм нашых яшчэ недалёкіх продкаў і  выказаць ім за іх яскравы чын. Яны паказалі ўсім нам, як трэба цаніць сваю зямлю.

Алесь Кот зачытаў Сымбалічны ліст Нацыянальных Герояў, зазначыўшы, што такая традыцыя ўганараваньня змагароў за Бацькаўшчыну ў Дзень Герояў жыве на эміграцыі з самага пачатку існаваньня на чужыне беларускіх арганізацыяў. Прамоўца прасачыў сувязь падзеяў 1918 году ад абвяшчэньня БНР да народнага выбуху ў цэнтры Беларусі на Случчыне напрыканцы 1920 году, прадэманстраваўшы на фактах, дакумэнтах адзінства стратэгічных мэтаў Рады БНР і мэтаў Рады Случчыны, адзінства памкненьняў беларускага народу, які дэлегаваў сваіх прадстаўнікоў на Першы Ўсебеларускі Зьезд у сьнежні 1918 году, і памкненьняў случчакоў, якія вылучылі на свой зьезд прадстаўнікоў зямлі, на якой яны жылі і якую абаранялі.


02-20181125_133617.jpg

Сябра Рады Парахвіі Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ Ірына Аксёнава



Пасьля кароткага экскурсу ў ваенныя падзеі падчас узброеннага супрацьстаяньня паўстанцаў і аддзелаў Чырвонае арміі Расеі таксама прагучала колькі словаў пра лёс удзельнікаў паўстаньня пасьля ягонага задушэньня, калі са Случчыны зьехалі каля 15 тысячаў чалавек: афіцэраў і стральцоў інтэрніравалі ў Беласток, дзе яны знаходзіліся да красавіка 1921, а потым іх перавезьлі ў Дарагуск пад Бугам і там утрымлівалі да канца траўня 1921 году. Тых, хто вярнуўся дахаты, на Случчыну, ГПУ-НКУС спачатку не чапала, вычэкваючы, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстаньня. Аднак праз 7—8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, дзе яны і памерлі. Так загінулі падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч і паручык Багушэвіч. Капітан Анастас Анцыповіч і Самусевіч былі выдадзены бальшавікам і пасьля зьдзекаў і катаваньняў расстраляныя. Паручык Бранявіцкі быў забіты падасланымі ў Польшчу агентамі НКУС. Паручнік Нікадзім Кернажыцкі і Тодар Янушэнка – арыштаваныя НКУС і сасланыя ў Сібір на цяжкія прымусовыя работы ў 1939 годзе. Прапаршчык Рудзік – расстраляны ў 1940 годзе. Сябра Рады, Юліян Сасноўскі, ня вытрымаўшы зьдзекаў з боку польскай адміністрацыі, скончыў жыцьцё самагубствам. Старшыня Беларускага зьезду Случчыны Васіль Русак, стаўшы пазьней выдатным прадпрымальнікам, падчас Другое Сусьветнае Вайны выдаваў паштоўкі з Пагоняй, значкі, карты, якія вельмі добра разыходзіліся на тэрыторыі Беларусі і ў эміграцыі. У 1945 годзе яго, на той час ужо грамадзяніна Чэхаславакіі, сьмершаўцы гвалтоўна вывезьлі ў Савецкі Саюз, дзе ён быў засуджаны на 10 год лягероў. Выбітны беларускі дзеяч у лягеры й памёр 23 жніўня 1954 году.

Расповед Алесь Кот скончыў словамі пра тое, што Героі Случчыны – частка нашае вялікае змагарнае гісторыі, няскоранага народнага духу, і яны вечна будуць жыць з намі.


03-20181125_133452.jpg

Алесь Кот



Удзельнікі сходу пазнаёміліся з серыяй кніг пра Раду БНР ад Лявона Юрэвіча і Натальлі Гардзіенка, выпускамі беларускай газэты “Беларускі Эмігрант”, часопісу “Зважай” з артыкуламі па тэме Слуцкага Збройнага Чыну і іншыя выданьні незалежнага беларускага друку.


04-20181125_133547.jpg

Кніжная экспазіцыя



Скончыліся ўрачыстасьці агульным сьпяваньнем гімну БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Паводле Алеся Ката, Таронта