18 траўня 2021 г. на гары Монтэ-Касіна на польскім мемарыяле ІІ Сусьветнай вайны беларусы Італіі адзначылі чарговую дату вызвалення аднайменнага старажытнага кляштара і культурнага цэнтру.
Тут падчас вайны гітлераўскія акупанты стварылі непрыступную фартэцу, якая кантралявала дарогу на Рым і поўнач Італіі. Амерыканская авіяцыя бамбіла нацысцкія фармаванні, умацаваныя на гары. Войскі Брытанскай садружнасці штурмавалі нацысцкія ўмацаванні. Амаль усе аддзелы аўстралійцаў, індусаў, новазеландцаў загінулі ў наступе і жорсткай барацьбе. Тады Брытанскае камандаванне кінула на штурм цытадэлі корпус Войска Польскага пад камандаваннем генерала У. Андэрса, у якім служылі беларускія жаўнеры, і корпус Андэрса з вялікімі стратамі ўзяў цытадэль.
У той лютай бітве загінула ажно 178 беларускіх жаўнераў.
Свабоду на Монтэ Касіна здабылі 18 траўня 1944 г. У гэты дзень сёлета Беларусы Італіі прыйшлі на гару Монтэ-Касіна, на польскі мемарыял загінуўшых вайскоўцаў генерала У. Андэрса, каб ушанаваць памяць загіблых беларускіх герояў, а таксама ўсіх палеглых за свабоду Італіі, свабоду Еўропы і сваёй Бацькаўшчыны.
Мікола Купава