Беларусы Іркуцка прынялі ўдзел у святкаванні Дня Расіі

12 чэрвеня на ўрачысты мітынг каля Палаца спорту сабраліся іркуцяне: сем’і з дзецьмі, студэнты, людзі сталага веку, прадстаўнікі нацыянальных цэнтраў і творчых калектываў. Дзень Расіі адзначаецца з 1994 года і першыя дзесяць гадоў называўся днём прыняцця “Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Расійскай Федэрацыі”.

Прадстаўнікі 19 нацыянальна-культурных цэнтраў (НКЦ), тэрытарыяльных грамадскіх самакіраванняў, патрыятычных клубаў і некамерцыйных арганізацый прайшлі па вуліцы Леніна да сквера Кірава. У шэсці традыцыйна брала ўдзел Іркуцкае таварыства беларускай культуры ім. Я.Д. Чэрскага (ІТБК). Таксама ў гэтым годзе да шэсця далучыўся Іркуцкі Беларускі клуб Крывічы”. Прадстаўнікі НКЦ у гэты дзень неслі “Пояс дружбы”, які сімвалізуе мір і роўнасць, узаемную павагу ўсіх нацыянальных культур Іркуцкай вобласці.


05-litoucy.jpg

Разам з літоўскімі сябрамі


Алена Віктараўна Сіпакова, старшыня ІТБК, кажа: “Для Расіі з яе разнастайнасцю моў, традыцый, народаў і культур нацыянальнае пытанне носіць фундаментальны характар. Адной з галоўных умоў існавання нашай краіны з’яўляецца грамадзянская і міжнацыянальная згода. На мой погляд, без любові да свайго народу, без павагі да яго традыцый ніякай любові да іншых народаў, што насяляюць тваю краіну, не атрымаецца. А наш Іркуцк – шматнацыянальны горад, у якім пражывае звыш 130 нацыянальнасцяў. У Іркуцку заўсёды карыстаюцца павагай нацыянальныя культуры, канфлікты на нацыянальнай глебе адбываюцца вельмі рэдка. Мы ўсе жывем у адной вялікай краіне, у “вялікай сям’і”, мы ўсе розныя паводле сваіх нацыянальных каранёў, але нас аб’ядноўвае Расія, яе гісторыя, у якой зліліся і перапляліся лёсы многіх народаў. І не важна, што хтосьці паляк, армянін, прадстаўнік іншай нацыі – мы адчуваем і ведаем, што ў нас адна краіна і адна агульная руская мова”.

Святочную праграму працягнулі Восьмы фестываль нацыянальных культур, Дзясяты байкальскі кірмаш нацыянальных рамёстваў, гульні, выставы і майстар-класы ад НКА, фестываль творчасці “Іркуцкі Арбат” і канцэрт. Ад ІТБК у кірмашы ўдзельнічалі ганчары Ганна і Аляксей Кухта. Таксама яны прадставілі свой “Іван-чай” – з ляснымі ягадамі, лісцем парэчкі, маліны, чабору, вятроўніка і нават ігліцы!


04-hancary.jpg

Выстава прац беларускіх ганчароў


А падчас канцэрту таленавітая пятнаццацігадовая вакалістка Аляксандра Лабар выканала песню з рэпертуару Алены Ланскай “Васільковае неба” – песню пра Беларусь, дом, Радзіму. Сям’я Аляксандры два гады таму пераехала з Крычава (Магілёўская вобласць). Дзяўчына з задавальненнем прадстаўляе ІТБК на розных творчых пляцоўках.


06-Alaksandra.jpg

Аляксандра Лабар


Удзельнікі моладзевай секцыі ІТБК разам з удзельнікамі шэсця вырашылі патанчыць напярэдадні свята Купалля, а актыўныя іркуцяне далучыліся да гэтага дзеяння!

Пводле Марыі Лойка