Беларусы Батумі распавялі пра свае вынікі года

Адыходзячы год кардынальным чынам змяніў жыццё многіх беларусаў. Шмат нашых суачыннікаў, ратуючыся ад рэпрэсій, знайшлі прытулак у Грузіі. Толькі ў горнай Аджарыі, па неафіцыйных звестках, жыве каля 5000 беларусаў. Выбар тлумачыцца проста: сюды можна даляцець самалётам, віза не патрабуецца, мора, пальмы, адносна цёплы клімат, смачная ежа і ветлівыя людзі. Але не адпускае боль — туга па Радзіме, трывога за тых, хто застаўся, і надзея на вяртанне.

Падчас апошняй акцыі салідарнасці, якія ў Батумі рэгулярна ладзіць беларуская дыяспара, яе ўдзельнікі распавялі, якім для іх стаў адыходзячы год і з якімі думкамі яны сустракаюць 2022.

«Гэты год быў вельмі цяжкі ў эмацыйным плане. Шмат маіх сяброў сядзяць у турмах. Разгром TUT.BY і БелаПАНа, прызнанне іх экстрэмісцкімі фарміраваннямі, потым Радыё Свабода. Гэта ўсё вельмі асабіста для мяне, бо я ўсіх гэтых людзей ведаю, — кажа Юрый Пацёмкін, рэдактар партала udf.by. — Пакуль пра тое, што сітуацыя палепшыцца, гаварыць не выпадае. Таму сумнымі думкамі гэты год завяршаем. Канешне, варта спадзявацца хаця б на цуд, калі больш няма на што. І верыць, што наступны год сустрэнем у Беларусі, у Мінску».

Але 2021 год прынёс Юрыю Пацёмкіну і добрае.

— Я ўпершыню ў жыцці пабываў у Грузіі і вырашыў тут затрымацца. Мне вельмі падабаецца ў Батумі. Прыгожы горад, мора, горы. Гэта хаця б дае пазітыў. А яшчэ сюды прывезлі нашу любімую котку Лісу — яна ў нас рудая і пухнатая. Ёй тут, дарэчы, таксама падабаецца, яна ўжо асвоілася. Зараз ёй добра, бо не холадна. А калі будзе спякотна, то пагледзім. Магчыма, прыйдзецца яе стрыгчы.

— То-бок, вы мяркуеце, што прыйдзецца затрымацца да лета?

— Псіхолагі кажуць, што ў такіх сітуацыях лепш адразу наладзіць быт і думаць, што ты тут надоўга. Калі якія перамены адбудуцца, то гэта будзе добра, а калі не — не будзе залішніх ілюзій.

Сярод удзельнікаў акцыі вылучаецца купка дзяўчат у бела-чырвоных строях.

Адна з іх, Вольга, распавяла, што ў Беларусі была назіральніцай у судах, удзельнічала ў акцыях пратэсту.

«2021 год я сустракала ў Беларусі. Тады яшчэ былі надзеі, што ўсё будзе добра. Яшчэ не было такіх страшных судоў, якія праходзілі сёлета», — кажа дзяўчына.

Вольга з’ехала ў траўні — спачатку ў Расію, потым у Грузію.

«Калі сур’ёзна ўзяліся за актывістаў, я адчула, што трэба ехаць. Меркавала, што гэта часова, можа на пару тыдняў, але пачаліся масавыя ператрусы, і я зразумела, што пакуль вярнуцца не магу.

Зараз мы жывем у рэжыме чакання, у нейкім падвешаным стане. Спачатку, у 2020-м, мы перажылі ўздым, потым стала страшна, але цяпер мусім зноў узняцца і пачаць аднаўляць руіны, якія засталіся ад нашых пратэстаў. Мы шмат перажылі разам і зараз пераасэнсоўваем тое, што адбылося».

Што тычыцца чаканняў ад 2022 года, то ў Вольгі яны звязаны, перш за ўсё, з Беларуссю:

«Я разумею, што назад дарогі няма. І ў лістах палітвязням пішу, што мы ідзем адной дарогай, мы з яе не звернем і не спынімся. Дарога цяжкая. Можна прысесці, прылегчы стомленнымі без сіл, але потым мы ўстаем і ідзем далей. Я дакладна ведаю, што не змагу сказаць: маўляў, мне пашанцавала, мяне не пасадзілі, можна расслабіцца і жыць далей. У душы ўсё роўна цяжка, балюча. І вярнуцца да ранейшага жыцця, ладзіць яго без Беларусі проста немагчыма».

Марыя, сяброўка Вольгі, адзначае, што такога года ў яе жыцці яшчэ не было. «Нават уявіць было нельга, што такое можа адбыцца. Што давядзецца ўсё кінуць — сям’ю, працу, дом — і літаральна з сумкай рэчаў, уброд, пераходзіць мяжу і ратавацца. Спачатку здавалася, што гэта немагчыма ў прынцыпе, потым стала зразумела, што ў нашай краіне ўсё можа быць, а потым выявілася, што гэта можа тычыцца асабіста мяне».

Але на тое, што адбываецца, Марыя глядзіць па-філасофску: «Гэта жыццё, яго праява, і праз гэта трэба прайсці. Мы робім гэта як умеем, натуральна, у нас няма досведу. Але я лічу, што мы праходзім праз гэта дастойна. Мы не распаўзаемся і не збягаем. Мы проста на час мяняем месца жыхарства, каб выратаваць свае жыццё, свае сем’і, і працягваць нешта рабіць».

Няпросты час прынес і пазітыўныя моманты, лічыць Марыя: «Я ўбачыла, хто сапраўдны сябра. А некаторыя блізкія сябры выявіліся зусім не блізкімі і не сябрамі. Многія чужыя людзі аказаліся нашмат бліжэй, чым свае, родныя. Я бачу, як гуртуецца наш народ і гэта вельмі крута. Я адчуваю, што мы жывем у нейкі неверагодны час і гэта вельмі радасна. У нас усё атрымаецца, рана ці позна. Кожны дзень мы чытаем навіны, і як толькі наша краіна будзе вольнай, выпусцяць палітвязняў, тут жа, ледзь не пехатою мы пойдзем дадому».

Цяжкі год быў і для Надзеі, якая была назіральнікам на выбарах і бачыла ўсе фальсіфікацыі. З Беларусі яна з’ехала напачатку кастрычніка.

«У 2020 годзе, калі былі маршы, калі людзі выходзілі, была надзея, што ўсё зменіцца, — дзеліцца суразмоўца. — Але потым людзей пачалі саджаць-саджаць... І вера, быццам, не знікла, але духам падаеш. Нягледзячы ні на што, я веру, што мы адолеем гэты рэжым і вернемся дадому. У мяне там засталася радня, мае блізкія, я хачу іх убачыць. Спадзяюся, што дабро і справядлівасць пераможа».

А пакуль Надзея вельмі перажывае за ўсіх палітвязняў і збіраецца працягваць выходзіць на ўсе акцыі і змагацца да канца.

Дар’я і Аляксей, прыгожая маладая пара, адзначаюць, што адыходзячы год прынес ім больш пазітыву:

«З намі адбыўся пераезд і павышэнне па працы. Асабіста для нас усё складваецца добра, нават няёмка адчуваць сябе так добра, калі столькі трэба адбываецца з палітвязнямі і блізкімі для нас людзьмі ў Беларусі.

Мы даўно марылі пра Грузію, бо гэта спрыяльная для жыцця краіна. Нават да падзей 2020 года Беларусь была аўтарытарнай краінай, у якой цяжка жыць. А цяпер атмасфера такая, што немагчыма працаваць і нешта рабіць. У Грузіі цудоўны клімат, цудоўная ежа, цудоўныя людзі.

Ад наступнага года мы, як і большасць беларусаў, чакаем перамогі. Канешне, хочацца на яе спадзявацца і гэтую надзею мы не губляем. А для сябе асабіста мы нічога не чакаем, будзем старацца ствараць свой побыт, напэўна, пакуль тут. Гуртаваць беларусаў, дапамагаць каму чым можам тым, хто прыехаў і тым, хто застаўся ў Беларусі». 

novychas.info