Беларускія карані акадэміка Антона Наумаўца

Малая Радзіма... Аляксандр Твардоўскі, паэт-класік ваеннай літаратуры, быў перакананы, што «...у большасці людзей пачуццё радзімы ў шырокім сэнсе – роднай краіны, айчыны – дапаўняецца яшчэ пачуццём радзімы малой, першапачатковай, радзімы ў сэнсе родных месцаў, бацькоўскіх краёў, раёна, горада ці вёсачкі. Гэтая малая радзіма са сваім спецыфічным характарам, са сваёй – няхай самай сціплай і непатрабавальнай – прыгажосцю паўстае ў чалавеку ў дзяцінстве, у пару памятных на ўсё жыццё ўражанняў дзіцячай душы...». Справядлівасць гэтых слоў пацвярджаецца жыццёвымі гісторыямі выхадцаў з Беларусі, якія жывуць сёння далёка ад сваёй гістарычнай Радзімы.

Адну з іх распавёў наш суайчыннік, які жыве цяпер у Кіеве – Антон Наумавец, вучоны з сусветным імем у галіне эксперыментальнай фізікі паверхні, фізічнай, нана- і малекулярнай электронікі, прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік НАН Украіны, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны…


03.jpg

Акадэмік Антон Рыгоравіч Наумавец, першы віцэ-прэзідэнт НАН Украіны


Навуковая дзейнасць Антона Рыгоравіча адзначана многімі ўкраінскімі і замежнымі ўзнагародамі, ён кавалер Ордэна Яраслава Мудрага V–III ступеняў, афіцэр ордэна акадэмічных пальмаў – узнагарода Францыі за заслугі ў адукацыі і навуцы. Рашэннем Міжнароднай намінацыйнай камісіі ў 2016 годзе наш суайчыннік быў узнагароджаны медалём ЮНЕСКА «За ўклад у развіццё нананавукі і нанатэхналогій». Узнагароду 11 кастрычніка 2016 года ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы яму ўручыла Ірына Бокава, генеральны дырэктар гэтай арганізацыі.


04.jpg

Антон Наумавец з бацькамі, п.г.т. Іванава, 1950 г.


Пры гэтым трэба адзначыць, што шлях у вялікую акадэмічную навуку пачаўся ў Антона Наумаўца ў Беларусі. Нарадзіўся ён 2 студзеня 1936 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, якая размешчана прыкладна ў 25 кіламетрах на паўночны захад ад Пінска на беразе Ясельды, левага прытоку Прыпяці. Дарэчы, у гэтай самай вёсцы 20 лістапада 1948 года нарадзілася і «непрыручаная птушка Палесся», вядомая беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц: «...Мне па душы глухія пушчы, / Лістоты замець на дварэ. / Я непрыручанаю птушкай / Жыву між сполахаў і дрэў…».

Распавядаючы пра выбар прафесіі, Антон Рыгоравіч кажа, што калі вучыўся ў Іванаўскай сямігодцы (яго сям'я ў 1945 годзе пераехала ў пасёлак Іванава, цяпер гэта раённы цэнтр Брэсцкай вобласці), то да сёмага класа марыў стаць чыгуначнікам ці інжынерам шляхоў зносін:


05.jpg

Пад вярбой у дзень шлюбу з Валянцінай Язевай, 3 лiпеня 1958 г.


– Мяне захаплялі апавяданні майго дзядулі Васіля Антонавіча пра чыгунку, чыгуначнікам быў і адзін з маіх дзядзькоў. Акрамя таго, у дзяцінстве я вельмі любіў хадзіць на станцыю і глядзець на паравозы з іх вялікімі коламі, шатунамі і трубамі, з якіх з шумам выходзіў пар. На мяне гэта рабіла моцнае ўражанне. Аднак у восьмым класе да нас прыйшла новая настаўніца па фізіцы і матэматыцы – Аксана Васільеўна Чэпа. Родам яна была з Чарнігаўшчыны, але ў 1930-я гады разам з бацькамі перабралася ў Беларусь, у Гомель, дзе не было такога жудаснага голаду. Пасля вайны Аксана Васільеўна скончыла там педінстытут і была накіравана ў нашу школу. Пад яе ўплывам я захапіўся фізікай, і гэта вызначыла мой далейшы прафесійны лёс, – з непадробнай шчырасцю дзеліцца сваімі ўспамінамі наш знакаміты суайчыннік.


06.jpg

Пад той самай вярбой праз 55 гадоў, 3 лiпеня 2013 года


На маё пытанне, чаму для працягу вучобы быў абраны менавіта Кіеў, Антон Рыгоравіч кажа: «У школе мы вельмі добрасумленна рыхтаваліся да паступлення, вырашалі шмат задач, якія прапаноўваліся на ўступных іспытах у розных універсітэтах і інстытутах Саюза. Ехаць у Маскву ці Ленінград было, шчыра кажучы, боязна, бо ў такіх велізарных гарадах я ніколі не бываў. Як варыянт разглядаўся Мінск, але фізічнага факультэта там яшчэ не было, а быў толькі фізмат, ды і ехаць туды ў тыя гады трэба было з двума перасадкамі. А тут праз нашу станцыю пачаў хадзіць прамы цягнік Брэст–Кіеў. Бацька з захапленнем распавядаў мне пра прыгажосць Кіева, праз які ён вяртаўся дадому пасля Першай сусветнай вайны. З улікам усіх гэтых абставінаў і праз тое, што яшчэ два маіх аднакласніка таксама ехалі ў Кіеў для паступлення ў КПІ, было прынята рашэнне ўзяць курс на «маці гарадоў рускіх».

Шлях нашага суайчынніка Антона Наумаўца ў вялікую навуку прадоўжыўся ў Кіеве, ён зрабіўся студэнтам Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т.Г. Шаўчэнка. У гэты ж час студэнткай гэтай навучальнай установы стала і Валянціна Язева.


07.jpg

Першы віцэ-прэзідэнт НАН Украіны акадэмік А.Р. Наумавец і Генеральны дырэктар ЮНЕСКА І. Бокава: цырымонія ўзнагароджання медалём ЮНЕСКА «За ўклад у развіццё нананавукі і нанатэхналогій», 11 кастрычніка 2016 г. штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы


– З Валянцінай мы адначасова, у 1952 годзе, сталі студэнтамі радыёфізічнага факультэта, а пасля яго заканчэння ў 1957 годзе атрымалі прызначэнні ў Інстытут фізікі АН УССР. Пажаніліся мы ў 1958 годзе, у нас два сыны, Аляксандр і Рыгор, унук Антон і ўнучка Марыя, – з асаблівым гонарам кажа Антон Рыгоравіч.


08.jpg

У снежні 2018 года за вялікія заслугі ў развіцці беларуска-украінскага супрацоўніцтва наш суайчыннік узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь


Прыемна адзначыць, што малодшае пакаленне нашага земляка памятае карані свайго роду. Малодшы сын Рыгор кажа, што яшчэ ў канцы 60-х і пачатку 70-х бацька навучыў яго чытаць па-беларуску... Прыкладна ў той самы час сыны ўпершыню наведалі бацькаву малую радзіму.

Сустракаючыся са сваімі землякамі, якія жывуць далёка ад сваёй малой Радзімы, кожны раз пераконваюся ў іх шчырай любові да зямлі, дзе яны нарадзіліся і зрабілі свае першыя крокі.


09.jpg

За вялікі ўклад у развіццё навукі Антон Рыгоравіч Наумавец узнагароджаны  Залатым медалём Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


У сваім аўтабіяграфічным артыкуле «Нататкі аб маім жыцці з адлегласці 80 гадоў», падрыхтаванага да 80-гадовага юбілею, Антон Рыгоравіч адзін з раздзелаў назваў: «Мой радавод: «Радзіма мая, Беларусь...». І гэта не проста словы, Антон Рыгоравіч шчыра любіць Беларусь, актыўна працуе з беларускімі навукоўцамі. У снежні 2018 года за вялікія заслугі ў развіцці беларуска-украінскага супрацоўніцтва наш суайчыннік узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а за вялікі ўклад у развіццё навукі – Залатым медалём Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Мікалай Бойка, член Беларускага саюза журналістаў