Беларускія аўтары падаравалі кнігі школьнікам з Бельску-Падляшскага

Навучэнцы школы №3 з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў польскім горадзе Бельск-Падляшскі атрымалі ў падарунак новыя кнігі на беларускай мове. Кнігі з аўтарскімі аўтографамі ў бібліятэку навучальнай установы перадалі ў дар беларускія пісьменнікі Алег Грушэцкі і Аксана Спрынчан.

Бельска-падляшская школа № 3 з дадатковым вывучэннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча атрымала зборнік казак беларускіх аўтараў «Нявеста для Базыля» (дзе Алег Грушэцкі выступіў як аўтар адной з казак), кнігі аўтарства Аксаны Спрынчан («Смачная кніга» і «Таташ Яраш, мамана Аксана, дачэта Альжбэта »), раман Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма», а таксама зборнік вершаў для дзяцей Эдзі Агняцвет «У свеце дабрыні».

Кнігі сучасныя, добра вядомыя беларускаму чытачу, пра якія неаднаразова пісалі беларускія СМІ і літаратуразнаўцы. А школьны раман Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма» сёлета быў уганараваны літаратурнай Прэміяй Цёткі ў намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей або падлеткаў», вылучаны на Прэмію Гедройца і атрымаў шмат станоўчых водгукаў ад беларускіх крытыкаў. Кнігі, дзе пісьменнікі Грушэцкі і Спрынчан з’яўляюцца аўтарамі, былі падпісаны з цёплымі пажаданнямі для вучняў і педагагічнага калектыву школы.


02-3_94_logo.jpg

Алег Грушэцкі падпісвае сваю кнігу


03-4_97_logo.jpg

Аксана Спрынан падпісвае свае кнігі


Бельск-Падляшскі (знаходзіцца недалёка ад Беластока) – адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. У горадзе дзейнічаюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы, тут штогод праводзіцца фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень», праходзяць «Спасаўскія запусты» – народнае свята з удзелам творчых калектываў з Падляшша, Любліна і Беларусі. Таварыства беларускай культуры ладзіць дэкламатарскі конкурс «Роднае слова», накіраваны да дашкольнікаў, вучняў пачатковых школ ды гімназій. Ад 1944 года у горадзе дзейнічае Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча.

Апроч таго ў Бельску-Падляшскім штогод праходзіць раённы адбор фестывалю «Беларуская песня». Дарэчы, сёлетні фестываль быў юбілейны, 25-ты! 16 лютага ён завершыўся гала-канцэртам у Беластоку. Сталы ўдзельнік фэсту – калектыў «Вянок», які дзейнічае пры Агульнаадукацыйным ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. У 1994 годзе ліцэй святкаваў свой 50-гадовы юбілей. На той час ліцэй выпусціў 2963 выпускнікоў.

У бельскай школе № 3 прадметы выкладаюцца на польскай мове, а беларуская мова з'яўляецца дадатковым прадметам. Школа працуе з 1965 года, у 2015 годзе яна ўрачыста адзначыла 50-годдзе свайго існавання. У 2017/2018 навучальным годзе ў школе навучалася 688 вучняў, у ёй працуе 83 настаўнікі і 21 працаўнік персаналу і адміністрацыі. Будынак школы знаходзіцца ў прыгожым парку ў самым цэнтры горада, на вуліцы Панятоўскага, 9, у комплексе будынкаў з найбольшай у горадзе спартзалай.


05-img_20180912_071659_logo.jpg

Вучні бельска-падляшскай школы з атрыманымi кнiгамi


На сённяшні дзень у Польшчы беларускую мову як дадатковы прадмет вывучаюць у 25 пачатковых школах, 17 гімназіях, 3 агульнадукацыйных ліцэях – у Гайнаўцы, Бельску-Падляшскім і Беластоку. Дзейнічае дзіцячы садок з польскай і беларускай мовамі навучання ў Беластоку і беларускамоўныя групы ў дзіцячым садку №1 у Гайнаўцы. Выкладанне беларускай мовы, гісторыі і культуры таксама ажыццяўляецца ў польскіх вышэйшых навучальных установах Варшавы, Беластока і Любліна.

Алег Грушэцкі, “Новы Час”