Беларускі арт-тыдзень у Сібіры. Post factum

“На працягу пяці дзён вы з галавой занурыцеся ў атмасферу беларускай творчасці і мастацтва!” Такімі словамі мы – Новасібірскі цэнтр беларускай культуры – анансавалі беларускі арт-тыдзень у Сібіры. З-за няпростых эпідэміялагічных абставінаў большая частка падзей прайшла ў анлайн-фармаце, але ад гэтага не стала менш цікавай. А ў фінале мы ўсё ж такі сабралі сібірскіх беларусаў на рэальную арт-сустрэчу! Але пра ўсё па парадку.

Чаму ж мы вырашылі правесці беларускі арт-тыдзень у Сібіры? Усё пачалося з ідэі змясціць некалькі рознабаковых творчых івэнтаў у адзін восеньскі тыдзень. З ідэі выйсці за рамкі звыклых форм арганізацыі мерапрыемстваў, захаваўшы пры гэтым беларускі каларыт.

Наш тыдзень стартаваў з інтэрнет-акцыі беларускіх песень #налавочке. Умовы для ўдзелу былі вельмі простыя – запісаць беларускую песню, седзячы на лавачцы. Акцыя праходзіла ў анлайн-фармаце, што было вялікім плюсам: сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі не толькі Новасібірскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў Расіі. Бо ў інтэрнет-прасторы, вядома ж, адлегласць не мае значэння! У выніку народнага галасавання быў вызначаны пераможца. Музычным экспертам выступіў Вячаслаў Статкевіч – мастацкі кіраўнік заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

Анлайн-прэзентацыя фільма “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры: 20 гадоў” адбылася на другі дзень. Так, нам ужо 20! Па чалавечых мерках – маладая, але ўжо сфармаваная асоба са сваім светапоглядам і характарам. Яшчэ два дзесяцігоддзі таму беларускі рух у Сібіры толькі нараджаўся, а сёння ўжо актыўна дзейнічае культурны цэнтр! Колькі праведзена фестываляў, арганізавана семінараў і конкурсаў, аформлена выстаў, выканана песень і танцаў… І ўсё гэта беларускае, але на сібірскай зямлі! Як беларусы апынуліся ў Сібіры? Хто стаяў ля вытокаў станаўлення беларускага руху? Як развіваўся наш цэнтр на працягу 20 гадоў? Пра гэта і не толькі даведаецеся з фільма, які можна паглядзець у нашых сацсетках і на афіцыйным ютуб-канале Дома нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна.


03-.jpg

Арт-мост „Зрабі выцінанку“


Наступнай падзеяй стаў арт-мост “Зрабі выцінанку”. І прайшоў ён у змяшаным анлайн-афлайн фармаце. Сумесна з Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ўдзельнікі рабілі выцінанку (ажурны узор, выразаны з чорнай, белай або каляровай паперы). У прамым эфіры майстры Беларусі падзяліліся тэхналогіяй традыцыйнага беларускага мастацтва. Іх сібірскія калегі, што прыехалі да нас у цэнтр, стараліся выконваць усе парады настаўнікаў. Па той бок экрана былі: Наталля Бернадская – член Саюза майстроў Беларусі, выкладчык ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў” (Крычаў), і Любоў Гарбар – член Саюза майстроў Беларусі, настаўнік дадатковай адукацыі ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” (Бабруйск). Творчы працэс трансляваўся на афіцыйным ютуб-канале Дома нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна, что дазволіла тым, хто не змог прыехаць у беларускі цэнтр, далучыцца да семінара-практыкума дыстанцыйна.


09-.jpg

Удзельніцы семінара-практыкума з Новасібірскай вобласці і кіраўнік цэнтра беларускай культуры Анастасія Дзяменцьева


02-.jpg

Анастасія Дзяменцьева, Рыгор Мілагулаў і Андрэй Гасюк на арт-сустрэчы „Беларускі фармат“


04-.jpg

Госці арт-сустрэчы „Беларускі фармат“


Яскравым завяршэннем тыдня стала “Арт-сустрэча: беларускі фармат”. З прывітальным словам выступілі намеснік міністра культуры Новасібірскай вобласці Рыгор Мілагулаў і дарадца, кіраўнік аддзялення амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Новасібірску Андрэй Гасюк. На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Надзея Санцэвіч і старшыня Сібірскага Рэгіянальнага Саюза “Чарнобыль” Уладзімір Драздоў.


10-.jpg

Фотазона на арт-сустрэчы „Беларускі фармат“


Адбыўся прэм’ерны (не анлайн!) паказ фільма “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры: 20 год”. Многія з гасцёў сустрэчы аказаліся яго героямі, бо маюць непасрэдныя адносіны да станаўлення беларускага руху ў Сібіры.


08-.jpg

Тытульнае фота фотапраекта „Гісторыі беларусак у асобах“


Асаблівая ўвага была нададзена прэзентацыі фотапраекта “Гісторыі беларусак ў асобах”. Праект пра беларускіх дзяўчын і жанчын, якія пражываць у Новасібірскай вобласці, створаны ў выніку творчага супрацоўніцтва з фатографам Андрэем Чардаковым. Хто яны – беларускі Сібіры? У кожнай – сваё жыццё, свой лёс, свая гісторыя…


01-.jpg

Анастасія Дзяменцьева, Надзея Санцэвіч і ўдзельніцы фотапраекта „Гісторыі беларусак у асобах“


У фотазоне “Беларускі фармат” можна было зрабіць атмасферныя фотаздымкі , а медыяарт Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь дазволіў здзейсніць віртуальны экскурс па экспазіцыі музея.


05-.jpg

Госці арт-сустрэчы знаёмяцца з фотапраектам „Гісторыі беларусак у асобах“


Калабарацыя “Маляванка” аб’яднала ўсіх у калектыўнай творчасці і дазволіла кожнаму адчуць сябе сапраўдным мастаком. Мы усе разам ставаралі маляваны дыван!


07-.jpg

Разам ствараем маляваны дыван


06-.jpg

Марыя Белакурская на арт-сустрэчы

Музычную нотку сустрэчы надало жывое выкананне беларускіх песень. Марыя Белакурская, беларуска па нацыянальнасці і салістка Новасібірскага акадэмічнага тэатра оперы і балета, парадавала гасцей прэм’ерай песні “Крылатае сэрца”. А ужо такія любімыя і знаёмыя, як “Бялявая, чарнявая…”, “Зачарованая мая” гучалі ў выкананні Яўгена Чэрнікава, мастацкага кіраўніка ансамбля беларускай песні “Завіруха”. Фінальнай і пранізлівай нотай арт-сустрэчы стала песня “Белая Русь” – музычны падарунак ад Анастасіі Дзяменцьевай – кіраўніка цэнтра беларускай культуры. Гэтая кампазіцыя заўсёды вельмі трапятліва адгукаецца ў душы кожнага беларуса, таму нядзіўна, што ў многіх на вачах з’явіліся слёзы. У гэтых слязах было шмат – і настальгія па Радзіме, і гонар звацца беларусам, і радасць, што гэтая арт-сустрэча змагла сабраць разам і сібірскіх беларусаў, і проста неабыякавых да беларускай культуры людзей! А значыць, ідэя правядзення беларускага арт-тыдня ў Сібіры з’явілася невыпадкова!

Таццяна Нялюбіна, метадыст цэнтра беларускай культуры Дома нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна,
фота Аляксандр Іваноў, Таццяна Нялюбіна, Андрэй Чардакоў