У суботу 30 лістапада 2019 году Беларуская парафія горада Антвэрпана адзначыла свой 16-ты Парафіяльны Фэст у гонар сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага.
Урачыстую Боскую Літургію ў саборным служэньні каталіцкіх сьвятароў візантыйскага і лацінскага абрадаў узначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Яму суслужылі сем сьвятароў: пробашч беларускай парафіі а. Ян Майсейчык; адміністратар украінскай парафіі сьв. Андрэя і сьв. Мікалая г. Антвэрпан айцец Руслан Піх з Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля (Айцы Рэдэмптарысты); адміністратар украінскай парафіі Нараджэньня сьв. Яна Хрысьціцеля г. Гэнт айцец Іван Данчэўскі; пробашч парафіі сьв. Карнэлія ў г. Будэл (Галандыя) айцец Тон Сіп; рэктар Супольнасьці візантыйскага абраду ў гонар сьв. Яна Папярэдніка г. Брусэль айцец Албан Дудэлет; пробашч фламандскай парафіі Сьвятога Сэрца г. Антвэрпан айцец Марцін Дэрдзюк з францішкаскага Чыну Братоў Меншых Капуцынаў і сакратар Анвэрпанскай правінцыі Братоў Капуцынаў айцец Ян Дэ Влеесгаўэр.
Сьпяваў Літургію фламандскі грэка-каталіцкі хор “Ангельскі сабор” на чале з Крысьцін Ван Ларэ. У набажэнстве прынялі ўдзел каля сотні беларускіх, украінскіх і фламандскіх вернікаў. Завершылася багаслужбовая ўрачыстасьць супольным сьпевам беларускага духоўнага гімну “Магутны Божа”, тон якому задаваў згаданы фламандскі хор.
Пасьля ўсе прысутныя былі запрошаныя да агульнага сьвяточнага сталаваньня, якое прыгатавалі старанныя верніцы нашай парафіі.
Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне