Беларускае вясло

На плошчы ў Краславе – ладдзя з пяццю вёсламі, якія сімвалізуюць латышскую, рускую, польскую, беларускую і яўрэйскую народнасці, што тут пражываюць.

1 чэрвеня ў Краславе каля замка Плятэраў адбыўся Дзень беларусскай культуры, прысвечаны беларускаму вяслу, які быў арганізаваны Генеральным консульствам Беларусі ў Даўгаўпілсе сумесна з Краслаўскай краеявой думай.

Прысутных віталі генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе, старшыня Краслаўскай краявой думы і старшыня Глыбокскага раённага савета.

Свята праходзіла ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, таму дзецям надзялялася асаблівая ўвага, для іх праводзіліся майстар-класы і конкурсы.

Сябры беларускага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская і Марыя Памецька размясцілі выставу беларускіх ручнікоў.

У святочным канцэрце з беларускімі народнымі і аўтарскімі песнямі прымалі ўдзел беларускія народныя ансамблі: з Глыбокага – “Цярэшка”, з Дагды – “Аколіца”, з Эзэрніекаў – “Tautību studija”, з Краславы – “Накцюрн”.

Каб мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, свае старанні прыклалі сябры краслаўскага беларускага тасарыства “Вясёлка” разам са старшынёй Святланай Стэльмачонак і намеснікам старшыні Аляксандрам Клімавым, старшыня дагдскага беларускага таварыства “Вербіца” Таццяна Гагалінская.

Сярод гасцей свята былі старшыня ліванскага славянскага таварыства “Узоры” Лідзія Знотыня і саліст ансамбля “Узоры” Яўген Пашкевіч, які нарадзіўся і правёў дзіцячыя і юнацкія гады ў Краславе.

Для ўсіх, хто тут прысутнічаў, меўся пачастунак: дранікі з яечняй.

Сярод шматлікіх песен, якія прагучалі, я быў рад пачуць таксама песні на свае словы: “Маэстра-вецер” – у выкананні ансамбля “Накцюрн” і “Дранікі” – у выкананні ансамбля “Аколіца”. Я дарыў дзеткам свой зборнік вершаў “Суквецці рыфмаў” і перадаў сябрам краслаўскага таварыства “Вясёлка” свой верш:



БЕЛАРУСАМ КРАСЛАВЫ

Ў Краславе на плошчы
Ладдзя год каторы
Вялікасна
Ў далеч стагоддзяў плыве
Па шляху Варажскім,
Як сімвал сяброўства
Народнасцяў розных,
Што тут – з веку ў век.

Ў імклівай ладдзі гэтай –
Моцныя вёслы.
І ёсць сярод іх
Беларусаў вясло.
Мае суайчыннікі,
Ваша старанне –
Вясёлкай яскраваю
Тут расцвіло!

Што ў вас у пашане
Матуліна мова,
Што ў роднае песні
Шчаслівы тут лёс,
Мудрэц і руплівец,
Мастак і музыка
Яўген Ільянец*
Рад убачыць з нябёс…



* Яўген Ільянец быў актыўным сябрам беларускага таварыства “Вясёлка”.



Станіслаў Валодзька