Беларуска з Каліфорніі: «Наша дарога па пабудове новай Беларусі толькі пачалася, і мы яшчэ самі будзем здзіўляцца, на што мы здольныя»

Надзея Нортан – мінчанка, якая ўжо 10 гадоў жыве ў каліфарнійскім горадзе Санта-Круз. А яшчэ яна нефармальны лідар згуртавання беларусаў Сан-Францыска, натхняльніца, арганізатар і непасрэдная ўдзельніца дзясяткаў акцый салідарнасці з Беларуссю.

Пра тое, як каліфарнійскія беларусы перайшлі ад культурніцкіх спраў да палітыкі, ці складана «запусціць» санкцыі і што яднае людзей, нягледзячы на часовую і геаграфічную адлегласці, Надзея распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці».


01-kalif1-19.jpg


– Яшчэ 9 жніўня, у дзень выбараў, мы бясспрэчна ведалі, што выйдзем у знак салідарнасці, бо ніхто не мог сядзець дома і ўсім было важна знаходзіцца разам. На жаль, у Каліфорніі няма магчымасці прагаласаваць – тут няма беларускіх амбасадаў і кансулятаў.

Аднак некалькі чалавек з нашай суполкі, ведаю прынамсі пяцёх, паехалі ў Нью-Ёрк i Вашынгтон, і прымалі там вельмі актыўны ўдзел у працэсе выбараў – двое нават былі назіральнікамі ў Вашынгтоне…

Мы тым часам проста сабраліся разам і праглядалі ў тэлефонах, што ж там адбываецца ў Беларусі. На адзін з забароненых на сёння тэлеграм-каналаў праз нейкія проксі-серверы ўсё ж даходзілі звесткі пра тое, што адбываецца. Спярша была разгубленасць – ты глядзіш на здымкі параненых людзей, на відэазапісы з выбухамі светлашумавых гранат, і думаеш, што гэта не можа быць праўдай, але разам з тым знаходзіш гэту інфармацыю на тым рэсурсе, які не будзе ў падобнай сітуацыі хлусіць…

Пасля быў вельмі цяжкі перыяд, з якім сутыкнуліся, напэўна, усе беларусы ва ўсім свеце – але, канешне, перадусім у самой Беларусі – немагчымасць звязацца з сябрамі, даведацца, што з імі. Бо мы ж прызвычаіліся па месенджарах хутка звязвацца, а тут сувязі няма, ніякай, і ты не ведаеш, што рабіць. У нас было, мабыць, нават больш інфармацыі ў параўнанні з вамі. Хай некалькімі радкамі, але звесткі паступалі, агульная карціна вымалёўвалася і было зразумела, што прычына не ў тым, што, крый Божа, усіх забілі, а ў тым, што адключаны, заблакаваны інтэрнет.

Спачатку было адчуванне бездапаможнасці.

– Думаю, як і ўсе беларусы ў свеце, мы былі вельмі ўзрушаныя – хацелася нешта зрабіць, дапамагаць, выказацца. Пасля ўсіх навінаў з Беларусі мы не маглі спаць: хто чытаў навіны, хто перасылаў грошы родным, але было відавочна, што трэба выходзіць і нешта рабіць,  – згадвае Надзея. – Хацелася чагосьці такога паяднаўчага, каб паказаць: мы – ёсць, мы – разам.

У тэлеграме прапанавалі зрабіць вялізны сцяг, і ад гэтай прапановы да рэалізацыі прайшло менш за суткі. Адразу сабралі грошы, знайшлі і краму, дзе была вялікая колькасць патрэбнай тканіны, і машыну, каб усё прывезці, і швейную машынку, і памяшканне.

– Утрох нашы «беларускія ткачыхі з Сан-Францыска», дзве Кацярыны і Крыстына, дзесьці за 12 гадзінаў пашылі – уявіце сабе – 25-метровы сцяг. Тыя, хто шые, мяркую, зразумеюць, які быў велізарны імпэт, каб за такі невялікі прамежак часу зрабіць гэта. Быў забаўны момант, мы пісалі: «Як iдзе справа?» – адказвалі: «Усё добра, стадыя Польшча» – і даслалі фота, дзе ўжо сшытыя адна белая і чырвоная палосы.

15 жніўня мы выйшлі ў Сан-Францыска – гэта месца называецца плошча Гары Брыджыс ля Эмбаркардэра, яна стала цэнтральнай пляцоўкай для акцый салідарнасці з Беларуссю – і пад «Пагоню» дзесяткi беларусаў вынеслі сцяг. Было настолькі неверагодна  ўзрушальна і моцна, што ўсе наўпрост плакалі. Нас як суполку гэта аб’яднала назаўжды – мы нібы ўзняліся ў беларускі космас, у якім няма межаў, і адчулі гэту еднасць з беларусамі ў Беларусі.


Мядзведзь на сцягу

…Да лета 2020-га, гаворыць Надзея, яна меркавала, што згуртаванне беларусаў Сан-Францыска і Бэй-Эрыа (велізарная метраполія вакол заліву Сан-Францыска) налічвае «чалавек 150». Але на акцыю 15 жніўня выйшлі каля 500 чалавек, а агулам тых, хто ўсведаміў сябе беларусам і захацеў далучыцца да суполкі ў тым ці іншым выглядзе, каля 600-700. Далейшыя акцыі салідарнасці – а іх за гэты час адбылося звыш 40, у тым ліку мітынгі, перфомансы, марафоны, аўтаралі, мастацкія выставы – трывала збіраюць не менш чым 200 чалавек кожная. І гэта ва ўмовах лакдаўну!

– Даволі багатая і разнастайная праграма ў нас атрымалася 10 кастрычніка, калі правялі шэраг розных актыўнасцяў – у тым ліку аўкцыён. На ім прадалі, напрыклад, адмыслова пашыты Кацяй Качаровай «жаночы варыянт» сцягу – з завязкамі, якія можна замацаваць на шыі, а сцяг вельмі хораша ляжыць на спіне, і рукі вольныя. Яго набыла беларуская сям’я Бернат за 250 даляраў і ён зараз «жыве» ў Сіэтле.

Ідэя аўкцыёну нарадзілася раптоўна: да мяне ў сеціве звярнуўся беларус, прадставіўся ні больш ні менш як Тадэвушам Касцюшкам і распавёў, што ў яго ёсць шэсць дыванікаў – ведаеце, такія круглыя, самавязаныя – іх зрабіла яго 95-гадовая бабуля, якая жыве пад Дзяржынскам, і даслала ўнуку. Вось гэтыя дыванікі паклалі пачатак аўкцыёну – першы пайшоў танна, здаецца, за 40 даляраў, а потым мы разышліся, і апошні, мабыць, быў куплены пад 300 даляраў. І гэта было выдатна.

Таксама ў той дзень у нас прайшоў «марш раёнаў» – спецыяльна раздрукавалі вялікія банеры-сцягі раёнаў, выявы якіх я прасіла ў саміх беларускіх суполках, бо віртуальнага музею сцягоў на той момант яшчэ не было. Я сама з Камвольнага,  таму несла «Камвольную грамаду» з бусламі.


05-kalif5-19.jpg


У беларусаў Каліфорніі ёсць уласны сцяг – чырвоны мядзведь на белым фоне. Яго прыдумала дызайнерка Ганна Аляксеева, якая жыве ў Бэй-Эрыа. Яна ж аўтарка праекту Maya Mova, на інтэрнет-старонцы якога можна набыць разнастайны мерч, ад кубкаў да швэдраў, іншыя сувеніры, звязаныя з беларускай тэматыкай, а ўвесь прыбытак Ганна дасылае на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі

– Вельмі запомніўся вечар, калі мы даведаліся пра забойства Рамана Бандарэнкі. Хоць і быў будны дзень, чалавек трыццаць ці сорак сабраліся недалека ад Сіці-Хола ў Сан Францыска, там ёсць мемарыяльнае месца, куды прынеслі багата кветак, зьнічы, спявалі «Купалінку» і дзяліліся перажываннямі.


06-kalif6-19.jpg


– Ведаю, што акрамя акцый салідарнасці і культурніцкіх праектаў, вы збіраеце і матэрыяльную дапамогу беларусам?

– Паколькі тут, у Каліфорніі, жывуць людзі даволі заможныя, якія працуюць на такіх гігантах як Apple, Google, Facebook і іншых, то данаты, якія яны робяць – проста космас. Напрыклад, на нашу новую ініцыятыву падтрымкі двароў, якую робім сумесна з BYSOL, з 16 чалавек двое «заданацілі» па тысячы даляраў. Мы пакуль у самым пачатку, але, спадзяюся, гэта ініцыятыва беларусаў Каліфорніі па падтрымцы двароў будзе развівацца, людзі з імпэтам пераводзяць даволі вялікія грошы.

Ведаю, што гэты працэс няспынны, ён ідзе ўвесь час. Нават на самых першых мітынгах нам удалося сабраць дзве тысячы даляраў і перадаць іх праз ініцыятыву By_Help у Менск, ну і прыбытак з аўкцыёнаў, канешне, таксама ідзе на гэтыя мэты.


З чаго пачынаюцца санкцыі

Адна з важных спраў, якая атрымалася дзякуючы беларусам замежжа, і ў тым ліку актыўнаму ўдзелу каліфарнійскай дыяспары – падрыхтоўка «Акта аб дэмакратыі», то бок, увядзення ўрадам ЗША пакету санкцый.

Каб зразумець маштаб праведзенай працы, проста падлічыце: упершыню пытанне Акту ўзняў адзін з кангрэсменаў у 2001 годзе, і толькі праз 3 гады дакумент быў падрыхтаваны і атрымаў ухваленне Кангрэсу. Наступным разам для ўвядзення санкцый супраць уладаў і чыноўнікаў Беларусі таксама спатрэбілася некалькі гадоў. А летась беларуская дыяспара зрабіла тое самае за рэкордныя 3 месяцы.

– Гэта, натуральна, беспрэцэдэнтны выпадак. У нас ёсць крыху статыстыкі, – расказвае Надзея, – за апошні этап, калі трэба было актыўна «націснуць» на кангрэсменаў, найперш гэта значыць дасылаць ім лісты з запытамі. Дык вось, прыкладна з тысячы лістоў толькі з Каліфорніі прыйшло 700!

Часам для правільнага выканання працэдуры звароту было неабходна, каб чалавек жыў у пэўным дыстрыкце, і запыт сыходзіў менавіта адтуль. І гэта быў проста неверагодны прыклад таго, як працуюць гарызантальныя сувязі – вельмі хутка праз нашую групу «Беларусы ў ЗША. Разам лягчэй» знаходзілі людзей, расказвалі ім, што трэба рабіць, каб звярнуцца да сенатара, і тыя адразу пагаджаліся дапамагчы, рабілі ўсё патрэбнае.

І зараз, наколькі я ведаю, ідзе вельмі цяжкая, але неабходная праца над санкцыйнымі спісамі. У Каліфорніі таксама ёсць вялікая колькасць прадпрыемстваў, «замазаных» у супрацоўніцтве з рэжымам, адзін з вядомых кейсаў – кампанія Sandvine (яна пастаўляла ў Беларусь абсталяванне, што дазваляла фільтраваць інтэрнет-трафік – «С».). Дзякуючы таму, што яны не паспелі зарыентавацца і вымушаныя былі прызнаць сваю датычнасць да блакіровак інтэрнету, і ціску з боку амерыканскай дыяспары, гэтая кампанія адклікала сваю дамову аб супрацоўніцтве і перапыніла ўжо заключаны кантракт.

Такі ціск працягваецца і зараз у дачыненні шэрагу кампаній – у сферы інфармацыйных тэхналогій гэта каля 12 кампаній, якім мы дасылаем лісты, а дзякуючы прыняццю Акту аб дэмакратыі, дзе прапісаныя ўсе гэтыя рэчы, кампаніям будзе вельмі цяжка выслізнуць і працягваць кантракты, аформленыя, напрыклад, праз падстаўных асоб.

– У Беларусі ідэолагі любяць паўтараць: маўляў, хочаце, як у ЗША? Так там масавыя пратэсты разганяюць больш жорстка, і нават людзей забіваюць…

– Гэта элементарная спроба перакуліць сітуацыю з ног на галаву. Вось, глядзіце: у Каліфорніі сітуацыя з каранцінам супраць ковіду значна больш жорсткая, чым яшчэ дзе ў ЗША – рэстарацыі не працуюць, усё зачыненае. Але. Ёсць пятая папраўка, якая гарантуе свабоду слова, сходаў і нават каранціны і ковіды не могуць адмяніць – пратэсты па палітычных і рэлігійных матывах можна ладзіць, і ніхто з гэтым нічога не можа зрабіць.

Адзінае патрабаванне – каб удзельнікі былі ў масках і вытрымлівалі сацыяльную дыстанцыю. Ёсць закон, ён працуе, і ты маеш поўнае права выкарыстаць яго ў сваіх мэтах – таму былі магчымыя і Black Live Matters з удзелам соцень тысяч людзей.

Тое самае мы адчулі на сабе. Ніводнага разу паліцыя не падыходзіла, каб нас разагнаць, колькі б нас ні было – ці 200 чалавек, ці 500, хіба правяралі з пункту гледжання нашай бяспекі, што ўсё ў парадку, сацыяльная дыстанцыя па магчымасці вытрымліваецца. У нас была акцыя-шэсце праз знакамітую Залатую Браму (гэты мост – адна з галоўных славутасцяў і сімвал Сан-Францыска – «С».), па якім праходзіць шасэ, машыны едуць адносна не хутка і людзі могуць прачытаць, што напісана ў цябе на плакаце.

Напярэдадні менеджар Golden Gate Bridge папрасіў звязацца з ім і проста растлумачыў мне правілы паводзінаў – напрыклад, што менавіта там нельга ісці з палкамі, яшчэ нейкія абмежаванні, якія датычацца бяспекі. Апрача гэтага ды каранцінных рэалій, паўтаруся, ніякіх перашкод і абмежаванняў нам не было.

– Як ставяцца да вашых ініцыятыў вашы блізкія – муж, свякроўка, амерыканскія сябры?

– Яны ганарацца мной. Муж рады, што я такі патрыёт сваёй краіны, і вельмі падтрымлівае мяне. Ён вырашыў, што не будзе прыходзіць на акцыі – ізноў-такі, гэта звязана з ковідам, дый ён не публічны чалавек. Але ж гэтая праца вымагае вельмі шмат часу. І хоць я не працую ў офісе па раскладзе, звыклым для большасці людзей, і магу займацца грамадскай дзейнасцю, але хто забяспечвае мой тыл? Канешне, мой муж! Ён бачыць, чаго гэта каштуе мне, як я прыноcіла з акцый і згружала ў сваім пакоі мегафоны, сцягі, расцяжкі і ўсё астатняе – і церпіць гэта, называе мой пакой «Free Belarus Staff».

Тое ж самае датычыцца свякрові, і ўсёй маёй амерыканскай сям’і. Пасля жнівеньскіх падзей яны былі вельмі ўзрушаныя, а зараз, канешне, ведаюць, што я раблю, і ганарацца мной, і ўсе маюць бел-чырвона-белыя сцяжкі, якія мы тут нарабілі амаль у прамысловай колькасці. Дзядзька мужа, ужо даволі сталы чалавек, некалькі разоў адмыслова перасылаў па 100 даляраў з прыпіскай «я хачу падтрымаць тваю краіну, перадай, куды лічышь патрэбным».


Сны аб Беларусі

Хутка беларусы Каліфорніі збіраюцца – ужо ў пяты раз – адзначыць Дзень Волі, плануюць правесці шэсце і мітынг, зладзіць сумесныя спевы са знакавымі беларускімі песнямі.

А яшчэ, нягледзячы на лакдаўн, 27 сакавіка ў прыватнай галерэі ў Сан-Францыска адкрыецца  мастацкую выставу, прысвечаную беларускаму пратэсту FАCE IT: Faces of Belarusian protest – арганізатаркі выставы некалькі беларусак з нашай суполкі, якія працуюць, або зацікаўлены сучасным беларускім пратэстым мастацтвам.

– Цягне прыехаць у Мінск?

– Вельмі, але зараз гэта немагчыма зрабіць і з-за «кароны», і з палітычных прычын. Я мусіла прыехаць на Беларусь год таму, на 13 траўня ў мяне загадзя быў набыты квіток, хацела правесці на радзіме ўсё лета – і тут усё зачынілася і перапынілася…

Але, ведаеце, мы амаль сур’ёзна літаральна днямі абмяркоўвалі: калі прыйдзе перамога, ці не замовіць нам чартэрны рэйс і ўсім паляцець разам на Беларусь. Гэта мара, тое, аб чым мы гаворым практычна штодня: як будзем тут святкаваць, як прыедзем і абдымем сяброў. Каго ні спытаю – людзі, нават тыя, хто эміграваў вельмі даўно – 20, 30, 40 гадоў таму – вельмі чакаюць такой магчымасці, калі сыдзе гэтая навала. І, думаю, калі ўсё нарэшце адбудзецца, у Беларусь будзе не так проста і трапіць, а турыстычны бізнес перажыве проста небывалы ўздым і росквіт.


08-kalif8-19.jpg


Тут, у ЗША, жыве вельмі многа людзей, пакрыўджаных беларускім рэжымам, якія доўгі час не хацелі ўзгадваць і мець штосьці агульнае з гэтай краінай. Але 2020 год перавярнуў свядомасць – столькі людзей хочуць пераменаў, столькі ўкладаюць, хто што можа, у пабудову гэтых пераменаў, што проста немагчыма, каб гэтага не адбылося. Як тут кажуць, it is inevitable.

Вельмі радая, што я наведваю Беларусь, Менск даволі часта ў снах – гэта і радасць, і роспач адначасова, плачу ад пачуццяў. Тыдні з два, можа, крыху больш, быў сон, мне здаецца, прарочы. Быццам я еду, са сваёй сённяшняй свядомасцю, ў Беларусь , дзе вельмі холадна, яна пакрытая снегам, нікога няма на вуліцах, бо людзі сядзяць па кватэрах. Але я прыязджаю і бачу зусім іншую карціну: лета, вельмі цёпла, людзі сядзяць на зялёнай траўцы, проста на вуліцах цалуюцца, абдымаюцца – і такая радасная, цудоўная атмасфера, а ў мяне поўны дысананс унутры. Спадзяюся, у тым сне я бачыла будучыню.

…Што, на мой погляд, вельмі важна – зыходзіць у нябыт адно з істотных абмежаванняў, якое існавала раней: калі ты з’ехаў, то ўжо як быццам і не беларус, не маеш дачынення да краіны. Зараз гэтага няма, прыйшло іншае ўсведамленне, новае: я беларус незалежна ад таго, дзе я жыву, і я магу пабудаваць сваю Беларусь там, дзе я ёсць.

Людзі да гэтага гатовыя, і я веру, што запушчаныя раней працэсы будуць развівацца, што наша дарога па пабудове новай Беларусі толькі пачалася, і мы яшчэ самі будзем здзіўляцца, на што мы здольныя.

Вікторыя Целяшук, „Салідарнасць“