Беларуска-чэшскі тэнар Валянцін Пралат

У дзяцінстве Валянцін Пралат пасвіў кароў пад Радашковічамі, спяваючы народныя песні, пачутыя ад бацькі. А сёння ён адзін з самых заможных беларусаў Прагі, паспяховы спявак, здолеў пабудаваць ашаламляльную міжнародную кар’еру (Чэхія, Аўстрыя, Германія, Швейцарыя, Данія, Канада, ЗША, Ізраіль, Японія, Ганконг). Валянцін працаваў з лепшымі опернымі дырыжорамі і рэжысёрамі сучаснасці, сярод яго сяброў -- зоркі першай сусветнай велічыні, ён спяваў перад каралямі і імператарамі. Шкада, што Валянціна зусім не ведаюць на радзіме.

Валянцін Пралат -- незвычайны спявак. Вельмі сціплы. У яго няма хатняга архіва. Мноства прэсы ў суперлатывах, мноства ўзнагарод і рэгалій -- нічога не збірае. Ён ведае сабе цану, увесь гонар за сябе -- унутры яго. У яго дома няма нумара Le Figaro, дзе фота спевака было змешчана на першай паласе. Ён не павесіў у чырвоным куце бенефісную афішу, якой яшчэ паўтара года таму была завешана ўся Прага. Ён не дае інтэрв’ю, а сустрэўшы яго на вуліцы, ніколі не падумаеце, што перад вамі артыст і прафесар Пражскай кансерваторыі, -- Валянцін імкнецца быць «простым чалавекам». Ён такі й ёсць -- шчыры, справядлівы, спагадлівы.

Пралату споўнілася шэсцьдзесят, але свежасць яго голасу ўражвае. Дасць фору і маладым. Ён працівіцца, але ўсё яшчэ спявае Ленскага і Фаўста -- няма каму, выручае. Кажа, яшчэ можа схавацца за грымам. Яно і так -- перад намі абсалютна малады чалавек. Нядаўна яму патэлефанавалі са славацкіх Кошыцаў: «Выручайце, Валянцін, усе пахварэлі, трэба спяваць Гофмана». -- «Я не магу, мне ўжо 60 гадоў». -- «Праўда?» І Валянцін выручае, спявае адну з самых складаных партый для тэнара ў «Казках Гофмана» Афенбаха.

Пралат мімікрыраваў пад чэха. Valentin Prolat -- ну і здагадайся, што не чэх. Ён праспяваў усю чэшскую класіку. Дырыжоры прыводзілі яго ў прыклад як замежніка, які ідэальна спявае па-чэшску. Майстар -- вы зможаце разабраць кожнае слова, прамоўленае і праспяванае ім па-французску, па-нямецку ды іншых мовах. У размове са мной спадар Валянцін гаварыў на цудоўнай беларуска-чэшскай трасянцы. Менавіта, беларуска-чэшскай. Кажа, што толькі на радзіме, толькі з мамай яму ўдаецца не ўстаўляць чэшскіх словаў і гаварыць менавіта на матчынай мове.

Валянцін штодня аглядае беларускія медыя. Кажа, шчыра баліць душа за Беларусь. Ён штогод прыязджае на радзіму, дзе праводзіць адпачынак са старэнькай маці. У Валянціна вельмі артыстычная сям’я -- сястра Глафіра таксама спявачка, мае сваю прыватную музычную школу ў Мадрыдзе. Яго ахоплівае гонар, калі ён, унук вясковага краўца, бачыць у цэнтры Мадрыда шыльду са сваім прозвішчам на будынку школы. Сястра Святлана -- драматычная артыстка, працуе ў Гродзенскім тэатры. Сын скончыў кансерваторыю як піяніст. Пляменнікі ды іншыя родзічы таксама прафесійна прыгарнуліся да розных мастацтваў.


02-23254b67884f8ff77fc374564a877dbd.jpg


Вытанчаны, далікатны еўрапеец, Валянцін Пралат і сапраўды выдатны спявак. Некалі ў Празе жыў адзін з найлепшых беларускіх спевакоў, таксама беларус да мозга касцей -- па свядомасці, манерах, рэпертуары -- Міхал Забэйда-Суміцкі. У іх і галасы падобныя. І Валянцін Пралат -- лірычны тэнар, з добрымі спінтавымі магчымасцямі. Абодва валодаюць выключнай музычнасцю і дасканалай тэхнікай, а таксама вялікай унутранай беларускасцю. Толькі Забэйда выступаў у Празе ўжо як камерны спявак, пакінуўшы за спінай опернае мінулае. А Пралат скарыў усіх перш за ўсё як оперны выканаўца.

У адзін з вечароў Валянцін дэманстраваў палкую жарсць у Нацыянальным тэатры Чэхіі. Яго Хазэ ў заключнай сцэне прыгожа забівае Кармэн (Яна Сікорава, салодкагалосае мецца), а забіўшы, кідае-кладзе яе мажное цела на студню, з якой цурчыць вада. А ў наступны дзень -- мы дамовіліся праз мэйл за месяц -- без дадатковых нагадванняў, без усякай сувязі, пунктуальна прыходзіць на сустрэчу ў кавярні якраз насупраць Нацыянальнага тэатра, дзе ён добрасумленна працуе трыццаць гадоў. Тут і ва ўсіх тэатрах Чэхіі. І свету. Мы сустрэліся з іншай нагоды, але я пераканаў яго, што варта адкрыцца, каб яго прозвішча наогул гуглілася па-беларуску. Валянцін такую аргументацыю з лёгкасцю прыняў. Вось вытрымкі з нашае гутаркі.

Пра чэшскі выбар

-- Заканчваў кансерваторыю я ў Пецярбургу. І там ужо спяваў у тэатры кансерваторыі, адначасова ў Малым оперным тэатры -- у мяне было некалькі сур’ёзных партый. Хацеў спяваць на радзіме. Прыехаў праслухацца ў Мінск, у тэатр. Праспяваў спектакль, «Травіяту», прычым добра праспяваў. 1988 год. Дырыжор Яраслаў Вашчак хацеў мяне ўзяць, але нейкія інтрыгі не дазволілі. Дамовіліся на наступны спектакль, я ўжо купіў квіток на цягнік. Тэлефаную: «На жаль, не можам вас прыняць». Так мая беларуская гісторыя скончылася.

Ніколі ў сваім жыцці не меў ніякага блату. Ні там, ні тут, у Чэхіі. Проста працаваў. Запрасілі сюды. За кароткі час далі грамадзянства. Прызналі. Тут я праспяваў усё. Усё, што хацеў. Усю чэшскую музыку. Усю -- Дворжак, Сметана, Яначак, Марціну. «Русалку» Дворжака спяваў па ўсім свеце, нават у Японіі. Чужынец спяваў чэшскую музыку.

Пра нямецкую мову

-- Не верылі, што не немец, калі там спяваў. Пыталіся тады, дзе вучыў нямецкую. Кажу: «У школе». -- «У вас у школе выкладалі нямецкую мову, ды яшчэ так добра?» -- «Так, -- кажу, -- у нашай вёсцы».

Пра вакальную форму і сакрэты майстэрства

-- Я адчуваю сябе вакальна лепей, чым перад пачаткам кар’еры. Сорак год на сцэне. Нішто так не дапамагае спеваку, як вопыт. Талент -- добра, школа -- яшчэ лепш. Але сцэнічны, прафесійны вопыт робіць сваю справу. У мяне шмат на што паўплывала генетыка. Бацька быў вельмі музычны чалавек, спяваў да смерці, меў нейкі прыродны дар. Вялікі голас меў. Граў на інструментах. Ад яго я ўсё пераняў. Спяваю з маленства. Кароў пасвіў -- спяваў. Беларускія песні. Беларуская прырода натхніла моцна. Вельмі моцна. Я такі летуценнік беларускі... Сымон-музыка.

Спявак мусіць быць асобай, самім сабой. Мусіць унутрана быць інтэлектуалам. Кожны спявак мае ўласны, непаўторны голас -- тэмбр, тэхніку. Але толькі асоба робіцца артыстам. Нябожчык Хварастоўскі, мой таварыш (мы пазнаёміліся яшчэ за Саветамі на конкурсе Глінкі), казаў: «Няма фабрыкі спевакоў».

Дэль Монака пісаў: «Голас я маю. А фізікі не хапае». Так і ў мяне было нейкі час. Цела мусіць быць здаровым. Спявак мусіць быць фізічна моцным. На жаль, праз усё жыццё пакутую на мігрэні. Спектакль, трэба спяваць, а тут... Неяк даю рады. Тэхніка, школа. Плюс выкладаю, заўсёды паказваю студэнтам. Заўсёды ў форме.


03-4d32f6f92db04e4655d8f1ba3703ed31.jpg


Пра беларушчыну і боль

-- Я хлопчык з беларускай вёскі. Вучыўся ў беларускай школе. Доўгі час размаўляў толькі па-беларуску, не ўмеў іначай. Вырас у купалаўскіх мясцінах, на Маладзечаншчыне. Я беларус да мозга касцей. Сэрца баліць па Беларусі. Прыязджаю на беларускую мяжу -- і ўжо пачынае балець. З дзяцінства ездзіў верхам. Любіў коней. Цяпер маю толькі сабак. У дзяцінстве ўтрох, нават дзецьмі, садзіліся на каня.

Пра бальшавікоў і заходнебеларушчыну

-- Бальшавізм -- страшная рэч. Усіх маіх дзядоў рэпрэсавалі. Аднаго дзеда на сем гадоў саслалі, вярнуўся пасля вайны. А другога, што быў краўцом, шыў адзежу, ён быў кульгавы, яго на вайну не ўзялі, -- на тры гады забралі, там атрымаў туберкулёз. Расказаў нейкі анекдот пра Сталіна.

Памятаю гэтыя калгасы. Маці мая працавала -- катаржная праца. Працавала да сямідзесяці гадоў, пакуль ушчэнт тая гаспадарка не развалілася. Палола нешта, нейкую кукурузу, нешта прымітыўнае. Палі -- насілі, касілі. І сам памятаю -- жаў снапом малы ў калгасе. Дык мая маці дастала самую малую пенсію. А побач жонкі брыгадзіраў, якія нікуды не хадзілі, атрымалі самую вялікую пенсію ў вёсцы. Такая сістэма была. Бальшавізм нават у Чэхіі жывы, дык тут ён быў кароткі час, а ў нас -- што і казаць...

Пра Чэхію

-- Гэтая рэспубліка, нягледзячы ні на што, а я ўвесь свет аб’ехаў, -- адна з найлепшых. Тут спакойна. Так, чэхі неслабыя ксенафобы. І на сабе адчуваю. Я дасюль не свой. Хоць і мову выдатна засвоіў, а ўсё роўна я ведаю, як мяне ўспрымаюць.

Ментальна чэхі падобныя да беларусаў. Таксама ўвесь час былі пад прыгнётам. Так і Беларусь -- паглядзіце, як было ў часы Вялікага Княства Літоўскага і як потым. Хоць у чэхаў крыху лепшая гісторыя. Расійская імперыя ўсё ж не Габсбургі. Аднак часам думаю, што за царом расійскім было лепш, чым за бальшавікамі.


04-ae8d8fa5e84c88c50a807501f4b66df9.jpg


Пра сям’ю

-- Жонка мая піяністка. Працавала ў Беларусі канцэртмайстрам у музычным вучылішчы. Сын скончыў кансерваторыю ў Празе як піяніст, але не пайшоў гэтай дарогай, хоць і музычны чалавек. Ён мае свой бізнэс -- рэстараны.

Наконт працы

-- Мне ўжо досыць. Буду спяваць, але трэба паступова сыходзіць. Пра матэрыяльнае я ніколі не думаў. Проста рэпетаваў, выходзіў на сцэну. Цяпер маю кватэры ў Празе і дом недалёка ад сталіцы. Лес блізка. Люблю фізічна працаваць, гэта лепшае. Працую ў сваім садзе -- даглядаю яго, сяку, палю, абрабляю. Жонка вырошчвае памідоры... Між іншым, сярод маіх вучняў у кансерваторыі ажно тры беларусы.

budzma.by паводле Сяргея Русецкага, "Мастацтва" №1-2020

Фота з асабістага архіва артыста і Нацыянальнага тэатра Чэхіі.