Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), найстарэйшая і найбуйнейшая арганізацыя беларусаў замежжа, выступіла з заявай адносна палітычных падзей у Беларусі, тэкст якой прыводзім цалкам:
Заява Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) адносна палітычных падзеяў ў Беларусі
Шаноўныя браты-беларусы на Бацькаўшчыне!
Мы, беларусы Амэрыкі, сябры Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, уважліва сочым за палітычнымі падзеямі ў Беларусі.
У такі надзвычайны час, час пандэміі, кожны чалавек асабліва адчувае крохкасьць чалавечага жыцьця, але ж пры гэтым асабліва адчуваецца і яго важнасьць. Калі ўвесь цывілізаваны сьвет змагаецца з каронавірусам, у Беларусі адбываецца амаль поўнае ігнараваньне пандэміі, якая забірае многія жыцьці, і ў той жа час назіраецца імклівае разгортваньне перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.
Мы ўбачылі, што беларусы, стомленныя ад панаваньня абразлівай і ілжывай улады, праявілі сваю нязгоду з антычалавечнай палітыкай дзяржаўнага кіраўніцтва і па ўсёй краіне праходзяць масавыя пратэсты супраць выбараў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Мы, беларусы Амэрыкі, падтрымліваем вас ў імкненьні да сапраўдных дэмакратычных выбараў і з надзеяй глядзім на ўздым палітычнай актыўнасьці грамадзян па ўсёй краіне. Пажыўшы ў іншай краіне, паглядзеўшы на сябе з боку, мы добра ўсьвядомілі, што працавіты, талерантны, культурны беларускі народ заслугоўвае лепшай долі, каб жыць у годнай незалежнай краіне і самастойна абіраць дзяржаўнае кіраўніцтва.
Мы падтрымліваем вас у пратэстах супраць прэзідэнцкіх выбараў, у якіх прымае ўдзел Лукашэнка, і якія праводзяцца ва ўмовах існаваньня наладжанай сістэмы фільсіфікацыі галасаваньня. Неадэкватны чалавек, які давёў краіну да краху, не павінен мець права ўдзелу ў гэтых выбарах.
Сумесная шматлікія акцыі пратэсту дазволіла вам стаць побач і адчуць сілу агульнай волі народа. Наступае час скіраваць гэтую волю на дасягненье мары пра годнае жыцьцё ў дэмакратычнай незалежнай краіне. Не дазвольце сабе падмануцца, як 26 гадоў таму, пайсьці па шляху, які нам навязала старая сістэма, надводнай вяршыняй якой ёсьць прэзідэнцтва Лукашэнкі, бо гэта шлях ратаваньня самой гэтай згубнай сістэмы.
Мы верым, што беларускі народ здольны абраць іншы, лепшы шлях для сябе.
Сябры, толькі вашымі сіламі можна адмяніць гэтыя фальшывыя выбары, пазбавіцца ад дыктатарскай улады і пачаць будаваць новае жыцьцё ў нашай краіне.
Верым, Можам, Пераможам!
Жыве Беларусь!
Нью-Ёрк, чэрвень 2020
Паводле Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА)