28 ліпеня ў беларускім цэнтры пра саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку прайшла імпрэза, прысьвечаная 29-ым угодкам прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Імпрэза была загранізавана Нью-Ёркскім аддзелам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА).
Адкрыла імпрэзу прывітальнай прамовай старшыня Галоўнай управы БАЗА Натальля Федарэнка.
Асноўны даклад па тэме зрабіў Зянон Пазьняк. Спадар Зянон распавёў пра міжнародныя і ўнутрырэспубліканскія падзеі таго часу, умовы, пры якіх распрацоўвалася Дэклярацыя, а таксама палітычныя крокі, якія былі прынытыя з боку Апазыцыі, каб падштурхнуць камуністычную большасьць Вярхоўнага Савета прагаласаваць за Дэклярацыю аб суверэнітэце БССР.
Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што прынятая Дэклярацыя, хоць і была значна скарочаная ў параўнаньні з тым варыянтам, які падрыхтавала Апазыцыя, тым ня менш з’яўлялася вельмі прагрэсіўным дакумэнтам, які выразна канстатаваў жаданьне і гатоўнасьць беларускага народа да незалежнага і самастойнага жыцьця.
Імпрэза была завершана праглядам відэа і здымкаў са сьвяткаваньняў Дня Незалежнасьці Беларусі тых гадоў, калі 27 ліпеня было афіцыйным нацыянальным і дзяржаўным сьвятам.
Натальля Федарэнка,
фота Віктара Дударава