Барыс Забораў папярэдзіў амбасадара Францыі па правах чалавека пра адраджэнне фашызму ў Беларусі

Сусветна знакамітаму беларускаму мастаку Барысу Забораву, творы якога ўпрыгожваюць найлепшыя музеи свету, - 85. Ужо больш за 40 гадоў ён жыве ў Парыжы. Ліст з яго зваротам да амбасадара Францыі па правах чалавека Франсуа Кракета, тэкст якога прыводзім тут цалкам, у рэдакцыю tuzinfm.by перадаў дызайнер Уладзімір Цэслер.


26 кастрычніка 2020
Да ўвагі спадара Франсуа Кракет, амбасадара Францыі па Правах Чалавека

Спадар Амбасадар,

Магчыма, мой голас прагучыць наіўна, але ён прадыктаваны адчаем прыватнага чалавека, які не можа прабіцца да узурпатара.

Патлумачу. Сорак год таму я быў вымушаны пакінуць сваю айчыну, зямлю, на якой нарадзіўся мой дзед, мой бацька, я сам, а таксама мой сын. Імя яе – Беларусь. Сёння я грамадзянін Францускай рэспубікі. Але гэта не пазбаўляе мяне пачуцця салідарнасці з маім народам, які падняўся на абарону сваёй чалавечай годнасці. 

У дзвюх гадзінах лёту ад межаў Францыі, на памежжы заходнееўрапейскай цывілізацыі, на вачох свету адраджаецца фашызм. Гнусны, савецкага ўзору. 

Десяць год таму на старонках мас-медыя я ўбачыў у крыві на асфальце паэта Ўладзіміра Някляева, збітага за тое, што пасмеў высунуць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Учора на вуліцах Мінска быў схоплены і кінуты ў турму паэт Дзмітры Строцаў, праваабаронца, добры чалавек. 

Я кажу пра людзей паэтычнага слова не таму, што яны выклікаюць больш спачування, чым іншыя ахвяры тэрору, але і таму, што гэта нашая кроўная сямейная гісторыя. Гэтак быў схоплены ў 37-м годзе бацька маёй жонкі паэт Барыс Карнілаў і расстраляны ў засценках КДБ. За тры гады да трагедыі на Першым усесаюзным з'ездзе савецкіх пісьменнікаў Барыса Карнілава называлі «надзеяй маладой расійскай паэзіі». Яшчэ шмат год пасля яго забойства савецкі народ зранку прачынаўся пад песню на словы паэта з музыкай Дзмітрыя Шастаковіча. Імя паэта было перакрэслена.

Рэжым, які збівае, забівае сваіх паэтаў, не мае права на існаванне ў чалавечай супольнасці.

Слова прыватнага чалавека можа не быць пачутым, але голас краіны, адной з самых старых дэмакратый цывілізаванага свету, можа прагучаць гучна і засцерагчы. Уласна таму я пішу ліст да Вас, глыбока паважаны спадар Амдасадар.

З нязменнай пашанай,
Барыс Забораў