Андрэй Краўчанка: «15 снежня павінны атрымаць від на жыхарства…»

Сярэбраны прызёр Алімпіяды-2008 па дзесяцібор’і, які амаль чатыры месяцы таму з’ехаў з сям’ёй у Германію, распавёў «Народнай Волі» пра сваё жыццё на чужыне.

Нагадаем: у мінулым годзе Андрэй Краўчанка неаднаразова выказваў сваю пазіцыю з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, падпісаў ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары.

Напрыканцы 2020 года славуты спартсмен нават трапіў на 10 сутак у ізалятар часовага ўтрымання.

«Хіба што ў кіно такое бачыў, – распавядаў затым Андрэй. – Рэчаіснасць аказалася больш крутая, чым кінематограф. Нават у страшным сне не мог прысніць, што калі-небудзь апынуся ў такім месцы.

Трэба сказаць, што ўражанні, мякка кажучы, не самыя прыемныя. Камера – два на шэсць метраў, кіслароду не хапала. Пастаянна гарэла яркае святло, харчаванне адпаведнае.

Першыя чатыры дні з шасці раніцы да дзесяці вечара даводзілася стаяць. На ложках сядзець забаранялася, кантралёры ўвесь час прыходзілі і правяралі. А на маленькай лавачцы толькі два чалавекі змяшчаліся.

Сцены былі халодныя, таму да іх таксама не прыхіналіся. Я два дні наогул практычна не спаў. Неяк дрымота адолела, да сценкі прыціснуўся, і справа ледзь не скончылася запаленнем лёгкіх. Тым больш што пасля таго, як нас у ізалятары гналі па калідоры і прымушалі прысядаць і падскокваць, майка ў мяне была цалкам мокрая. Я гадзіну потым паўголы сядзеў, пакуль рэчы сушыліся на батарэі.

Я – падрыхтаваны спартсмен, але нават мне было складана пераносіць такія фізічныя нагрузкі. А як астатнім даводзілася?!

І за кратамі сядзелі не злачынцы, не бандыты, а вельмі прыстойныя і інтэлігентныя людзі – інжынеры, выкладчыкі, навуковыя работнікі, праграмісты, менеджары па продажах… З кім толькі не сустракаўся ў СІЗА!»

Андрэй Краўчанка шчыра прызнаўся: калі і працягне выступаць на спаборніцтвах, то толькі пад нейтральным сцягам.

«Мяне ж, па сутнасці, выгналі са зборнай за грамадзянскую пазіцыю», – адзначаў спартсмен.

У жніўні гэтага года стала вядома, што Андрэй разам з сям’ёй пакінуў Беларусь – пераехалі ў Германію.

«Мой далейшы лёс будзе залежаць толькі ад мяне, – казаў тады спартсмен. – Я буду шукаць магчымасць тут трэніраваць. Паколькі ў Беларусі я гэтага рабіць не магу, прыйдзецца трэніраваць нямецкіх дзяцей. А жонка Яна (Яна Максімава таксама лёгкаатлетка. – Аўт.), думаю, працягне кар’еру тут у якім-небудзь мясцовым клубе».

– Шчыра кажучы, сваё жыццё мы яшчэ не ўладкавалі, – прызнаецца Андрэй. – Хаця вельмі спадзяюся, што 15 снежня атрымаем від на жыхарства.

– Кажуць, што атрымаць від на жыхарства ў Германіі даволі складана…

– Не скажу, што гэта лёгкая працэдура, бо патрэбна запоўніць і прадаставіць шмат усялякіх папер. Але, як кажуць, няма нічога немагчымага.

Зараз мы жывём у Дуйсбургу. Я раз на тыдзень трэнірую спартыўную групу, а Яна сама трэніруецца па скачках ў вышыню. Знайшла вельмі добрага трэнера ў даволі прыстойным клубе, хаця ездзіць даводзіцца ў іншы горад, які знаходзіцца больш як за 50 кіламетраў ад нашага.

– У бытавым плане няма праблем?

– У гэтым плане ўсё нармальна. Гарадскія ўлады прадаставілі нам жыллё, і за кватэру плаціць не трэба. А вось калі атрымаем від на жыхарства і афіцыйна працаўладкуемся, то самі будзем арандаваць жыллё.

– У вас маленькая дачка, хто яе даглядае?

– Паколькі мама ў нас тры-чатыры разы на тыдзень ездзіць на трэніроўкі, то за няньку, безумоўна, тата. Таму ўвесь свой вольны час я з Эміліяй. У дзіцячы садок яе таксама не аддасі, бо мы плануем пераязджаць у іншы горад. Менавіта там знаходзіцца клуб, у якім я збіраюся працаваць, хаця і ў Дуйсбургу прапаноўвалі некаторыя варыянты.

Натуральна, складана, калі дзеці маленькія, хаця разумею, што гэта часовыя цяжкасці. Трэба знаходзіць час і на сям’ю, і на трэніроўкі, і на вывучэнне мовы.

– Нямецкая мова цяжка даецца?

– У школе англійскую вывучаў, таму знаёмства з нямецкай для мяне вялікая праблема. Складаная мова, трэба пастарацца, каб яе вывучыць. У Яны таксама пакуль не хапае часу на тое, каб заняцца вывучэннем нямецкай.

– Якія, дарэчы, у яе спартыўныя планы?

– Даволі амбіцыёзныя. Хоча паспрабаваць свае сілы на спаборніцтвах, хаця тут таксама з’явіліся некаторыя пытанні. З-за таго, што пакуль няма віду на жыхарства і афіцыйна не працуем, Яна, напрыклад, не мае масажыста. Думаю, з часам усё вырашыцца. Трэба крыху пацярпець.

– У Германіі з землякамі падтрымліваеце сувязь? Ёсць да каго ў госці схадзіць?

– Сувязь ёсць, бо не толькі мы вымушаны былі з’ехаць з Беларусі. Беларускіх сем’яў у Германіі дастаткова, хаця ўсе раскіданы па розных гарадах. Не бачымся, але перапісваемся.

Я сябрую з Сяргеем Літвінавым, які раней таксама займаўся спортам. Яго бацька – алімпійскі чэмпіён па кіданні молата. Сяргей ужо даўно жыве ў Германіі, у яго было і беларускае грамадзянства, і расійскае, зараз нямецкае. Паўсюль пабываў, за ўсе краіны выступаў.

– Настальгіі па Беларусі няма?

– Сумуем, безумоўна. Асабліва зараз, калі дома снег выпаў. Але нічога не паробіш. Такі час – такі лёс. Трэба перацярпець, звыкнуцца з новай краінай, новай культурай і ментальнасцю.

Трэба ўсё пачынаць з нуля, але ж мы на свабодзе. У Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. У параўнанні з імі сёння мы, як кажуць, «у шакаладзе».

– У горадзе вялікія абмежаванні з-за пандэміі? Напрыклад, як трэніроўкі праходзяць?

– Барацьба з вірусам ідзе сур’ёзная, і без прышчэпкі ты, напэўна, нікуды, акрамя харчовай крамы, не патрапіш, ды і туды запускаюць толькі пэўную колькасць пакупнікоў. Не выключаю, што справа можа дайсці і да лакдаўна. Хаця немцы ўжо разумеюць, што патрэбна ўсім вакцынавацца, а большасць гэта ўжо зрабіла. Калі не памыляюся, у Германіі пачалі нават рабіць прышчэпкі дзецям пасля 12 гадоў.

Што да трэніровак, то ў клуб таксама немагчыма патрапіць без пашпарта вакцынацыі. Клопат пра здароўе тут – на першым месцы…

Алесь Святланіч, nv-online.info