Кіраўнік ліквідаванага грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» распавёў «Народнай Волі» пра сябе і перспектывы арганізацыі, якую закрылі.
Нагадаем, што 27 жніўня Вярхоўны суд Беларусі задаволіў іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ).
Яшчэ ў чэрвені Міністэрства юстыцыі пачало маштабную праверку дзейнасці БАЖа, а 14 ліпеня ў іх офісе без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі, узламаўшы дзверы, правялі вобыск. Пасля гэтага офіс апячаталі і доступ у яго заблакіравалі. Таксама ў гэты дзень былі заблакіраваны аперацыі па банкаўскім рахунку арганізацыі.
А на наступны дзень пасля вобыску і блакіравання офіса Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загада аб вынясенні пісьмовага папярэджання. 21 ліпеня стала вядома, што міністэрства накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі іск аб ліквідацыі арганізацыі…
– Шчыра кажучы, мы былі падрыхтаваны да такога развіцця падзей, таму рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі снегам сярод лета не стала, – кажа Андрэй БАСТУНЕЦ. – Іншая справа, што пакуль мы яшчэ не бачылі судовага рашэння, нам яго не аддалі. Але я абсалютна ўпэўнены, што гэта беспадстаўная ліквідацыя з пункту гледжання закона. Дастаткова прагледзець храналогію нашага пераследу, каб зразумець, што гэта была зараней спланаваная аперацыя па ліквідацыі БАЖа, у якой былі задзейнічаны адразу некалькі структур. Зразумела, што і вынік аперацыі быў зараней запланаваны, таму нейкіх аптымістычных спадзяванняў ні ў кога не было. Хаця, натуральна, хацелася б верыць у лепшае.
– Што далей будзе з БАЖам?
– Пакуль мы знаходзімся ў стадыі ліквідацыі, але фактычна дзейнасць арганізацыі ў Беларусі ўжо забаронена. Праўда, як я казаў раней, БАЖ – гэта не запіс у рэестры юрыдычных асоб, а ў першую чаргу людзі, якія аб’яднаны аднымі думкамі. Думаю, сваю місію мы будзем выконваць і далей. У якой форме? Мы над гэтым думаем. Адно магу сказаць дакладна: праца працягнецца, бо дзеля гэтага ў свой час і стваралася Беларуская асацыяцыя журналістаў.
– Ці магчыма арганізацыю зарэгістраваць у суседняй краіне?
– Гэта адзін з тых варыянтаў, якія разглядаюцца.
– Андрэй, калі не сакрэт, дзе вы зараз знаходзіцеся і чым займаецеся?
– Каля месяца таму я з’ехаў у Літву, дзе якраз і ідзе абмеркаванне таго, як далей працаваць і БАЖу, і наогул медыясектару, бо сітуацыя з незалежнымі СМІ ў Беларусі кардынальным чынам змянілася.
У бліжэйшы час планую вярнуцца ў Беларусь, але калі будзе гэты «бліжэйшы час», сказаць складана. Мы ўсе зараз жывём кароткатэрміновай перспектывай.
Алесь Святланіч, nv-online.info