Алёна Гёцэ: «Фінансава мы не пацярпелі — атрымліваем тыя ж выплаты, што і раней»

Нашы ў Германіі. Ураджэнка Віцебска Алёна Гёцэ — пра жыццё ў невялічкім гарадку, каранцін і тэлевізійныя навіны для дзяцей — найлепшую крыніцу інфармацыі пра Германію і свет.


01-b218b16dd4e8d0cf4608632afec98f37.jpg


Алёна нарадзілася ў Віцебску, але два з паловай гады таму пераехала ў Германію, цяпер мае часовы від на жыхарства. Разам з мужам Томасам яны выхоўваюць траіх дзяцей — васьмігадовую Лілу, Элізу, якой паўтара года, і чатырохмесячнага Себасціяна.


Каранцін у Франкенбергу

У нас на мінулым тыдні стала трошкі лепш — пачаліся першыя паслабленні: адкрываюцца маленькія крамы, у траўні пачнуць хадзіць у школу вучні выпускных класаў. А далей урад будзе глядзець па сітуацыі — якімі будуць вынікі зменаў. Папраўдзе тут каранцін спакойна пражываецца. А вось за Беларусь пераймаемся, вядома, сочым за беларускімі навінамі.

Франкенберг — невялічкі ціхі горад, каля 15 тысячаў насельніцтва. Тут шмат пенсіянераў, сем’яў з маленькімі дзецьмі, збольшага ўсе дысцыплінаваныя, самі датрымліваюцца самаізаляцыі. Гуляць у нас можна, але толькі паасобку ці з тымі людзьмі, з якімі жывеш разам у адным памяшканні. Таму людзі на дварэ — на роварах альбо з каляскамі, за ўвесь час каранціну я толькі раз бачыла ў парку кампанію падлеткаў. Думаю, тут ёсць патруль, які сочыць за выкананнем правілаў і за парадкам, але ў нас так ціха і спакойна, што паліцыя амаль не заўважная.

Дзіцячыя пляцоўкі закрытыя, але нам і тут пашэнціла — маем лецішча і можам гуляць удосталь без кантакту з іншымі людзьмі.

Разам з мужам мы цяпер у дэкрэтным — лічы, у самаізаляцыі яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Адно што старэйшая дачка Ліла ў другім класе і на хатнім навучанні з 16 сакавіка — менавіта тады ў Саксоніі закрылі ўсе школы. Раз на тыдзень настаўніца выкладае на школьным сайце заданні дзецям на тыдзень. Ліла іх выконвае, мы правяраем, але на кантроль іх дасылаць не трэба, і адзнак за гэтыя працы таксама не будзе. Калі пачнецца звычайная вучоба — пакуль невядома.

Фінансава мы не пацярпелі — атрымліваем тыя ж выплаты, што і раней. У Германіі мужчына ў дэкрэтным адпачынку — вельмі распаўсюджаная практыка. Да гэтага заахвочвае і дзяржава: бацька ў дэкрэце атрымлівае грашовую дапамогу — вялікі адсотак ад свайго заробку. Таксама, калі ён «дзеліць» дэкрэт разам з жонкай, да дэкрэтнага тэрміну, які аплачваецца (12 месяцаў), дадаюцца яшчэ два месяцы.

Увогуле, разам у дэкрэце — для мяне новы і вельмі цікавы вопыт. Ліла — мая дачка ад першага шлюбу, я нарадзіла яе ў Віцебску і нават не ведала, што такое можа быць. Ну і агулам яшчэ да каранціну я тут адчула вялікаю сацыяльную падтрымку — калі твой даход ніжэйшы за пэўны ўзровень, дзяржава дапамагае. Вядома, трэба збіраць паперы, гэта займае шмат часу, але ўсё магчыма.

Я маю часовы від на жыхарства, у сітуацыю, калі трэба працягваць дакументы, а ўсе ўстановы зачыненыя праз каранцін, я не трапіла. Але тут, калі ёсць уважлівая прычына, могуць перанесці тэрміны. Напрыклад, пэўны час таму мне трэба было памяняць візу на від на жыхарства, тэрмін складаў тры месяцы, але я не змагла запісацца — не было вольных месцаў. Супрацоўнікі ведамства па справах замежнікаў пайшлі мне насустрач, працягнулі вiзу і дазволілі аформіць дакументы пазней.


Тэлевізійныя навіны для дзяцей — адна з найлепшых крыніц інфармацыі

Што тычыцца інфармацыі пра сітуацыю з каранавірусам у Германіі і ў свеце — я амаль усё даведваюся з тэлевізійных навінаў для дзяцей. Іх паказваюць па тэлебачанні кожны вечар (а таксама можна глядзець іх у інтэрнэце), і для мяне яны сапраўднае адкрыццё. Соцыум, палітыка, культура, пытанні бежанцаў, абавязкова — экалогіі, агульная сітуацыя ў Германіі і свеце — усё падаецца простай зразумелай мовай, падзеі разглядаюцца з розных бакоў, паказваюцца супрацьлеглыя меркаванні. Таксама ў гэтых навінах распавядаюць пра дзяржаўны лад Германіі. Ліла, напрыклад, ведае ўсе нямецкія партыі і нават мае любімую — зялёных.

Цяпер у гэтых навінах дзецям шмат распавядаюць пра каранавірус: навошта самаізаляцыя, як дзяржава падтрымлівае сваіх грамадзян, бізнес, іншыя сферы дзейнасці. Таксама збіралі дзіцячыя пытанні для міністра аховы здароўя, ён адказваў у жывым эфіры на найбольш цікавыя. Распавялі дзецям і пра тое, чаму паслабленні ў каранціне — стала меншай хуткасць заражэння, 0,8 адсотку, гэта значыць за чатыры дні дзесяць чалавек заражаюць не больш за восем.

Атрымліваецца, маленькім грамадзянам Германіі з дзяцінства прышчапляюцца палітычныя веды, крытычнае мысленне. Шкада, што такіх навінаў няма ў Беларусі.

Я пачала хадзіць на інтэграцыйныя курсы, у мяне былі заняткі па палітычным ладзе Германіі. На іх выкладчыкі акцэнтавалі ўвагу на нашых правах і свабодах (вельмі шмат момантаў!) і абавязках. Пасля Беларусі мяне асабіста вельмі ўразіла тое, што тут любы мае права на свабоду слова і выказвання, бо гэта прапісана ў Канстытуцыі.

Увогуле, у Германіі ў мяне перавярнулася стаўленне да палітыкі ў цэлым. Дагэтуль я лічыла, што нічога ў гэтай тэме не разумею, а цяпер бачу, што нават дзеці павінныя ў ёй разбірацца.


«Хочацца дзяліцца інфармацыяй пра розныя дэталі жыцця ў Германіі»

Пакуль я ўвесь час баўлю з маленькімі дзеткамі, таму ў Беларусі была толькі раз, калі Ліле трэба было мяняць пашпарт. Але мае бацькі да нас прыязджаюць раз на год дакладна — і з намі пабачыцца, і наваколле паглядзець. Вядома, хацелася б бываць у Віцебску часцей — сумую і па людзях, і па самім горадзе.

Мне вельмі камфортна ў Германіі, і я доўгі час лічыла, што эмігранцкая дэпрэсія мяне абышла. Але падчас паездкі ў Беларусь я адчула, наколькі я тут, у Віцебску, была як рыба ў вадзе: ведаю, як стасавацца з людзьмі, як з кім дамаўляцца, што трэба казаць. Стала трошкі сумна, што ў Германіі, такога ніколі не будзе. Але цяпер мой дом тут, і вельмі добра, што я маю досвед жыцця ў іншай краіне, магу паглядзець на ўсё з іншага боку — для мяне гэта бясцэннае. Як і тое, што я беларуска і назаўсёды ёй застануся.

Мой муж Томас можа гаварыць па-руску, таму з дзецьмі мы размаўляем на дзвюх мовах — для мяне важна, каб дзеці валодалі і рускай таксама. Ліла цяпер напоўніцу пераключылася на нямецкую, але пры гэтым, калі мы глядзім спартовыя спаборніцтвы, яна заўсёды заўзее за беларускія каманды.

Я ў сацсетках перыядычна знаходжу тут людзей з Беларусі, Расіі, Украіны, але, вядома, хацела б займець і сапраўдную нямецкую сяброўку! Пакуль, праўда, не было асаблівай магчымасці: я не працавала ў Германіі і нават курсы праходзіла маленечкімі ўрыўкамі, па некалькi месяцаў паміж цяжарнасцямі. Але як падрастуць дзеці, пастараюся запоўніць прабел у зносінах з мясцовымі.

А яшчэ вельмі хочацца дзяліцца інфармацыяй пра розныя дэталі жыцця ў Германіі, пакуль я распавядаю пра іх у сваім інстаграме. Цяпер я занятая ў мацярынстве, але як будзе прасцей з вольным часам, абавязкова хачу болей пісаць пра адукацыю, да ўсяго мой муж, выхавацель у дзіцячым садку, праводзіць трэнінгі па негвалтоўнай камунікацыі для выхавацеляў дзіцячых садкоў і можа распавесці шмат цікавых і важных рэчаў. Магчыма, гэтая інфармацыя будзе карысная прыватным беларускім ініцыятывам, якім цікавае развіццё і іншы вопыт.

Адно што тут, у Германіі, усё нашмат прасцей: калі людзі хочуць ажыццявіць якую грамадскую ініцыятыву — яны адразу аб’ядноўваюцца ў суполкі, працэдура рэгістрацыі вельмі простая. У Беларусі такія рэчы часам вельмі складаныя — прыкладам, у Віцебску я арганізоўвала прыборку смецця ўздоўж Лучосы, і на той момант аформіць суполку афіцыйна нам, 20-25 гадовым, падавалася чымсьці нерэальным.

А яшчэ ў родным горадзе ў мяне быў уласны бізнес — крама хэндмэйду «Счастливые вещи». Вядома, мне хочацца штосьці такое і тут, але я прыняла факт, што ў Германіі для гэтага трэба зрабіць больш крокаў. Абавязкова — атрымаць адукацыю і папрацаваць у іншай сферы. Але галоўнае — у мяне ёсць жаданне і падтрымка сям’і, таму, вядома, буду спрабаваць.

Аляксандра Дварэцкая, budzma.by