Альгерд Бахарэвіч: Гэтая рэвалюцыя не скончылася

Культура – гэта заўсёды пра свабоду. Таму – такія рэпрэсіі, такое выцісканне яе за мяжу, такія раптоўныя памыі, якія вылівае на нас прапаганда.

Зараз пісьменнік Альгерд Бахарэвіч разам з жонкай, паэткай і перакладчыцай Юліяй Цімафеевай часова жыве ў аўстрыйскім Грацы – горад прадаставіў літаратурную стыпендыю. Гэта адбылося напрыканцы мінулай восені, калі, як пісаў сам Бахарэвіч, «кола змыкалася».

У адным з восеньскіх інтэрв’ю ты казаў, што рэвалюцыя – гэта заўжды адказ. Праз апошнія месяцы як выглядае гэты адказ? Ці пытанне засталося адкрытым, ці адказ не пачуты, ці былі тыя падзеі адказам увогуле?

– Тая архаічная, рэпрэсіўна-абсурдная сістэма, у якой існавала Беларусь, сумесь струхлелага цырку і недабудаванага канцлагеру, пратрымалася два з паловай дзесяцігоддзі, і гэта стварыла ва ўладаў ілюзію, што яны і праўда здольныя спыніць час і скасаваць гісторыю. У прынцыпе, гэта тыпова для ўсіх рэжымаў такога кшталту – чым далей, тым слабейшыя іх сувязі з рэальнасцю і тым мацнейшая вера ва ўласную ўсемагутнасць: маўляў, гісторыю мы забаронім дэкрэцікам, а час пасадзім у турму, і будзем жыць так, як быццам іх няма і не было ніколі.

Расплата за такую ўбогую саманадзейнасць прыходзіць не заўсёды хутка, але яна абавязкова прыходзіць. У жніўні 2020-га еўрапейская гісторыя нарэшце дагнала Беларусь – апошнюю на кантыненце. Дагнала і павяла за сабой туды, куды мусяць прыйсці ўсе – у новае стагоддзе. Такія падзеі не могуць прайсці без болю і траўмаў. Калі час раптам зноў пачынае ісці, калі гісторыя нечакана запаўняе сабой “мірнае блакітнае” неба – гэта балюча.

Беларуская рэвалюцыя – гэта сапраўды адказ. Адказ на штучнае тармажэнне, адказ на адмову ўдзельнічаць у гісторыі. Лукашэнкаўская сістэма ў Еўропе ХХІ стагоддзя была і застаецца пошлым і жудасным архаізмам. Але гэта і адказ людзей, якія раптам апынуліся ў гісторыі. Ім дзесяцігоддзямі казалі: вы нікому ў свеце не цікавыя, вы непрыгожыя, вы ніхто, вы жывяце ў атачэнні ворагаў, вы мусіце дзякаваць, што жывяце ў сваіх шэрых гарадах сваім шэрым жыццём, вы не мусіце думаць. Вы “рускія”, вы савецкія. Ім хлусілі, іх прымалі за ідыётаў. І гэта – у лічбавую эпоху, калі інфармацыя перадаецца за імгненне, у часы, калі чалавецтва мабільнае, як ніколі. У эру інтэрнэту ўлады дзейнічалі на ўзор марудных савецкіх прапагандыстаў, якія ляніва перамяшчаюцца ад калгасу да калгасу з новым лекцыямі пра светлае заўтра і пачкам пазалеташніх брашурак.

Ёсць так званыя выклікі часу, ад якіх немагчыма адмахнуцца. І цяпер гэтыя выклікі: каранавірус, новыя медыя, постпраўда, экалогія. Ёсць пагрозы часу – гэта новая сусветная вайна. Тая “халодная вайна”, якая ўжо ідзе. Ёсць каштоўнасці, прызнаныя чалавецтвам – годнасць, разнастайнасць, салідарнасць, свабода слова. Як жа добра без усяго гэтага жылося сістэме… Але яно ўжо тут, страшнае, гучнае, рэальнае – як ні хавай іх, як ні лайся, як ні прымай супраць яго новыя законы. Ні на адзін з гэтых гістарычных выклікаў ўлады не змаглі даць уцямнага адказу. І атрымалі адказ у выглядзе народнай рэвалюцыі.

Гэтая рэвалюцыя не скончылася. Людзі сышлі з вуліц, бо гвалт у краіне зашкальвае. Бо канцлагер нарэшце дабудаваны – на руінах цырку. Проста рэвалюцыя перайшла на новы этап. Можна загнаць людзей у турмы і прымусіць сядзець дома, можна зрабіць выгляд, што ўсё скончылася, але супраціў у галовах толькі мацнее. Гісторыю на Акрэсціна не пасадзіш.   

– Ты працягваеш з лета-восені чытаць літаратуру гістарычнага накірунку, вось пішаш у Facebook пра паралелі, якія бачацца пасля кнігі Нікаласа Старгардта «The German War», якая ў расійскай версіі называецца «Мобилизованная нация. Германия 1939-1945». Назва расійскага выдання дакладна пасуе да сёння ў Беларусі. На тваю думку, ці сапраўды зараз намаганнямі дзяржавы у заштампаваным «цэнтры Еўропы» з «талерантным народам» можна мабілізаваць хаця б сваіх прыхільнікаў да ўзроўню 30-х?

– Тая кніга пабудаваная на аснове лістоў, якія немцы пісалі цягам вайны адно аднаму: з фронту і на фронт, суседзям, каханым, сябрам, калегам. І пытанне, якім задаецца аўтар кнігі – чаму на фоне паразаў вермахту і краху нацысцкай сістэмы насельніцтва не разбягалася і не пратэставала (хоць і такое, вядома ж, здаралася), а наадварот, у масе сваёй гуртавалася вакол уладаў? Кніга выклікае шмат паралеляў найперш з сучаснай Расіяй – бо тую Нямеччыну 30-40-х і Расію аб’ядноўвае адна выразная рыса: абедзве бачылі сябе ў межах імперскай ідэі. Для абедзьвюх найважнейшым пытаннем была гістарычная веліч, магутнасць і захаванне ўлады над народамі і тэрыторыямі. Нацысцкая ідэя, як і ідэя расійскай імперскай велічы, мела глабальны, светапоглядны, гістарычны маштаб, іх пытаннем было: або мы, або яны, нехта мусіць жыць і кіраваць светам, а нехта падпарадкавацца або памерці.

Але і з сучаснай Беларуссю паралеляў у кнізе вельмі шмат. Чаму немцы так баяліся паразы і падтрымлівалі рэжым да канца? Па-першае, яны баяліся расплаты. У лістах вельмі добра гэта адчуваецца. Калі саюзнікі жорстка бамбардавалі нямецкія гарады, людзі шапталіся: гэта нам за тое, што мы зрабілі з яўрэямі. То бок было разуменне таго, што немцы, пайшоўшы за нацызмам, перасяклі пэўную мяжу, за якой даравання ўжо няма. Я думаю, тыя, хто кінуўся запэўніваць беларускі рэжым у падтрымцы і лаяльнасці пасля жніўня 2020-га, таксама вельмі баяцца расплаты. Бо яны таксама перайшлі маральную, чалавечую мяжу, падтрымаўшы тэрор, гвалт, хлусню. І яны разумеюць, што ім за гэта будзе.

Па-другое, немцы баяліся хаосу, неразбярыхі, галечы, голаду. Шмат хто з іх добра памятаў час пасля заканчэння Першай сусветнай: інфляцыя, голад, беспрацоўе і нацыянальная ганьба. І гэта з нацяжкай, але можна параўнаць са страхамі савецкіх людзей пасля распаду СССР. Немцы, як і цяперашнія прыхільнікі рэжыму, баяліся, што параза ўлады будзе азначаць галечу і голад.

Па-трэцяе, вельмі цікава, як нават перад самым канцом вайны людзі ў Нямеччыне не хацелі прызнаць сваёй віны. Што гэта іх рукамі быў створаны нацызм – а значыць, іх рукамі былі здзейсненыя ўсе злачынствы. Гэта вельмі нагадвае цяперашнія апраўданні беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўных службоўцаў: так, я служыў уладзе, але я нічога благога не зрабіў, чаму я мушу пачувацца вінаватым і адказваць? У іх няма ўяўлення пра калектыўную віну і калектыўную адказнасць, пра тое, што машына гвалту і тэрору складаецца з тысяч дробных частак, то бок з людзей, якія яе рухаюць.

Як Беларусь трапіла ў 2020-ы, як зрабіўся магчымым той фашызм, які цяпер у Беларусі? Як мы гэта дапусцілі? Не проста «мы» – але я, ты, ён, яна, «разам дружная сям’я». Напрыклад, я з сябе, пісьменніка, адказнасці не здымаю. Я ніколі не служыў дзяржаве, я заўсёды быў крытыкам сістэмы – але пасіўным, я таксама часам пісаў так, нібы жыву ў дэмакратычнай дзяржаве, я маўчаў там, дзе трэба было крычаць. Але я прынамсі не займаўся ўсхваленнем зла… Не заклікаў лічыць яго нормай. І ўсё ж і я – вінаваты. 

Па-чацвертае, адбываецца спроба мабілізацыі беларусаў супраць выдуманага ворага. Немцы 30-40-х былі настолькі атручаныя прапагандай, што большасць і праўда верыла ў тое, што яўрэі захапілі ўладу над светам. І тыя самыя бамбардзіроўкі для іх былі – у гэта цяжка паверыць – доказам магутнасці яўрэйскага лобі. Маўляў, гэта яўрэі помсцяць нам за сваіх рукамі брытанскіх і амерыканскіх хлапцоў. Тыя немцы нават паверыць не маглі, што іх ідуць вызваляць, а не заваёўваць. Іх карціна свету не прадугледжвала свабоды – як і карціна свету сучасных адэптаў рэжыму ў Беларусі.

Па-пятае, немцы тых часоў вельмі паспяхова і эфектыўна выкарыстоўвалі самаарганізацыю – яны разам супрацьстаялі ворагам з Захаду і Ўсходу, і гэта іх гуртавала, бо ўзаемадапамога заўсёды развівае еднасць.

Але гэта ўсё толькі паралелі. Насамрэч ніякай мабілізацыі, да якой заклікае ўлада, у Беларусі не адбываецца. Адна прапаганда. Я думаю, што такія заклікі дзейнічаюць найперш на дзяржаўных чыноўнікаў і карныя структуры. Ім ёсць што губляць, ім ёсць чаго баяцца, гэта яны перайшлі мяжу чалавечнасці. Але іх даволі мала. У выпадку іх паразы адказваць будуць тыя, хто катаваў, адказваць будуць так званыя «суддзі», адказваць будуць міліцэйскія начальнікі. Канкрэтныя людзі і арганізацыі. Перадумоваў для калектыўнай віны я ў Беларусі не бачу. Беларусы не дурні, яны добра ведаюць, як жывуць людзі за заходняй мяжой, і не вераць ні ў якіх знешніх ворагаў. Ворагі толькі ў галовах улады. Таму і народная мабілізацыя не працуе.

– Ты спрабаваў неяк глянуць на цяперашняе ў Беларусі вачыма таго боку, знайсці логіку аўтараў вось гэтага закручвання крызісу да безвыходнасці?

Я думаю, яны толькі цяпер пачынаюць разумець, што нарабілі. І спасціглі нарэшце простую ісціну – дарогі назад для іх ужо няма. Народ ім папросту ўжо не даруе. Нейкі страшны вецер заўсёды будзе вяртаць кнігу найноўшай беларускай гісторыі на тую самую старонку, як бы ўлады ні ўмольвалі яе нарэшце перагарнуць. І тут магу паабяцаць, што літаратура будзе казаць пра тое, што адбылося, заўсёды. Так, літаратура не забудзе і не даруе. Вядома, падзеі мінулага і гэтага году з цягам часу забудуцца, міфалагізуюцца, сыйдуць у гісторыю, але літаратура тым і магутная, што яна не дае людзям забыцца.

Там, ва ўладзе, сапраўды сядзяць вельмі недалёкія людзі. Неразумныя. Прынцып, паводле якога на кіроўныя пасты заўсёды бралі, сыходзячы з асабістай лаяльнасці, а не з прафесійных і маральных якасцяў, працуе супраць дыктатуры. У выніку на кіроўныя пасады прыходзяць людзі без розуму. Розум – гэта здольнасць прадбачыць наступствы, адчуваць межы, бачыць перспектыву. А яны не прадбачылі, не адчулі, страцілі арыентацыю не толькі на тэрыторыі маралі, але і ў палітыцы, яны нібы сляпыя. Яны мітусяцца ў цемры і забіваюць усё, што трапіцца пад руку. І, на жаль, яны і праўда пойдуць да канца. Бо канца ў вусцішы няма. Для такой вернай службы сабе Цемра не прадугледзела пэўнага тэрміну.

– Зараз паняткі «экстрэмізм» і «культура» вельмі блізкія з пункту гледжання дзяржаўнага. Паляванне на культурніцкія ініцыятывы, людзей культуры, выцісканне іх за мяжу вельмі ж ужо кідаецца ў вочы. Ды і твае «Сабакі Еўропы» зараз на «экстрэмісцкай» экспертызе. У чым бачаць небяспеку для сістэмы? Ну і рэжымы мінулага стагоддзя знаходзілі сабе сапраўды таленавітых служак, тут як ні было, так і няма такіх узораў.

Там, у Нямеччыне, Італіі, Савецкім Саюзе была так званая Вялікая Ідэя. Вялікай Ідэі патрэбныя творцы, каб легітымізаваць яе, каб перакласці яе на мову мастацтва і культуры. Скажам так, вялікай імперыі заўсёды патрэбная адпаведная вялікая імперская культура. У беларускай дыктатуры Вялікай Ідэі няма. Па сутнасці, ідэя ў яе адна – захаванне ўлады адным чалавекам. Калі гэта і ідэя, дык вельмі дробненькая і ўбогая. Такая ідэя не мае патрэбы ў эстэтычным напаўненні. Асабістая ўлада – гэта пустата, якая памрэ пры сутыкненні  з культурай.

Доўгі час улады ў Беларусі больш-менш трывалі вольную культуру, бо ім удалося стварыць паміж людзьмі і культурай штучны бар’ер. Жывая вольная культура была маргіналізаваная. Пакуль у яе стварэнні ўдзельнічалі некалькі сотняў чалавек, і цікавіліся ёй максімум некалькі дзясяткаў тысяч, уладам няма чаго было асабліва баяцца. Абы гэтыя “культурныя” ў палітыку не лезлі. Задачай было – каб культурай немагчыма было падзяліцца. Паміж беларусамі і іх культурай стаяў агромністы Славянскі базар. Але ўлетку 2020-га базар згарэў. Яго спаліла гісторыя. Я ўжо не раз казаў: на маю думку, у жніўні 2020-га адбылася вялікая сустрэча дзвюх Беларусяў: добрай, працавітай, абыякавай, пасіўнай, заклапочанай толькі сваім маленькім шчасцем у крэдыт  – і нервовай, з праклятымі пытаннямі ў галаве, нешматлікай, але актыўнай і творчай Беларусі, якая пранесла праз усе гады дыктатуры ідэю іншай краіны, ідэю беларускай свабоды. І, сустрэўшыся, гэтыя дзве Беларусі ператварыліся ў грозную, небяспечную для дыктатуры сілу.

Вольная культура ў цяперашніх варунках вельмі замінае той самай “народнай мабілізацыі”, пра якую мы гаварылі. Сапраўдная культура перашкаджае знаходзіць ворагаў. Культура – гэта заўсёды пра свабоду. Таму – такія рэпрэсіі, такое выцісканне яе за мяжу, такія раптоўныя памыі, якія вылівае на нас прапаганда. Пошукі “экстрэмізму”. На маю думку, літаратура, мастацтва – гэта заўсёды палітыка, бо творчасць – ужо сама па сабе магутны акт унутранай свабоды, а не проста мігценне нечага палахлівага нарцысізму. Калі вольны чалавек піша кнігу – у свеце адразу робіцца трошкі больш свабоды. Дробная, пазбаўленая ідэй дыктатура ніколі не ўмела чытаць. Цяпер вось паспрабавала – і з першых жа радкоў адчула небяспеку. І не так важна, пра што кніга… Важны той самы дух свабоднай творчасці, вельмі небяспечны для фашызму. І калі кнігі будуць у вольным доступе – гэта значыць, дух свабоды будзе множыцца. Уладзе вельмі важна, каб культура не ішла далей. Але ў часы інтэрнэту гэта немагчыма. Я люблю нагадваць, што кнігі даўно ўжо робяць не толькі з паперы.

– Разам з Юліяй Цімафеевай вы часта на імпрэзах, сустрэчах ды інтэрв’ю з мясцовай прэсай. Чаго чакаюць ад Беларусі, якой там зараз бачаць яе?

– Доўгі час на Захадзе (я традыцыйна не кажу: у Еўропе, бо Беларусь – таксама Еўропа, толькі іншая; у тым і загваздка) у людзей не было нейкага ўцямнага вобразу Беларусі. Шчыра кажучы, у іх свядомасці яе папросту не было. Вобраз замяняўся бессэнсоўнай формулай “апошняя дыктатура ў Еўропе”. Бессэнсоўнай, бо яна, гэтая спрошчаная формула, мае на ўвазе выключна палітыку з геаграфіяй, а не людзей і не культуру. Але ў жніўні 2020-га Беларусь нарэшце атрымала свой вобраз – вельмі прыгожы і вельмі трагічны. Адважныя бяззбройныя мужчыны і жанчыны на залітых сонцам вуліцах супраць узброенай да зубоў дыктатуры садыстаў і хлусаў. Беларусь нарэшце апынулася на мапе свету – як краіна, што імкнецца да свабоды.

Аднак бяда такіх вобразаў у тым, што яны ўтвараюцца на доўгі час, што ім заўсёды трэба адпавядаць. Такія вобразы не ўлічваюць імклівых зменаў, якія нясе з сабой любая рэвалюцыя. Цяпер увага медыяў да Беларусі значна знізілася, бо, з цынічнага медыйнага гледзішча, нічога ў нас не адбываецца. Але, напрыклад, увага культурных і палітычных інстытуцый толькі ўзрастае.

Я магу сказаць з нашага досведу, што абсалютная большасць людзей за мяжой шчыра зычаць беларусам перамогі над злом. Яны гатовыя нас падтрымліваць і дапамагаць. Але як – вось тут вялікае пытанне. Людзі часта пытаюцца, як дапамагчы. Часцей за ўсё мы кажам: расказвайце праўду пра тое, што адбываецца. Расказвайце яе адно аднаму і сваім палітыкам – у дэмакратычных краінах нават лакальныя палітыкі маюць вагу і ўплыў і здольныя паўплываць на рашэнні цэнтру. Падтрымлівайце нашых палітвязняў, дапамагайце пацярпелым ад злачынстваў дыктатуры. І людзі гатовыя дапамагаць. Аднак яны ўсё роўна не зусім разумеюць: што гэта за краіна, што адбываецца, чаго чакаць, ім цяжка ўпісаць Беларусь у нейкі еўрапейскі наратыў. Праўда, яны стараюцца. Вельмі стараюцца. У нас значна больш сяброў, чым мы думаем. Немагчыма зразумець Беларусь за год. Яе наогул яшчэ доўга немагчыма будзе зразумець – пакуль Беларусь не зразумее сябе сама.

Генадзь Сапежынскі, „Беларуская Праўда“