Актывісты беларускай дыяспары ЗША звярнуліся да амбасады Беларусі ў ЗША

Актывісты беларускай дыяспары ЗША выказваюць занепакоенасць і абурэнне палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Прыводзім тэкст заявы цалкам:


Embassy of Belarus
1619 New Hampshire Avenue, N.W.
Washington, DC 20009


Attn:
Mr. Dmitry Basik
Charge d'Affaires a.i.


Зварот

Паважаны Дзьмітры Яўгенавіч,

Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ЗША, звяртаемся да Вас, каб выказаць сваю велізарную занепакоенасць і абурэнне тымі падзеямі, якія сёння адбываюцца на нашай Бацькаўшчыне.

З самага пачатку выбарчай кампаніі назіраюцца рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі. За кратамі апынуліся кандыдаты ў прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, кіраўнікі і чальцы іх ініцыятыўных груп, актывісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Удзельнікаў мірных пікетаў і звычайных мінакоў сярод белага дня збіваюць і выкрадаюць невядомыя ў цывільным.

Мы ўпэўнены ў тым, што ўсе гэта не толькі перашкаджае правядзенню канкурэнтнай выбарчай кампаніі, але і руйнуе дзесяцігоддзі цяжкай працы супрацоўнікаў МЗС і беларускіх дыпламатаў па фарміраванні пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.

Многім беларусам падабаецца творчасць музычнага гурта, у якім Вы некалі бралі ўдзел. У адной з песняў ёсць такія словы:

Айчына! Скажы, у трывожны час, у цяжкiя гады,

Цi адчуваеш ты патрэбу ў кожным з нас?

У гэтыя цяжкія часы Айчына сапраўды адчувае патрэбу ў кожным з нас. Мы спадзяемся, што Вам на самай справе не абыякавы лёс нашай краіны, і таму заклікаем Вас перадаць гэты зварот Вашым калегам, кіраўніцтву МЗС. Мы шчыра спадзяемся, што яны таксама цалкам разумеюць складанасць сітуацыі і зычуць лепшай долі беларускаму народу.

З павагай,
Актывісты беларускай дыяспары ЗША

Паводле прэс-рэліза