Акцыя супраць інтэграцыі ў Маскве

Ля беларускай амбасады ў Маскве 8 снежня адбыўся адзіночны пікет супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі.

Удзельнік акцыі анархіст Косця Мкртчан патлумачыў «Новаму Часу»: «Я выйшаў з пікетам таму што адгукнуўся на заклік, які прагучаў падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Я хацеў паказаць, што і ў нашай краіне ёсць тыя, хто супраць інтэграцыі. "Інтэграцыяй" называюць кулуарныя махінацыі, якія хочуць падаць як "паляпшэнне добрасуседскіх адносін". Але сапраўдная мэта не зразумела, і я стаўлюся да гэтага з вялікай асцярогай.

У людзей, якія жывуць у нашых краінах, вельмі шмат праблем з дзеючым рэжымам. Нашы рэжымы маюць патрэбу ў рэальнай трансфармацыі, а не ў паддывановай "інтэграцыі". Нічым добрым яна не скончыцца.

Я спадзяюся, што ніякай інтэграцыі не будзе. Не хацелася б, каб улада так па-дурному падштурхоўвала народ да крывавай рэвалюцыі».

novychas.by