У часе падрыхтоўкі лістоў да выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі» высветлілася многа цікавага з жыцця паэткі. Самы вялікі эпісталярый захаваўся з Сяргеем Панізнікам — 72 лісты, якія ён перадаў сыну, а сын — нам, укладальнікам выдання, мне і Святлане Калядка.
Ліставанне ахоплівае перыяд з 1965 па 1975 гады. Лістоў С. Панізніка да Я. Янішчыц захавалася толькі 5, а якімі яны былі, мы можам здагадвацца, чытаючы лісты Я. Янішчыц.
Была цудоўная мара ў С. Панізніка: напісаць удваіх кнігу. Рукапісны твор яны не стварылі, але зрабілі большае — нарадзіўся сын Андрэй…
Першы да Сяргея ліст, які мы маем, напісаны 10 жніўня 1965 года. У ім Жэня звяртаецца да Сяргея на «Вы»: «Атрымала Ваш ліст, за які шчыра ўдзячна. Сяргей, нядаўна я Вам адправіла пісьмо. Напэўна, Вы яго ўжо атрымалі». Значыць, пісем было больш. Тут жа верш, у якім адкрыта, непасрэдна і шчыра Жэня прызнаецца Сяргею ў каханні:
Адплыў учора лёгкі вецер,
І ты адплыў, даўно адплыў.
А сэрца б’ецца, сэрца верыць,
Што ты адзіны на зямлі.
Жэня адрасуе гэтыя радкі таму загадкаваму паэту, які і сам, магчыма, да канца не разумеў, чаму ён паехаў на сустрэчу з палескай дзяўчынкай, нягледзячы на тое, што ва ўспамінах піша, што хацеў «убачыць гэтага незвычайнага самародка».
Напачатку яны размінуліся. Жэня ехала аўтобусам з Рудкі ў Парэчча, а Сяргей пяшком ішоў з Парэчча ў Рудку. І вось сустрэча адбылася. С. Панізнік піша: «Раптам убягае ў хату дзяўчынка. Спытаў спачатку, агаломшаны: «Жэня?». Адказвае: «Так!». Знаёмлюся: «Панізнік…».
Такая жывая, па-добраму смешная дзяўчынка стаяла перада мною. Нават не верылася, што гэта яна, Жэня, можа пісаць такія кранальныя вершы.
Вясёлая! І гаворка вясёлая між намі не спынялася».
Дваццацітрохгадовы малады чалавек, высокі, прыгожы, разумны, курсант факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча СА і ВМФ, паэт, у якога вось-вось кніжка павінна выйсці, для вясковай дзяўчынкі, якая марыла таксама стаць паэтам, якую нават родная маці не лічыла прыгожай, такі госць быў казачным цудам.
«Цаны» сабе Жэня яшчэ не ведала. І вось яе, шаснаццацігадовую вясковую летуценніцу, захліснула хваля пачуцця, такога чаканага і такога хвалюючага! Усе закаханыя ствараюць ідэальны вобраз свайго абранніка. А тут як быццам нічога і прыдумваць не трэба. Вось ЁН — той адзіны, любы, мілы!
І пачалася перапіска — з радасцю і трывогамі, з надзеяй і расчараваннямі: «Ішла ў тваё лета, // Ішла ў тваю восень. // Па спелых ранетах, // Па травах росных…», «Рукой махну на ўсё // І не паверу — // Ты мне ўсміхнуўся, // Адкрыўшы дзверы» (ліст ад 16.05.1966).
Даволі працяглы час Жэня звярталася да Сяргея стрымана: «Добры дзень, Сяргей!». Падпісвалася проста: «Жэня, Ясяльдзянка, Я і Ясельда, Аўгіння». Гэта потым, калі Сяргей адкрыта выкажа свае адносіны і пасля шлюбу, Жэня будзе звяртацца і падпісвацца разняволена: «Твая дзяўчынка, твая Ясяльдзянка, твая навекі Аўгіння, твая бедная Аўгіння, твая жоначка, чакаю, а значыць — жыву».
З0 лістапада 1966 года Жэня напіша без спадзявання на адказ: «Дзень добры, Сяргей. Асмелілася напісаць табе ўсё-такі ліст. Не ведаю толькі, ці атрымаю адказ. Але зараз мне ўсё роўна». Сяргей адказаў.
У лісце ад 19 мая 1967 года чытаем: «Добры дзень, Сяргей! Гэта ізноў я, Жэня, забытая ці без крыжа захаваная маладым беларускім паэтам Сяргеем Панізнікам...
Сёння ідзе дождж. Як ніколі, буйны і шумлівы. Цвітуць каштаны. У пакоі бэзавы букецік. Гэта акрыляе заўсёды і не заўсёды. У апошні час не магу жыць без пяра, без далёкіх і блізкіх слоў. Пэўна, гэта маё летуценне ці неўтаймаванае жыццё. Усё роўна. Не хапае часу на ўсё, калі нават утачыць добрую палову ночы. І тым не менш — пішацца. Пішацца ўрыўкамі паміж задуменнем і радасцю, паміж нечаканасцю і ціхім сумам».
Жэню перапаўнялі пачуцці, яна хвалявалася, перажывала, шукала «выйсця з адзіноты», на яе наплывала туга, «як паводка вясновая на зялёны бераг», «Сэрца птушкаю ў клетцы білася, // Адплывала ў невядомае адарванай шхунай».
Сумняваўся, відаць, і Сяргей. Не было спачатку ў яго ніякіх планаў у адносінах да Жэні. Яму проста цікава было перапісвацца з «гэтым незвычайным самародкам». Пра сур’ёзныя адносіны не задумваўся. Хлопец ён відны, вольны, «сыты» (як кажуць у народзе) — дарослых прыхільніц хапала. А тут зусім яшчэ дзяўчо, такое шчырае, непасрэднае, так адкрыта гаворыць аб сваім пачуцці. Што рабіць маладому чалавеку?..
Дзяўчо то дзяўчо, але ж па-дарослому глядзіць на жыццё, на творчасць, на сваё прызначэнне. Калі чытаеш лісты Жэні Янішчыц, то зусім не адчуваецца, што яна на шэсць гадоў маладзейшая за Сяргея. Жэня супакойвае каханага, падтрымлівае, падбадзёрвае: «Атрымала твой ліст, Сяргей! «Сумна і на душы, і на паперы...» Гэта не так страшна, калі гэты сум далёка ад радзімы, калі ёсць час паглыбіцца ў сэнс жыцця, у духоўны свет сваіх адкрыццяў. Горш тым, хто ў сваёй хаце сумуе і на паперы, і ў душы. Я добра адчула гэты харошы і трывожны сум там, у Балгарыі» (ліст ад 25.ХІ.1969 г.).
Страціўшы надзею на ўзаемнасць, Жэня напіша: «Так, час нас уносіць усё далей і далей. З гадамі, а то і з хвілінамі мы губляемся ў шумным кругазвароце жыцця, дзе столькі святасці, светласці, чысціні пачуццяў, усмешак і... подласці! На ўсё жыццё ўдзячна свайму дзяцінству і краю, дзе глыбінная Ясельда адвяла мне чысцюткі бераг светласці і ўліла непаўторныя хвалі святла, наіўнасці, веры і задумення. Магчыма, гэта самае галоўнае для мяне цяпер, у такім летуценным узросце.
З гадамі я пасталею. З сумам буду ўспамінаць свае першыя хваляванні і пісьмы, пісьмы, пісьмы... Хай яны застануцца харошым успамінам аб шчырасці і чысціні думак, аб тым, што людзі не ўмеюць крыўдаваць нават у самых трывожных абставінах.
Жадаю шчасця! Прабач. Аўгіння. Мінск, 28. V–1967 г.»
У гэтым жа лісце верш:
Калі размінуцца суджана
Будзе вясной ці летам,
Не будзе крыўды на ростань,
Доўгую, як стагоддзі.
Не будзе крыўды на пісьмы,
Што шчыра мяне сагравалі,
Як вялікае цёплае сонца.
Не будзе крыўды на песню,
Маладую і звонкую,
Што нам з табой прысвячалася.
Хіба вінавата ростань,
Хіба вінаваты пісьмы,
Песня хіба вінавата,
Што ціха здрадзіла сэрца?!
Перапіска з Сяргеем Панізнікам працягваецца. Ліст ад 3 лістапада1970 года: «Цяпер я дома. Тут ціха і хораша. Праўда, зараз стаіць глыбокая восень, а таму на вуліцы вецер з дажджом. У такі час больш за ўсё люблю ствараць, аддавацца ўспамінам і самой прыродзе. Зараз адным вокам гляджу тэлевізар (непаўторны Пеціпа!), слухаю музыку і пішу гэты лісток. Паступова ты пачынаеш крыху праясняцца. Гэта добра. Нельга ў такі час багата аддавацца меланхоліі. Мы павінны па-сапраўднаму жыць для Белай Русі, асабліва ў гэты час, калі ўрбанізацыя наступае на горла нашай роднай песні».
Надзея на ўзаемнасць то ўзнікае, то страчваецца. Ліст ад 6 чэрвеня 1971 года: «Сяргей! Атрымала ліст твой, за што шчырае дзякуй. Чацвёрты дзень збіралася, каб напісаць. Нарэшце, сабралася з усімі хваляваннямі сваімі...
Ты пішаш, што і зараз цяжка паверыць у ліст мой. Судзі, як хочаш, але проста так я яго не магла напісаць. Да таго ж табе, пэўна, не вядома было, як я перажывала потым, пасля твайго адказу, як хвалююся кожны раз, калі бяру ў рукі чарговае тваё пісьмо. І ўсё таму — што неадступна і тады, і зараз я іду за табой. Гэта не адчай і не прывязанасць. Гэта ў многа разоў большае. Чаму я тады паступіла так? Можа быць, таму, што насіла ў душы сваёй чыста дзіцячае святло, якое хутчэй за ўсё ідзе ад справядлівасці, ад чысціні. Я думаю, што потым ты не змог не зразумець усё гэта... Не буду пісаць, як мне цяжка і лёгка, як мне бесклапотна і трывожна, важна для мяне іншае, што жывеш ты. Мабыць, усё гэта выглядае некалькі сумбурна, прабач…».
Каханне Жэні было настолькі моцным, шчырым і глыбокім, што сваё сямейнае жыццё яна не ўяўляла без Панізніка, таму на заўвагі, парады родзічаў, суседзяў кідала: «Калі не за Панізніка, то ні за кога».
Якім быў наступны ліст Сяргея, мы не ведаем, але, мабыць, вельмі цёплым, бо Жэня ўпершыню звернецца да каханага «мілы» і ўпершыню ў канцы напіша: «Моцна абдымаю цябе і цалую. Твая Аўгіння. Да сустрэчы!». Вось той ліст ад 30 чэрвеня1971 года: «Добры дзень, мілы! Як даўно мне хацелася напісаць ці сказаць гэтае слова! Прабач, што праз дзён колькі пішу адказ. Была дома, таму твой ліст крыху спазніўся перад маім ад’ездам. Напэўна, як і ты там, я многа раз перачытвала пісьмо, каб паверыць кожнаму радку, кожнаму слову і запомніць назаўжды. <…>
Хачу хутчэй убачыць цябе такім, якога ўяўляла ўсе гады, такога, якога кахаю, такога, якога нікому не хочу аддаць. Вечарамі, і ноччу, і ў штодзённай мітусні — я чую твой голас і смех, бачу твае вочы і рукі і заўсёды ўспамінаю наш першы дзень сустрэчы. Не хачу ўспамінаць тыя сумныя дні, тыя шэрыя хвіліны, што былі паміж намі. Іх і не было. Была проста душэўная сумяціца, былі, можа, і нагаворы... Але з таго я зараз не хачу нічога ведаць, бо адчуваю сваю чысціню да цябе, сваю дарогу і ўсе свае ўдачы. Яшчэ восенню, да твайго прыезду, я пісала так:
Прыязджай. І будзе вечнасць
перад намі.
Час загладзіць і сумненні, і віну.
Павяду цябе зялёнымі лугамі
У кашулі з найтанчэйшага ільну».
І вось праз шэсць гадоў пасля знаёмства Жэня атрымлівае ліст, у які цяжка верылася. Цудоўны ліст, жаданы:
«3 ліпеня 1971 г.
Дарагі мой далёкі чалавек!
Кожнае слова Тваё — крок усё бліжай і бліжай…
У імя нашага кахання нам трэба быць разам, і справу нашу агульную разам рабіць. Калі прымеш мае словы, то хай неба блаславіць нас на жыццё, і каб у ім не было ані горычы, ані крыўды, ані шкадавання, ані бязвер’я. Хай хопіць мне сілы на такое жыццё, як і на рашэнне такое.
Калі, мая добрая, дасі сваю згоду (а іначай і нельга), то хачу сказаць, што мне год ці больш працаваць яшчэ тут. І табе будзе цікава — побач са мной. У дробязях — потым, а самая галоўная лінія: ці паспееш ты скласці кандыдацкія іспыты за два-тры будучыя месяцы, здаць у выдавецтва кніжку… І яшчэ: я прыеду у Саюз — то трэба справіць нашу ўрачыстасць. Я мяркую пра вяселле на урбанізацыі? Напішы, як мяркуеш.
А водпуск — той мядовы месяц — як правесці? А што, калі б здабыць маторную лодку — і ад тваёй хаты па Ясельдзе, Дняпры, потым перавал летапісны (з вараг у грэкі), потым па Дзвіне ў мора і аж да майго дому? Гэта кніга адкрыццяў была б! Ёсць другі вырыянт. У мяне на аўтамашыну грошы знойдуцца, але як купіць яе за месяц? СП ці дапаможа?
І калі вяселле лепш за ўсё? Мо на Спас?
Ну вось колькі ў мяне пытальнікаў. Чакаю на ўсё адказы. І толькі як найхутчэй…
Добра, Аўгінька, мая маленькая. Цалую Цябе і развітваюся — і чакаю твайго ліста. Твой Сяргей».
30 ліпеня 1971 года: «Дзень добры, мілы! Сёння мне стала сумнавата, і я сабралася напісаць ліст табе і якраз атрымала твой. Кожны дзень жыву ў прадчуванні нашага незвычайнага свята, а ноччу доўга не магу заснуць. Увесь час перад вачыма ты — маё адзінае каханне і радасць. Сумую, што ты, напэўна, там таксама сумуеш між мітусні працы і розных спраў. І яшчэ чамусьці так марудна ідуць дні, як мне здаецца…
Ну вось і развітваюся, а заўтра зноў буду бегчы на пошту і патрабаваць «да запытання».
Абдымаю Цябе, мой адзіны, і моцна цалую. Твая Аўгіння».
Жэня была шчаслівай. Першая гісторыя яе вялікага кахання закончылася вяселлем, як гэта бывае ў казках. Яўгенія Янішчыц і Сяргей Панізнік пажаніліся 19 жніўня 1971 года. Жэня паехала за мужам у Чэхаславацкую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку…
Тамара Аўсяннікава, novychas.by