У панядзелак 11 верасня ў сталіцы Польшчы Варшаве на прадстаўнічым міжнародном Форуме будуць гаварыць аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая застаецца адной з самых рэпресіўных краін у рэгіёне АБСЕ.
Беларускі Дом у Варшаве пры падтрымцы Польскага Фонду Міжнароднай Салідарнасці (Fundacja Solidarności Międzynarodowej) і Нямецкага Фонду Маршала ЗША (The German Marshall Fund of the United States) падыме беларускае пытанне на палях штогадовай Нарады па чалавечым вымярэнні Арганізацыі па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Еўропе (HDIM OSCE).
Мерапрыемства пад назвай “Правы чалавека ў Беларусі — ад Справы патрыётаў да Справы прафсаюзаў” (Human Rights in Belarus – From the Case of Patriots to the Case of Labor Unions) пачнецца ў 13:15 па варшаўскім часу ў дзень адкрыцця Нарады па адрасе: PGE Narodowy, Aleja Poniatowskiego 1, GATE 1, 2nd floor, Meeting Room 2.
Даклады будуць прадстаўлены кіраўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацый. На мерапрыемстве ў якасці спікераў выступяць Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі (Ales Bialiatski), Дырэктар Беларускага дакументацыйнага Цэнтру Раіса Міхайлоўская (Raisa Mikhailovskaia), Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак (Aleh Volchak), палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі (Roman Yakovlevsky).
Мадэраваць мерапрыемства будзе Прэзідэнт Польскага Фонду Міжнароднай Салідарнасці Мацей Фалькоўскі (Maciej Falkowski).
На мерапрыемстве прагучаць даклады аб стане правоў чалавека ў Беларусі і яе дынаміцы. Асаблівая ўвага будзе нададзена вулічным пратэстам у канцы зімы — пачатку вясны гэтага года і маштабным рэпрэсіям, якія іх суправаджалі; “Справе патрыётаў”, у межах якой напярэдадні саміту Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Мінску адбыліся масавыя арышты дзясяткаў асоб, абвінавачаных у падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў” і стварэнні “незаконнага ўзброенага фармаваньня”, крымінальны пераслед у дачыненні да якіх працягваецца, нягледзячы на вызваленне; будзе дадзена ацэнка рэпрэсіям супраць беларускіх незалежных прафсаюзаў і іх лідэраў.
16 верасня споўніцца 18 гадоў з дня знікнення бізнесоўца Анатоля Красоўскага і віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі, старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара. Гэтая тэма не знікае з дакладаў праваабаронцаў у дагаворныя ворганы ААН – Камітэт па правах чалавека, Камітэт супраць катаванняў, па працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду і іншыя. На цяперашнім мерапрыемстве АБСЕ будзе прадстаўлены даклад “Палітычныя знікнення ў Беларусі: 18 гадоў барацьбы за ўсталяванне ісціны”.
Нарада АБСЕ па разглядзе выканання абавязацельстваў, прысвечаная чалавечаму вымярэнню, якое кожную восень арганізуе ў Варшаве Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), у гэтым годзе будзе доўжыцца ад 11 да 22 верасня.