26 верасня ў Вільні ў доме нацыянальных меншасцяў прайшла сустрэча з беларусістам з Універсітэта Васэда (Токіо, Японія) Кенам Сібатам. Сустрэчу арганізавала Таварыства беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыя “Крывія”.
Сябры ТБК і госці Вільні ў гэты вечар пазнаёміліся з маладым спецыялістам у беларусістыцы спадаром Сібатам, які займаецца вывучэннем творчасці Максіма Багдановіча. Па яго словах, менавіта гэты паэт яго найбольш захапіў і спрычыніўся да зацікаўлення беларускай літаратурай і мовай.
Прыемна было чуць з вуснаў карэннага такійца беларускую мову. Відаць, таму сустрэча расцягнулася нашмат больш запланавага часу. Удзельнікаў цікавіла не толькі прафесійная дзейнасць спадара Кена, але і сама Японія, яе жыццё, будні, гісторыя і традыцыі.
Удзельнікі пачулі з вуснаў Кена вершы Максіма Багдановіча не толькі па-беларуску, але і па-японску. Відаць, ці не ўпершыню класік беларускай літаратуры гучаў па-японску.
Магчыма, у будучым, з дапамогай Кена Сібата атрымаецца выдаць анталогію беларускай паэзіі па-японску.