Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне выступіла супраць планаў расійскага ўраду заснаваць вайсковую авіябазу ў Беларусі.
У заяве, прынятай у апошнія выходныя, Задзіночанне сцвярджае, што авіябаза ўяўляе сабою наўпроставую пагрозу незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.
Авіябаза, як адзначаецца ў заяве, супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, а аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі «не мае міжнароднай легітымнасці, каб прымаць такія рашэнні ад імя дзяржавы і грамадства».
«Праз заснаванне ваеннай базы Расія ўцягвае Беларусь у патэнцыйны ўзброены канфлікт на няправільным баку гісторыі — у якасці пляцоўкі для правядзення незаконных аперацый агрэсіўнай дзяржавы» — адзначае Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне.
Заява заканчваецца заклікам:
«Мы заклікаем урад Злучаных Штатаў прадухіліць падпісанне і рэалізацыю гэтага незаконнага, антыбеларускага пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй. Гэтая дамова наўпрост прывязаная да вайны Крамля супраць Украіны. Яе выкананне пагоршыць і без таго нестабільную сітуацыю ў рэгіёне».