Па слядах Францішка Багушэвіча на Віленшчыне

Сябры Таварыства беларускай культуры разам з Асацыяцыяй "Крывія" 29 жніўня зладзілі вандроўку на радзіму Ф. Багушэвіча ў в. Свіраны, што на Віленшчыне.Мэта вандроўкі - прывядзенне ў парадак тэрыторыі ля крыжа ў Свіранах, сімвылічным месцы, дзе нарадзіўся патрыярх беларускага адраджэння Францішак Багушэвіч.

Шыльда ў Савічунах у гонар Ф. Багушэвіча

Як стала вядома, пасля смерці Юрыя Гіля, які ўсталяваў крыж і апекаваўся захаваннем імя Францішка Багушэвіча ў гэтым рэгіёне, ніхто больш не даглядаў гэтае месца. А для беларусаў варта захаваць гэтыя невялічкія аазісы беларускасці на Віленшчыне, якія сведчаць аб беларускай прысутнасці ў гэтым рэгіёне. Таму Таварыствам беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыяй "Крывія" было прынята рашэнне ўзяць гэтае месца ў апеку з тым, каб і на далей захоўваць памяць беларускага патрыярха.

Важна адзначыць, што імя Багушэвіча ў гэтым рэгіёне не забыта. У суседняй вёсцы Савічуны ёсць вуліца Францішка Багушэвіча, а таксама бібліятэка, якая носіць яго імя. На будынку бібліятэкі на трох мовах усталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар песняра. Дарэчы, гэта ўсё зроблена намаганнямі Юрыя Гіля.

Бібліятэка ў гонар Ф. Багушэвіча

Бібліятэкар Ванда Ермаковіч распавядае аб сваёй працы

У самай бібліятэцы ёсць палічка з беларускімі кнігамі і вугал, прысвечаны беларускаму паэту. Бібліятэкар Ванда Ермаковіч апякуецца гэтымі матэрыяламі і таксама робіць намаганні, каб мясцовыя жыхары памяталі імя беларускага генія. Пад час нашай сустрэчы для бібліятэкі мы падарылі новыя кнігі на беларускай мове.

У Свіранах мы добраўпарадкавалі тэрыторыю каля крыжа і пафарбавалі літары на мемарыяльнай шыльдзе ў гонар Францішка Багушэвіча, якія ўжо выцвелі і амаль не чыталіся. Неабходна падзякаваць гаспадыні гэтага дому пані Станіславе, якая пагадзілася на тое, каб на сцяне была прымацаваная гэтая шыльда.

Крыж у Свіранах

Так выглядала шыльда

Працоўны момант

Адноўленая шыльда

Такім чынам, сябрамі Таварыства беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыі "Крывія" быў зроблены важны крок па ўвекавечванні памяці песняра ў яго родных мясцінах.