У Кіеве адбылася акцыя салідарнасці з затрыманымі беларускімі "графіцістамі"

Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі адбылася на Майдане Незалежнасці ў Кіеве 29 жніўня. Каля дзесятка актывістаў Руху Салідарнасці “Разам” і іх украінскіх пабрацімаў на працягу двух гадзінаў трымалі банэр “Беларусь мае быць беларускай”, каб паказаць кіянам, за што ў Беларусі ўзбуджаюць крымінальныя справы.

На акцыі выступілі старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, прэс-сакратар Руху Салідарнасці ва Ўкраіне Алег Аўчыннікаў.

Журналістам раздавалася адпаведная заява, аўтары якой вітаюць вызваленне Мікалая Статкевіча і грамадскіх актывістаў Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова і разам з тым засцерагаюць "ад эйфарыі і неабдуманых фраз, што ў Беларусі вызваленыя ўсе палітвязні". Актывітсы Руху Салідарнасці “Разам” звяртаюць увагу на тое, што ў Беларусі за кратамі застаюцца праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны. Справы супраць іх, на думку аўтараў заявы, "былі інспіраваныя спецслужбамі" з мэтай "разгрому праваабарончай арганізацыі "Платформ інавэйшн".  

Таксама актывісты Руху лічаць дзікім выпадак узбуджэння крымінальнай справы за графіці патрыятычнага зместу супраць Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і іхніх сяброў і патрабуюць “неадкладнага вызвалення гэтых маладых беларускіх патрыётаў”.