Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зрабіла заяву з нагоды вызвалення 22 жніўня шасці палітвязняў.
«Рада Беларускае Народнае Рэспублікі вітае вызваленьне ўладамі Рэспублікі Беларусь палітычных вязьняў, у тым ліку Міколы Статкевіча, Юрыя Рубцова, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка і Арцёма Пракапенкі. Вызваленьне палітвязьняў было адным з фундамэнтальных патрабаваньняў Рады БНР да ўладаў Рэспублікі Беларусь на працягу мінулых гадоў.
Разам з тым, Рада БНР заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь да далейшых крокаў па нармалізацыі палітычнае абстаноўкі ў краіне. У прыватнасьці, Рада БНР зьвяртае ўвагу на неабходнасьць наступных захадаў:
1. Поўная юрыдычная рэгабілітацыя былых палітычных вязьняў, вызваленых цяпер і перад гэтым, дзеля прадстаўленьня ім магчымасьці паўнавартаснага заняцьця грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю^;
2. Стварэньне ў Беларусі перадумоваў для правядзеньня паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасьля чаго правядзеньне ў адпаведнасьці з законадаўствам Рэспублікі Беларусі і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбараў ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады^;
3. Гарантаваньне грамадзянам Беларусі ўсіх дэмакратычных правоў і свабодаў, замацаваных у тым ліку ў дзеючым законадаўстве Рэспублікі Беларусь.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць, у тым ліку краіны Эўрапейскага Зьвязу і Злучаныя Штаты Амэрыкі, надалей рашуча патрабаваць дэмакратызацыі ў Беларусі і аказаць Беларусі ўсю магчымую падтрымку дзеля ажыцьцяўленьня пераходу да дэмакратычнага дзяржаўнага ладу.
Спасылаючыся на сваю заяву ад 7 ліпеня 2015 г., Рада БНР нагадвае, што, зважаючы на сукупнасьць фактаў, надыходзячыя выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ужо цяпер ня могуць лічыцца свабоднымі і дэмакратычнымі».
Рада БНР — адна з ключавых палітычных арганізацыяў беларускае дыяспары. Яна захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з Радай Першага Усебеларускага кангрэсу 1917 году і па стане на 2015 год з'яўляецца самым старым у свеце ўрадам у выгнанні.