Праз беларушчыну да Бога. Харкаўская грань

"Андрэй Мельнікаў. Чалавек, які прыйшоў праз беларушчыну да Бога. Харкаўскія сустрэчы".

На мінулым тыдні ў сацыяльных сетках, у памяшканнях валанцёрскіх цэнтраў з’явілася такая абвестка.

Гаварыць аб тым, наколькі гэткая з’ява – выступ беларускамоўнага барда з Беларусі – ёсць нетыповай як для Харкава ў цэлым, так і для беларускай дыяспары горада – не выпадае… Cпадзяюся, што гэтыя рэчы цалкам зразумелыя чытачам гэтага допісу.

Канечне, у мінулым – блізкім ці больш далёкім, Харкаў ды ягоныя жыхары не былі абдзеленыя магчымасцямі зносін з выдатнымі беларускімі паэтамі ды мастакамі. У стварэнні помніку Вялікаму Кабзару Украінскага Народу – Тарасу Шаўчэнку, браў удзел беларускі архітэктар Лангбард, у Харкаве чыталі свае вершы Янка Купала ды Сяргей Законнікаў. У пазамінулым, 2013 годзе, свае вершы з новай уласнай складанкі “Ад сэрца да сэрца – дарога…” чытала выбітная паэтка беларускай дыяспары ва Украіне Іна Снарская… І вось, у гэты своеасаблівы шыхт розных класікаў беларускага мастацтва на Харкаўскай зямлі стаў і беларускі мастак з Гомеля, беларускі бард – Андрэй Мельнікаў…

Як распавядаў на сваім вечары беларускай бардаўскай песні сам спадар Андрэй, да беларушчыны ён прыйшоў у свае 20 год праз каханне да беларускамоўнай дзяўчыны, адной з тых шматлікіх Беларусак з вялікай літары, што тварылі беларускае Адраджэнне 80-х гадоў. Падчас гаворкі з ім нават не верылася, што гэтаму маладжаваму чалавеку, паводле ягоных жа словаў, у гэтым годзе спаўняецца 50 год… Гэтаксама як я не паверыў, што вядомаму беларускаму мастаку Алесю Пушкіну ў гэтым жніўні таксама спаўняецца 50. Ды і Іна Снарская застаецца такой самай вечна маладой ды прыгожай, як і спрадвечная беларуская мова, ці шырэй – беларушчына наогул… Магчыма, гэта тое, што адрознівае ды будзе адрозніваць ад іншых пакаленне ўдзельнікаў Беларускага Адраджэння, нягледзячы на тое, на якой глебе гэтае адраджэнне адбывалася. І нават – як у спадара Мельнікава - нягледзячы на тое, што ён нашчадак расійскіх казакоў-старавераў, якія стала жывуць у Беларусі ўжо 300 год… І вось праз лёс ды каханне нашчадак казакоў-старавераў прыйшоў да Беларускай Мовы, беларушчыны.

У 1989 годзе Андрэй Мельнікаў запісаў свае першыя восем песняў (песні ён ствараў і раней, але раней яны проста “ішлі ў народ”, наўпростава, без пасярэдніцтва тэхнічных сродкаў). Адметна, што запісаны былі гэтыя песні на старэзны бабінавы магнітафон у кватэрнае “студыі”… Запіс разышоўся далёка па-за межамі сяброў, зазнаючы шмат перапісванняў са стужкі на стужку. Навіна пра з’яўленне гэтага “альбома” з’явілася нават у незалежнай прэсе, якая тады таксама перажывала аднаўленне пасля дзесяцігоддзяў цэнзуры і самацэнзуры…

13 студзеня 1991 года таксама на кватэры ён запісаў яшчэ два альбомы – першы быў прысвечаны лірыцы ды каханню. А вось другі, які меў назоў “Да апошняга камісара”, быў прысвечаны часам Грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай Імперыі, у тым ліку і знакамітай падзеі ў гісторыі Беларусі тых часоў – Слуцкаму Збройнаму Чыну.

Як і шмат хто з дзеячаў тагачаснага Беларускага Адраджэння цікавіўся падзеямі ў літаратурным жыцці Украіны, выпісваў газету “Літературна Україна”, дзе пазнаёміўся з вершамі ўкраінскага паэта Івана Малковіча, на адзін з якіх стварыў песню ўкраінскаю мовай – “Військо підземної церкви”. Як на мой асабісты густ, гучала яна выдатна, амаль не адчувалася тое, што ў жыцці спадар Андрэй далёкі ад украінскае мовы…

Праз некалькі год з’явіўся прафесійна запісаны альбом “Гэта Мы” з выдатнай аднайменнай песняй. Альбом ствараўся ўжо ў рамках групы “Colorado beatles”, якая праіснавала вельмі нядоўга. На адзін з апошніх канцэртаў у 1997 годзе прыйшоў вядомы ўжо тады Мікалай Статкевіч.

Пасля гэтага было супрацоўніцтва са знакамітай газетай “Навінкі” і шматгадовае сяброўства з тым самым мастаком Алесем Пушкіным.

Па зразумелых для грамадзянаў РБ прычынах творчая дзейнасць у Беларусі для спадара Мельнікава вельмі абмежаваная. Але я спадзяюся, што тыя грамадскія зрухі, змены ў свядомасці ўлады ды беларускага грамадства, якія адбыліся і працягваюць адбывацца пасля падзей ва Украіне, калі высветлілася сапраўды станоўчая роля патрыятызму ў захаванні ды ўмацаванні незалежнасці Украіны, – яны пойдуць на карысць развіццю сапраўднай беларускай мадэрнай культуры ды мастацтва… І сваю ролю ў іх развіцці адыграе і творчасць сапраўднага патрыёта Беларусі – спадара Андрэя Мельнікава, аднаго з Беларускіх Бардаў сучаснасці!

Аляксандр Кузьменка