У Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, 4 жніўня, у Вільні пройдзе акцыя на знак падтрымкі палітзняволеных беларусаў.
Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе ў Мінску арыштавалі беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага. І хоць у 2014 годзе яго датэрмінова вызвалілі, ціск на праваабаронцаў і актывістаў не спыніўся. Як мінімум 6 палітвязняў застаюцца за кратамі ў Беларусі. Акцыя пройдзе на Ратушнай плошчы (Rotušės aikštė) у Вільні ў 13:00 у аўторак, 4 жніўня. Плануецца, што ўдзельнікі акцыі змогуць падпісаць паштоўкі беларускім палітвязням, сфатаграфавацца з плакатамі на знак салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, а таксама паразмаўляць з праваабаронцамі. Акцыя скончыцца шэсцем. Удзельнікі з партрэтамі палітвязняў і плакатамі, якія заклікаюць неадкладна іх вызваліць, пройдуць да Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звоскава (Latako, 3).