У Стакгольме ў ноч з 4 на 5 ліпеня 2015 года моладзевы актыў беларусаў Швецыі адзначыў Купалле. Свята наведалі госці з некалькіх краінаў, у тым ліку мясцовыя жыхары.
На пачатку лета, натхніўшыся прыкладам украінскай дыяспары, беларусы Швецыі вырашылі ладзіць пэўныя актыўнасці як мінімум штомесяц. Першай спробай стала арганізацыя вечара беларускіх настольных гульняў у сярэдзіне чэрвеня, пасля чаго мы паспрабавалі сябе ў “больш сур’ёзным фармаце” і адзначылі Купалле. Распавяду пра мерапрыемства са свайго боку, таксама дадам пару словаў ад астатняй каманды.
Арганізоўвалі невялічкім актывам разам з Аляксеем Мельнікавым (з праўлення афіцыйнай суполкі дыяспары), праваабарончым актывістам Сяргеям Андросенкам і яго партнёрам Аляксеем Куліком. Праграму пачалі ствараць яшчэ на пачатку чэрвеня, сканцэнтраваліся на тым, каб адлюстраваць як мага больш старажытных купальскіх традыцый, але зрабіць свята, цікавае для сучаснай моладзі і дарослых незалежна ад нацыянальнасці. Каб падтрымліваць атмасферу менавіта беларускага свята, падабралі адпаведную музыку, нацыянальную вопратку, стужкі з арнаментамі.
Свята ладзілі цалкам сваімі сіламі, не прыцягвалі ані спонсараў, ані гранты. Канечне, фармат атрымаўся трошкі аматарскі, але кожны працаваў аддана і ўкладаў душу і час так шмат, як атрымлівалася. Распрацавалі праграму ад пачатку вечара ажно да раніцы, але, вядома, ніхто, нават арганізатары, не ведалі, як усё адбудзецца на самой справе, як паставяцца да свята госці. І адбылося выдатна!
Распавядае Алекс Мельнікаў: “Ідэя адзначыць беларускае Купалле засела ў мяне даўно. У Швецыі існуе вельмі падобнае Свята сярэдзіны лета (Midsommar), па папулярнасці параўнальнае з Калядамі. Свята з’яўляецца афіцыйным выходным днём, яго адзначаюць усе! Адрозненне і адначасова падабенства Мідсомар і Купалля, мне падавалася, выдатна пасавала б беларускай грамадзе ў Швецыі. Звадзіць карагод разам з дзеткамі вакол упрыгожанага кветкамі слупа апоўдні, паспяваць мілыя дзіцячыя песенькі, пасядзець разам за святочным сталом - да гэтага цяпер збольшага зводзіцца Мідсомар. А праз пару тыдняў дапоўніць больш дарослым беларускім Купаллем з вогнішчам апоўначы, закаханымі парамі, купаннем на світанку.
На жаль, водгук на гэтую ідэю з боку суполкі не вызначаўся празмерным энтузіязмам. Спасылаліся на традыцыйны для Швецыі час масавых адпачынкаў. Як мне падаецца, справа хутчэй у тым, што большасць сябраў суполкі належыць да пакалення, якое ўжо/яшчэ не мела традыцыі адзначаць Купалле. Таму я вельмі рады яскраваму энтузіязму новых, маладзейшых сябраў суполкі, якія зладзілі нашае першае ў Швецыі беларускае Купалле!
Свята атрымалася захапляльным не толькі для нас, але і для шматлікіх сяброў з Украіны, Расіі, Швецыі і, дарэчы, прыцягнула шмат каго з выпадковых людзей, якія адпачывалі побач. Яны цікавіліся прыгожымі і чароўнымі традыцыямі і бел-чырвона-белым сцягам, які мы мелі на свяце. Застаецца толькі спадзяваца, што і самі мясцовыя беларусы выкажуць большую цікаўнасць наступным летам!”
Таксама дадае Сяргей Андросенка: “Адна з мэтаў нашай арганізацыі – гэта спрыяць захаванню беларускай мовы і ідэнтычнасці, нашае Купалле таксама файна спрацавала і на іншыя мэты “Беларусаў Швецыі”: аб’ядноўваць і ствараць кантакную платформу для беларусаў, якія жывуць у Швецыі; спрыяць развіццю кантактаў паміж народамі Швецыі і Беларусі; распаўсюджваць веды і абуджаць грамадскую думку вакол Беларусі ў Швецыі. Таксама мы з захапленнем назіралі, як “Згуртаванне беларусаў Канады” арганізуе Купалле ў Таронта, наша каманда не хацела ў культурным плане Скандынавію пакідаць без гэтага вясёлага традыцыйнага папулярнага беларускага свята. Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе нашы землякі, якія жывуць у Канадзе, таксама нейкім чынам натхнялі нас – ну, у прыватнасці, мяне дакладна. У падрыхтоўцы свята мы выкарыстоўвалі традыцыйныя абрады, але троху іх адаптавалі пад сучаснасць. Напрыклад, шведскае Купалле было гендарна нейтральным: мы лічым, што некаторыя гендарныя стэрэатыпы мінулага больш не адпавядаюць духу часу”.
Ірына Азаранка - для ЗБС “Бацькаўшчына”
Фотаздымкі - Меко Чачава, Сяргей Карэтнікаў