З ініцыятывы Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) ад 3 да 9 жніўня на возеры Байкал пройдзе першы Фэстываль беларусаў сьвету. Як падаюць арганізатары імпрэзы, гэта будзе сустрэча аднадумцаў, якія падтрымліваюць і прапагандуюць беларускую культуру.
Як паведаміла кіраўніца таварыства Алена Сіпакова, якая ў парадку «амаладжэння кіроўных кадраў» летась замяніла на гэтай пасадзе аднаго з найбольш актыўных беларусаў замежжа Алега Рудакова, мерапрыемства прымеркаванае да 170-й гадавіны ад нараджэння слаўнага сына Беларусі — Яна Чэрскага. Удзельнік паўстання 1863 году быў сасланы ў Сібір за ўдзел у «бунце супраць гасудара імператара». Атрымаўшы частковую рэабілітацыю, але з забаронай жыць у еўрапейскай частцы Расіі, заняўся самаадукацыяй і пасля звальнення са штрафнога батальёну пераехаў з Омска ў Іркуцк. Неўзабаве працы Чэрскага звяртаюць на сябе ўвагу ў навуковых колах, і з цягам часу ён становіцца адным з самых аўтарытэтных даследчыкаў Святога мора, як з павагай называлі Байкал тубыльцы:
«Байкал не страціў сваёй таямнічасці да гэтага часу і па-ранейшаму прыцягвае рамантыкаў з усяго свету, якія жадаюць акунуцца ў хараство велічы адвечнай прыроды і зарадзіцца старадаўняй сілай зямлі. У ліку такіх рамантыкаў — і мы, беларусы Прыбайкалля, якія запрашаем усіх нашых сяброў, аднадумцаў і проста нераўнадушных людзей сабрацца разам на байкальскім беразе, каб правесці некалькі дзён у непаўторнай атмасферы сяброўства. Энергетыку Байкала мы вырашылі сумясціць з беларускай культурай і традыцыямі», — гаворыцца ў афіцыйным запрашэнні.
Як падаюць арганізатары, у рамках фестывалю адбудзецца вялікая колькасць імпрэзаў для самых розных групаў па інтарэсах. Пасля традыцыйнага знаёмства з Байкалам распачнецца праца творчых пляцовак і падворкаў, будуць наладжаныя майстар-класы, інтэрактывы, адбудуцца выступы прафесійных і самадзейных калектываў, пройдзе конкурс «Гучы, гоман беларускі!». Для аматараў актыўна бавіць час запланаваныя спартовыя спаборніцтвы і паходы ў тайгу, а для экстрэмалаў — чатырохдзённы пад’ём на пік Чэрскага ў Слюдзянскім раёне Іркуцкай вобласці.
Спадарыня Сіпакова заклікае беларусаў з усяго свету далучыцца да ўдзельнікаў фестывалю, каб у кагорце аднадумцаў больш выразна асэнсаваць нацыянальную прыналежнасць да гістарычнай радзімы. Пры гэтым прызнаецца, што і сама не так лёгка ішла да разумення сваёй беларускасці:
«Мае продкі паходзяць з Магілёўшчыны. Бывае, наракаеш, што людзі не цікавяцца сваімі каранямі, але ж і ў самой не асабліва даходзілі рукі абследаваць тую тэрыторыю, беларускую. З аднаго боку, каб пачаць нешта высвятляць, патрэбны час, па-другое — доступ да дакументаў. Тут па магчымасці я запісвала ўспаміны дзядулі, бабулі, але з архівамі не працавала. А летась быў злёт школы ў вёсцы, дзе жылі яшчэ мае прадзед і прабабка. Яны з двума малалетнімі дзецьмі прыехалі з Магілёўшчыны ў Заларынскі раён, разьмеркавалі ў Новамяцёлкіна. Само паселішча было ўтворана выхадцамі з Беларусі, яго заклалі яшчэ першыя хадакі, нават не перасяленцы па сталыпінскай рэформе.
Дык вось на тым злёце ў беларускай вёсцы я, бадай, упершыню па-сапраўднаму перапоўнілася пачуццём патрыятызму да гістарычнай радзімы, гонарам за беларусаў. Што ўразіла, ніколі ад нашчадкаў беларусаў не чула так падкрэсьлена: мы — беларусы. Не ведаю, з чым гэта звязана — ці там мясцовасць іншая, ці яны самі па сабе такія. Бо, працуючы з беларусамі, з нашчадкамі беларусаў, каб нехта сябе выпячваў, казаў „я — беларус“ — вялікая рэдкасць. Гэта ці чалавек неардынарны, ці можа дазволіць па статусе. Узяць, дапусцім, Алега Рудакова. Можа, камусьці ён і набіў аскому, але ў нечым гэта вымушаныя паводзіны — усюды гаварыць, што ты беларус. І гэта мае свой плён: калі ён некуды заходзіць, ужо ўсе ведаюць — прыйшоў беларус».
Зрэшты, масавы дэсант у Прыбайкалле калі і чакаецца, то, хутчэй, з сумежных тэрыторыяў расійскай Сібіры. З улікам абмежаванасці фінансавання заезд, пражыванне, харчаванне — клопат саміх удзельнікаў. У такім выпадку трапіць у Іркуцкую вобласць за 6 тысяч кіламетраў ад метраполіі — прыемнасць не з танных.
Заяўкі на ўдзел у Фестывалі беларусаў свету на Байкале прымаюцца на e-mail: itbk96@mail.ru ці на старонках
http://vk.com/bielarusyirkucku і https://www.facebook.com/BaikalBelarus да 26 ліпеня.
Мерапрыемства пройдзе ў пасёлку Сахюрта Альхонскага раёну ў сядзібе «Каўчэг Байкала».
Паводле Ігара Карнея