Вітаўт Кіпель успамінае пра савецкае дзяцінства, нямецкую акупацыю, эміграцыю, вяртанне ў Беларусь

У Мінску ў выдавецтве Змітра Коласа выйшла кніга ўспамінаў аднаго з «патрыярхаў» беларускай паваеннай эміграцыі доктара Вітаўта Кіпеля — «Жыць і дзеіць».

Вітаўт Кіпель нарадзіўся ў Мінску ў 1927 годзе ў сям’і беларускіх педагогаў у часы «першай беларусізацыі». Аднак нацыянальна-дзяржаўнае развіццё Савецкай Беларусі было неўзабаве гвалтоўна спынена, і ў 1930 годзе бацька Вітаўта — Яўхім Кіпель — быў арыштаваны, абвінавачаны ў «нацыянал-дэмакратызме» і высланы ў Налінск Вяцкай вобласці.

Сям’я палітычнага ссыльнага — чатырохгадовы Вітаўт з маці — выехала за ім у Налінск, і з гэтага пачалася даўгая дарога аўтара ўспамінаў праз розныя гістарычныя эпохі і кантыненты.

Дзяцінства ў «нацдэмаўскім» Мінску, жыццё ў расійскай высылцы — у Налінску, Вятцы і Арле, юнацтва ў акупаваным Мінску, маладосць у Нямеччыне і Бельгіі, сталае жыццё ў Злучаных Штатах — амаль стагоддзе беларускай гісторыі, дзе аўтар, чалавек незвычайнага лёсу, быў у гушчы падзеяў палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця.

У амерыканскай частцы ўспамінаў Вітаўт Кіпель расказвае пра сваю працу ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, Беларускім інстытуце навукі й мастацтва, пра беларускую палітычную, грамадскую і культурную дзейнасць у эміграцыі, пра шматлікія сустрэчы з суайчыннікамі з-за «Жалезнай заслоны».

Пасля 1991 года аўтар часта бываў у Беларусі і дзеліцца ў кнізе сваімі ўражаннямі аб краіне і людзях.

У прадмове да кнігі даўні аўтараў сябра, беларускі эміграцыйны гісторык, журналіст і грамадскі дзеяч Ян Запруднік піша:

«Кніга Вітаўтавых успамінаў адзначаецца лаканічным апавядальным стылем, які абумоўлены тым, што спачатку тэкст быў электронна нагавораны ў гутарцы з рэдактарам, Сяргеем Шупам, а пасля пакладзены на паперу. Адсюль дынаміка аповеду: кароткія сказы й рэплікі, людзі, факты, гістарычныя асобы, трагічныя падзеі, забаўныя выпадкі. Жыццё апавядальніка было нагэтулькі насычанае, што ён, каб расказаць пра ўсё, як бы спяшаецца, пазбягаючы лішніх слоў. Кніга адзначаецца дынамізмам аповеду, лёгкасцю чытання, гэта — сапраўдны падзейны калейдаскоп.

Другая адзнака ўспамінаў — аўтарава ёмістая памяць, у якой захавалася на дзіва шырокая й дэталізаваная панарама быту, насвятлення ўнікальна драматычнай эпохі».

Тэкст успамінаў дапаўняе каля сотні фатаздымкаў і паказальнік імёнаў, які ўлучае каля 800 асобаў.