У Таронта памерла беларуская дзяячка Марыя Ганько

У Таронта (Канада) 20 ліпеня памерла Марыя Ганько. Ёй было 85 гадоў.

Марыя Ганько, сакавік 2011, фота Наталлі Гардзіенкі

Марыя Ганько (народжаная Кулеш) нарадзілася ў 1930-м у Шчокаўшчыне каля Хаценчыцаў (сёння — Вілейскі раён). Тады гэта былі заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы.

Сям'я Куляшоў была вялікая: бацькі гадавалі дзевяцёра дзяцей, а розніца паміж старэйшым і наймалодшым складала 21 год.

«Як толькі дзіцё пачынала хадзіць, яму адразу знаходзілі нейкую працу — трэба было трымаць салідную гаспадарку. Памятаю, як прыгожа на тыя часы маці трымала хату, старанна сачыла за чысцінёй. Але савецкія ўлады дзве сям'і раскулачылі й выслалі ў Сібір, астатнія таксама былі ў спісе».

У 1944 г. Марыя разам з сям'ёй швагера (бацька памёр у 1943-м), каб не выпрабоўваць лёс напярэдадні другога прышэсця саветаў, вырашылі падавацца на Захад. Яны апынуліся нават пад Берлінам, дзе у адзін з дзён трапілі пад моцную бамбёжку. Як вайна скончылася, перабраліся пад Беласток. Там Марыя скончыла школу, тэхнікум, працавала ў арганізацыі, якая займалася экспартам прадуктаў харчавання ў вёскі.

У 1957-м яна наведала Беларусь, як яна пісала, «маючы надзею застацца на радзіме», да таго ж там засталавася мама. Але страшэнная галеча беларускай вёскі моцна ўразіла. У вясковай краме амаль нічога нельга было купіць.

«Толькі-толькі скончылася сталінскае рабства, калі не было пашпартоў, і ўсе маладыя і працаздольныя кінуліся ў гарады. Заставацца ў вёсцы азначала прызнаць, што ты ўжо нічога не варты».

Марыя вярнулася ў Польшчу, а ў 1959-м прыйшоў выклік ад брата Міхася, што жыў у Канадзе, і маладая жанчына праз год рашылася на пераезд.

Ледзь не ў першыя выходныя яна пайшла на сход беларускай грамады пры царкве св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, дзе пазнаёмася з адным з лідараў беларускага жыцця, шматгадовым старшынёй Згуртавання беларусаў Канады Міколам Ганько (малодшым братам лідара СБМ Міхася Ганька).

«Назаўтра, у нядзелю, была багаслужба. Пасля набажэнства Мікола запрасіў мяне паехаць на Ніягару. Шмат разоў я бывала на Ніягары, але першага ўражання я не забуду ніколі… З той паездкі іншыя людзі для мяне не існавалі. Новы год мы сустракалі разам, і ў адказ на прапанову Міколы стаць ягонай жонкай, я згадзілася. Дзень вянчання памятаецца, як учора».

Марыя ўладкавалася ў краму. Яна размяркоўвала па крамах тавар са складу. Заробак быў не вялікі, муж зарабляў някепска. Урэшце яго нервы не вытрымалі і ён сказаў: «Хопіць, лепей цалкам сканцэнтравацца на грамадскай працы. І тады я з галавой акунулася ў грамадскае жыццё».

Марыя Ганько брала ўдзел у працы ЗБК, парафіі св. Кірылы Тураўскага, была доўгачасовым скарбнікам царкоўнай парафіі.

«Не скажу, што мы з мужам былі фанатыкамі, але беларуская справа была ў нас у крыві».

Марыя Ганько падтрымлівала розныя беларускія справы і праекты. Выпусціла ў гонар мужа, што памёр у 1999-м, кнігу «Каб сведчылі пра Беларусь» (2005). У 2009-м заснавала «Прэмію імя Міколы Ганько», якая ўручаецца за ўнёсак у справу даследавання ці прапаганды беларускай справы. Сярод лаўрэатаў — Вольга Іпатава, Віялета Кавалёва, ЗБС «Бацькаўшчына», настаўніца з Асіповіцкага раёна Надзея Сакава.

Падтрымлівала, чытала, ахвяравала. Зрэшты, звычайная справа для беларускай грамады ў замежжы.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае шчырыя спачуванні ўсім, хто ведаў і шанаваў спадарыню Марыю. Няхай пухам ёй будзе зямля! Светлая памяць!