«Ніякіх мігалак, падаткі 40% і платны паркінг»: як беларуска стала дэпутаткай гарадской рады ў Антверпене

Навошта ісці ў дэпутаты, калі гэта не прыносіць ніякай выгады, чаму беларускія палітуцекачы за мяжой выступаюць за Пуціна і чаму пенсія ў 65 год лепшая за пенсію ў 55? Былая жыхарка Салігорска распавяла Свабодзе пра дэпутацкую працу ў гарадской радзе Антверпена.

У 65 толькі пачынаеш вандраваць, вучыць мовы і граць на музычных інструментах

Праз два тыдні Галіне Мацюшынай спаўняецца 53 гады. Аднак кабета не мае «перадпенсійнага» настрою ў адрозненне ад ейных аднакласнікаў, якія ўжо рыхтуюцца да дачнага ладу жыцця. У Мацюшынай вельмі шмат планаў у працы і ў палітыцы. Ужо цяпер яна думае, з якой праграмай ісці на выбары ў 2018 годзе.

Галіна Мацюшына (справа) на сёлетнім свяце “Рознакаляровы спорт” разам з балярынай Вольгай Якаўлеўскай

«Калі ты ведаеш, што табе яшчэ так шмат працаваць, ты пасоўваеш сваё старэнне, працягваеш актыўнае жыццё, жывеш так, каб заставацца здаровым і працаздольным, — кажа яна. — Бельгійцы ў 65 год толькі пачынаюць вандраваць, вывучаць мовы, граць на музычных інструментах, рэалізоўваць свае хобі. Гэта ж выдатна! Я б хацела, каб так было і ў Беларусі».

Па словах беларускі, не менш актыўнай яна была і ў родным Салігорску, дзе жыла да 37 год. 18 год яна адпрацавала на «Беларуськаліі», 8 з іх была начальніцай змены на абагачальнай фабрыцы. Кар’еру яна змагла б зрабіць і на радзіме, але праз сямейныя абставіны ў 1999 годзе мусіла з'ехаць з дзецьмі ў Бельгію, дзе ўжо жыла ейная сястра.

Мацюшына ў ліку тых, хто стварыў грамадскую арганізацыю для мігрантаў з постсавецкіх краінаў — «Платформа Салідарнасць». У 2006 годзе «Платформа» далучылася да «Інтэрнацыянальнага камітэту», дзе Мацюшына працуе дагэтуль. «Інтэрнацыянальны камітэт» курыруе больш за 300 грамадскіх арганізацыяў мігрантаў Антверпена. У Бельгіі лічаць, што менавіта праз нацыянальныя арганізацыі мігранты змогуць хутчэй інтэгравацца ў грамадства.

На свяце мікрараёна Borgerhout разам з Непальскай дыяспарай

За столькі гадоў працы Мацюшына стала адным з вядучых экспертаў па міграцыі ў Бельгіі. Па яе словах, яна бачыць рашэнні шмат якіх праблемаў мігрантаў, але не можа гэта ні да кога данесці. Менавіта дзеля таго яна й вырашыла паспрабаваць сябе ў палітыцы і ўдзельнічала ў гарадскіх выбарах 2012 года ад Хрысціянскіх дэмакратаў Фландрыі.
«Каб прымаць такія рашэнні, трэба мець палітычны ўплыў, — кажа Мацюшына. — І так супала, што мая партыя прапанавала мне стаць кандыдатам у дэпутаты».

На выбарах я абышла бельгійскіх карыфэяў у палітыцы

Калі на выбарах Мацюшына абышла некаторых карыфеяў бельгійскай палітыкі, якія ўжо па 20 год ва ўладзе, у ейны бок пасыпаліся абвінавачванні. Маўляў, прыйшоў невядома хто — і з нуля трапіў у раду.

«Але гэта няпраўда, — кажа беларуска, — на той час у мяне было ўжо больш за 10 год валанцёрскай і прафесійнай працы з мігрантамі. Так, я — новае імя ў палітыцы, але я не ўзялася з ніадкуль. У мяне ўжо быў вялікі досвед».

У перадвыбарчай кампаніі Мацюшына зрабіла стаўку на дзве групы выбаршчыкаў: мігрантаў, з якімі яна працавала, і жыхароў свайго раёну. Эйфарыі перамогі, кажа яна, не было. Паўтара года давялося патраціць на вывучэнне гарадской сістэмы: што адносіцца да гарадской, а што да муніцыпальнай кампетэнцыі, за што адказвае яна сама, якую інфармацыю ёй трэба аналізаваць, а якую — не.
«Я думала, ці вытрымаю шэсць год працы ў такім рэжыме, — кажа Мацюшына. — Што мне дапамагло — гэта беларускі досвед, мая інжынерная праца ў мінулым. Калі табе даводзіцца прымаць хуткія рашэнні, разбірацца ў дэталях з ходу, калі няма часу на абдумванне. Вось гэтага структурнага мыслення часта бракуе гуманітарыям».

Летась вайскоўцы аднаўлялі пантонны мост у Антверпене. Па такім самым мосце роўна 100 гадоў таму людзі пакідалі горад, калі пачалася Першая сусветная вайна

Цяпер жа, «уцягнуўшыся» ў гарадскую палітыку, Мацюшына гатовая і да наступнага тэрміну, калі ўдасца прайсці выбары.

«У палітыцы я сябе адчуваю вельмі ўтульна, — кажа яна. — Я бачу, як расце мой прафесіяналізм. Я цалкам упэўненая ў сабе».

Ад хрысціянскіх дэмакратаў у гарадскую раду прайшло пяць чалавек. Гэта другая па колькасці прадстаўленых дэпутатаў партыя ў радзе. Разам з Новым фламандскім альянсам хрысціянскія дэмакраты застаюцца ў правячай кааліцыі. Мацюшына ўзначальвае камісію па зборы смецця і ўдзельнічае ў шасці іншых камісіях.

Мігранты галасуюць за ультраправых, якія «не пераносяць» замежнікаў

З 55 абраных дэпутатаў гарадской рады толькі дзевяцёра — бургамістар і ягоныя намеснікі — цалкам занятыя працай у ратушы. Астатнія дэпутаты працягваюць сваю звычайную працу і толькі ў вольны час і ў «палітычныя дні» збіраюцца на паседжанні рады.

“Кухня салідарнасці” паміж бельгійцамі і мігрантамі

Наведаць паседжанне можа любы чалавек. Наведнікам удзельнічаць у абмеркаванні нельга, але яны могуць за ўсім назіраць. У які дзень якое пытанне будзе абмяркоўвацца ў радзе, можна пабачыць на афіцыйным сайце.

Па словах Мацюшынай, нічога, акрамя адказнасці, яна як дэпутатка не атрымала. Так, дэпутатам плацяць грошы, але пасля падаткаў у 40 % застаецца няшмат.

«Калі я стала дэпутаткай, у мяне спыталі, ці буду я мець мігалку, — узгадвае беларуска. — Нічога ў нас няма. Толькі каласальная адказнасць, якую мы нясем. Нават бясплатны паркінг каля ратушы ў дэпутатаў забралі. Каб не паркавацца далёка, штораз трэба плаціць 2,70 еўра за гадзіну».

На сайце гарадской рады абавязкова змешчаная ўся кантактная інфармацыя дэпутатаў. Гэтаксама даступныя і палітыкі вышэйшых узроўняў. А паколькі палітычная актыўнасць у бельгійцаў вельмі высокая, дэпутатам ледзь не штодня даводзіцца адказваць на пытанні сваіх выбаршчыкаў.

«Але ў коле мігрантаў даводзіцца, наадварот, тлумачыць людзям іхнія палітычныя правы, — кажа Мацюшына. — Мы расказваем пра адрозненні партыяў, бо здараецца, самі мігранты галасуюць за ультраправыя партыі, якія не пераносяць замежнікаў».

На сустрэчы з расійцамі, алжырцамі, італьянцамі ды афрыканцамі, якія адыгрываюць важную ролю ў працы з мігрантамі

Што да мігрантаў-дэпутатаў, то шмат якія дыяспары, як мараканцы ці туркі, маюць сваіх прадстаўнікоў у гарадской радзе. Але гэтыя нацыянальнасці жывуць у Бельгіі ўжо не першае дзесяцігоддзе, маюць чатыры пакаленні, якія тут нарадзіліся. Таму выпадак, каб у раду трапіў мігрант першай хвалі, сапраўды ўнікальны.
«Сярод прадстаўнікоў постсавецкай прасторы — я першая ў Бельгіі, — кажа Мацюшына. — А можа і ўвогуле ва ўсёй Еўропе. Вось нядаўна яшчэ малады чачэнец Артур Ісаеў прайшоў у раду ў маленькім гарадку — больш нікога няма».

Беларускія палітуцекачы «падселі» на Пуціна

Большасць мігрантаў з постсавецкіх краінаў гадамі жывуць у Бельгіі, але так і не сталі тут сваімі, — кажа Галіна, якая за 16 год у Бельгіі вывучыла мову, інтэгравалася ў грамадства і нават стала дэпутаткай.

«Бяда гэтых людзей у тым, што яны прыехалі „з саўка“ і пабудавалі такі самы „савок“ у Бельгіі, і пры гэтым карыстаюцца дабротамі гэтай краіны».

Сёлета партыя Мацюшынай назбірала 2,5 тыс. еўра ў падтрымку непальскай дыяспары, чые суайчыннікі пацярпелі падчас землятрусу

Хоць у Бельгіі ёсць розныя магчымасці вывучаць фламандскую мову, выхадцы з постсавецкіх краін жывуць у рускамоўным гета, спажываючы выключна інфармацыю з рускіх каналаў.
«Усе яны ведаюць, што сказаў Пуцін, але не ведаюць, што адбываецца за 100 метраў ад іхняга дому, таму што не цікавяцца жыццём і навінамі Антверпена і Бельгіі».
Падобныя праблемы інтэграцыі застаюцца і ў іншых дыяспарах — іранцы, непальцы, афрыканцы таксама варацца ў сваім соку.
«Яны завіслі дзесьці пасярэдзіне. Яны сябе і грамадзянамі Бельгіі не адчуваюць, і беларусамі сябе не лічаць. Гэта вельмі дзіўны тыпаж».
Падчас паездкі ў Інгушэцію ў 2013 годзе, куды Мацюшыну запрасіў кіраўнік рэспублікі. На фота з расійскай журналісткай Тацянай Дубровінай
З беларусамі, кажа Мацюшына, увогуле цікавая сітуацыя. Большасць з іх таксама пад уплывам «кісялёвых» і «салаўёвых». Напрыклад, летась яе грамадская арганізацыя ладзіла платформу «За мір ва Украіне». Падчас адной з канферэнцыяў да яе падышлі беларусы, якія сюды прыехалі як палітуцекачы, і спыталі: ці яна бандэраўка?
«А яшчэ гэтыя беларусы, якія калісьці атрымалі ў Бельгіі палітычны прытулак, ездзяць у Беларусь і прыязджаюць зачараванымі. Я пытаю: «Калі вы так любіце Беларусь і так не любіце Бельгію, чаго ж вы тут жывяце?»

Трэба самім ствараць у сябе беларускасць

Што да беларусаў у Антверпене, яны таксама маюць свае арганізацыі. Праўда, не такія шматлюдныя, як калісьці. Тэмы, якія аб’ядноўваюць нашых суайчыннікаў, — Чарнобыль і Дзень Волі. Калісьці на іх збіраліся да 200 чалавек.

Сёння беларусы жывуць больш надзённымі клопатамі: неўзабаве на сустрэчу да іх прыйдзе консул, каб патлумачыць закон аб дармаедстве.

Гэтую мапу радзімы Мацюшына сфатаграфавала ў Полацкім краязнаўчым музеі летась. “Мапа ўражвае”, - кажа яна

«Беларусы апынуліся ў самай складанай сытуацыі, — кажа Мацюшына. — Праз русіфікацыю, праз гісторыю мы не сталі носьбітамі беларускай культуры. Мы гэтую культуру і самі добра не ведаем. Не для ўсіх яна відавочная».
Каб даведацца больш пра родную культуру, падчас адпачынкаў, якія Мацюшына звычайна праводзіць у Беларусі, разам з сябрамі яна стараецца вандраваць па краіне. Полацк, Віцебск, Мінск, Прыпяць — Галіна адкрывае для сябе Беларусь толькі цяпер.
«Я нідзе не была, жыла ў сваім Салігорску і нічога, акрамя сваіх калійных шахтаў, не бачыла. Я разумею, што беларускасць трэба ствараць у самой сябе. Гэта толькі ад нас залежыць».
Доўгі час Мацюшына нідзе ў Беларусі не вандравала. Цяпер стараецца ў кожны адпачынак пабываць у новых месцах. Фота з леташняга падарожжа па Палессі
Але пры гэтым, як кажа Мацюшына, яна не стварыла для сябе рамантычнага вобразу сваёй Бацькаўшчыны. Бачачы прыгожыя гарады, яна не можа не звяртаць увагі на недахопы.
«Вось сістэма „Адно акно“ — выдатная ідэя! Не трэба нікуды хадзіць, усё аддаў і атрымаў у адным месцы. Але ж вось Салігорск — вялікі заможны горад, а там дагэтуль працуе адна старэнькая бальніца, якая ўсіх не змяшчае».
Але такія пытанні не ўздымаюцца ў дзяржаўных мас-медыях. Замест гэтага газеты пішуць пра дасягненні ў эканоміцы.
«Калі б я пару месяцаў паглядзела беларускае тэлебачанне, дык таксама, напэўна, пачала б верыць яму. Таксама стала б у чэргі па даляры і пры гэтым кляла Амерыку. Таму цяпер я так паважаю беларусаў, якія маюць сваё меркаванне».
У АГП Мацюшына была яшчэ да ад’езду. Але сур’ёзна палітыкай стала цікавіцца толькі за мяжой
Мацюшына — даўні сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна лічыць, што пры любым раскладзе варта ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Нават калі партыя сустрэнецца з некалькімі тысячаў выбаршчыкаў — гэта ўжо вынік.
«Падзеі апошніх гадоў сведчаць пра тое, што на палітычным полі можа здарыцца што заўгодна. Ніхто ўжо не бярэцца прадказваць палітычны расклад сілаў наперад».

Беларускія ўлады да мяне не звярталіся

Адно з грунтоўных адрозненняў Беларусі ад Бельгіі — у тым, што праблемы там не замоўчваюцца, а абмяркоўваюцца. Калі нешта здараецца, там не толькі шукаюць вінаватых, але найперш думаюць, як папярэдзіць гэта ў будучым. А абмеркаванне праходзіць публічна.

На свяце раёна Borgerhout разам з непальскай дыяспарай
«Так ва ўсім. Вось сёлета 3 % раённага бюджэту было вырашана патраціць на тое, што захочуць самі жыхары раёну. І вось яны абмяркоўваюць, як патраціць 20 тысяч еўра: паставіць новую тумбу з афішай, кветнік ці арганізаваць свята вуліцы з шашлыкамі. Жыхары гэта вырашаюць самі».
У такіх рэчах, упэўнена Мацюшына, і палягае дэмакратыя. Якую школу абраць, за які тэлеканал плаціць, якую газету чытаць, за якую партыю галасаваць — гэта чалавек сам абірае.
«Але ніхто пры гэтым не кажа, што Бельгія ідэальная. Тут хапае праблемаў. З тымі ж мігрантамі, якім цяжка знайсці працу. Але для таго існуюць палітыкі: каб вырашаць праблемы».
Пераняць бельгійскі досвед беларускім чыноўнікам, мяркуе Мацюшына, будзе складана. А вось развіваць валанцёрскі рух, за кошт якога вырашаецца шмат сацыяльных напружанасцяў, было б можна.
Беларускія ўлады пакуль не звярталіся да Мацюшынай. А вось мясцовыя грамадскія арганізацыі ўвесь час да яе звяртаюцца. На фота – у рускім доме з сацыёлагам Ірынай Троіцкай
«Я ўвогуле не бачу зацікаўленасці з боку беларускіх уладаў. Каб неяк скарыстацца маімі магчымасцямі, ніхто да мяне не звяртаўся».
Пасіўнасць і беларускіх палітыкаў, і беларускіх мігрантаў Мацюшына тлумачыць савецкім выхаваннем, калі асоба не магла раскрыцца напоўніцу.
«А чалавеку, каб ісці ў нагу з часам, нельга ні на секунду прыпыняцца. Ты загамаваў, потым упаў, цябе ўсе пераступяць і не дадуць рукі падняцца. Таму ты мусіш заўжды быць у руху. Мусіш ведаць законы, структуру. Мусіш заўжды пацвярджаць свой прафесіяналізм. Калі стаіш на месцы, вельмі хутка губляеш пазіцыі. І падняцца наноў — гэта будзе трэба ў дзесяць разоў больш высілкаў».